Перапіска не складвалася: актор пісаў лісты, але мяркуе, што яны не даходзілі. Цяпер ён зрабіў ліст публічным.
Ліст актора Аляксандра Ждановіча да журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай апублікавала валанцёрская служба «Вясны». Ён расказвае, што пісаў ёй і раней, але мяркуе, што лісты не даходзілі. Ён пазнаёміўся з бабуляй зняволенай, адшукаў у сацсетках яе дзядулю, а таксама выпадкова даведаўся, што дыякан Свята-Елізавецінскага манастыра, з якім актор доўгі час звязаны, гэта дзядзька журналісткі.
Актор расказаў пра сваё звальненне з Рускага тэатру, але назваў гэта «новымі абставінамі і новымі творчымі мэтамі». Журналістцы ён пажадаў сілаў, цярпення і надзеі.
Ліст ён падпісаў так: Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). У вобразе Маляваныча ён з 1996 года па 2015-ы быў вядоўцам «Калыханкі» на дзяржаўнай тэлевізіі. Таксама ён заснаваў тэатр-студыю «Радасць» для дзяцей-інвалідаў пры Свята-Елізавецінскім манастыры. Восенню 2020 года ён адбыў 9 дзён арышту за ўдзел у пратэставым маршы – заступіўся за жанчыну, сам апынуўся ў аўтазаку.
Для аматараў «Калыханкі» ён цяпер разам з Фондам культурнай салідарнасці запісвае «Казкі з Маляванычам».
АА belsat.eu