З часу ўвядзення ў красавіку 2022 года бязвізавага рэжыму ў Беларусі арыштавалі 18 грамадзянаў Латвіі, якіх беларускі рэжым абвінавачвае ў парушэнні розных законаў. Аб гэтым паведамляе партал «Delfi» са спасылкаю на МЗС Латвіі.
Латышскія грамадзяне могуць наведваць Беларусь без візы да канца 2023 года, аднак Міністэрства замежных справаў Латвіі заклікае гэтага не рабіць – ёсць рызыка правакацыяў супраць грамадзянаў Латвіі з боку ўладаў Беларусі.
«Пры ўездзе ў Беларусь можна зазнаць правакацыі з боку беларускіх спецслужбаў, быць хлусліва абвінавачанымі ў парушэнні беларускіх законаў і арыштаванымі», – паведамляе МЗС Латвіі.
У ведамстве таксама нагадваюць, што праз адсутнасць законнасці ў Беларусі магчымасці Латвіі для дапамогі латышскім грамадзянам вельмі абмежаваныя.
У канцы мінулага года беларускі бязвіз для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы падоўжылі да канца 2023 года. Яго ўвялі з 15 красавіка 2022 года, а для грамадзянаў Польшчы – з 1 ліпеня.
Улады Беларусі сцвярджаюць, што за гэты час краіну наведалі амаль 370 тысяч грамадзянаў ЕЗ, пераважна з Літвы.
Алена Рувіна belsat.eu