Хакейную каманду «Юнацтва» з Менску выключылі з ліку ўдзельнікаў Лігі чэмпіёнаў сезону 2021/2022. Такое рашэнне рада турніру прыняла на пазачарговым сходзе.
Управа хакейнай Лігі чэмпіёнаў пастанавіла, што ўдзел Беларусі ў сезоне 2021/2022 звязаны з занадта вялікай колькасцю непрадказальных фактараў для ўсіх зацікаўленых бакоў.
«У сувязі з нядаўнімі інцыдэнтамі ў Беларусі і наступнымі рэакцыямі, што цягнуць за сабой непрадказальныя наступствы, паездкі ў Менск і з Менску сталі складанымі. Было абвешчана аб прыпыненні розных пералётаў, і гэтыя рашэнні ўжо набылі моц, некаторыя пералёты прыпыненыя прынамсі да канца кастрычніка, і немагчыма прадугледзець, што можа адбыцца ў далейшым», – гаворыцца ў заяве.
У кіраўніцтве Лігі адзначылі, што адна з абавязковых умоваў спаборніцтва – бяспечнае перамяшчэнне і перабыванне ў краінах камандаў, заўзятараў, афіцыйных асоб, спонсараў, партнёраў і пастаўляльлнікаў паслуг.
«На жаль, у гэтым момант такія ўмовы не гарантаваныя ў дачыненні паездак у Беларусь і з Беларусі», – адзначылі ва ўправе.
Кіраўніцтва турніру пакуль не вызначыла, хто заменіць менскае «Юнацтва» на турніры.
Раней Менск пазбавілі права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2021 года, чэмпіянату свету па пяціборстве і лазерным бегу ды каманднага чэмпіянату Еўропы па настольным тэнісе. У кастрычніку 2020 года ў Беларусі таксама забралі Сусветную шахматную алімпіяду.
16 траўня стала вядома, што ў Беларусі не будзе праводзіцца этапу Кубка свету Міжнароднага звязу біятланістаў. А 27 траўня перанеслі на нявызначаны час Матч футбольных зорак, які меўся прайсці ў Менску 5 чэрвеня. Таксама адменены чэмпіянат Еўропы па велатрэку – 2021, запланаваны ў Менску з 23 да 27 чэрвеня.
МГ belsat.eu