Чаму блакавалі, усё яшчэ невядома.
Дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі паведаміў 8 чэрвеня, што рахункі выдавецтва былі нарэшце разблакаваныя. З іх блакавання мінула 146 дзён. Толькі зараз супрацоўнікі «Кнігазбору» атрымаюць першы заробак у 2021 годзе.
Абноўлена. Выдавецтву «Янушкевіч» таксама сталі даступныя банкаўскія рахункі. Запрацавала аплата праз інтэрнэт, выдавецтва ўжо заплаціла друкарням і праваўладальнікам за ранейшую працу.
Супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў прыйшлі ў офіс «Кнігазбору» і дамоў да Вінярскага 13 студзеня. У выдавецтва забралі лічбавую тэхніку і паўтысячы асобнікаў раману Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». Рахунак выдавецтва заблакавалі. Вінярскага адпусцілі ў той жа дзень пад падпіску аб неразгалошванні. З таго часу «Кнігазбор» прадаваў толькі ранейшыя кнігі, быў на мяжы закрыцця.
Чаму ДФР прыходзіў, Вінярскі ня ведае: ён выказваў здагадкі, што маглі шукаць тых, хто дапамагае з аплатай палітычных штрафаў, або маглі шукаць вытворцаў бел-чырвона-белых налепак. Пры тым Вінярскі заўважаў, што «зачышчаецца менавіта беларускае асветніцкае поле»: праз два дні пасля візіту ў «Кнігазбор» ДФР прыходзіў таксама да выдаўца Андрэя Янушкевіча і распаўсюдніка кніг Алеся Яўдахі – іх адпусцілі ў дзень ператрусу пад падпіску аб неразгалошванні.
АА belsat.eu