«Маці мая, Радзіма! Клянуся вызваляць і бараніць цябе там, дзе знаходжуся зараз і куды прывядзе мяне лёс твайго вызвалення».
Полк Каліноўскага, што ваюе ў складзе Збройных сілаў Украіны, апублікаваў відэазапіс, як навабранцы-добраахвотнікі даюць урачысты зарок захоўваць вернасць Беларусі. Тэкст навабранцам зачытаў камандзір палка Дзяніс Кіт.
«Гэта зарок усіх тых, хто не можа змірыцца са злом і несправядлівасцю, гатовы стаць на абарону сваіх каштоўнасцяў і ідэалаў, засланіць сабой сваіх родных, блізкіх і быць верным народу сваёй краіны», – піша полк.
У зароку згадваюцца бітвы ваяроў Вялікага Княства Літоўскага супраць маскоўцаў пад Воршаю, Смаленскам і Палонкаю, касінераў Касцюшкі і паўстанцаў Каліноўскага, жаўнераў Беларускай Народнай Рэспублікі і партызанаў антырасейскага супраціву. Клянуцца бараніць Радзіму, «пакуль будзе чутны тупат Пагоні ў сэрцы маім».
Колькі байцоў далучыліся да палка ў гэты дзень, не паведамляюць, але на відэа заўважныя больш за дзесяць чалавек. Агульная колькасць байцоў палка засакрэчаная, але лік ідзе на сотні.
Алесь Наваборскі belsat.eu