«Да мяжы на таксоўцы за 4000 грыўняў». Як уцекачы з Украіны дабіраюцца да польскага Кракава


Фатографка і мастачка Марыя Віслаўская-Грыбіна, якая жыве ў Кракаве і ў вольны час займаецца з дзеткамі ўцекачоў з Украіны, паразмаўляла з тымі, хто толькі прыехаў у горад і размясціўся ў часовым прыёмным пункце на цэнтральным вакзале.

Дыяна, 10 гадоў

Фота: Марыя Віслаўская-Грыбіна для Белсату

Распавядае Надзея, бабуля Дыяны.

«Сабраліся адразу. Паклалі дакументы і зменную вопратку, бо акрамя Дыяны са мной яшчэ ейны брат. Ад Трускаўца да мяжы ўсяго 150 км, аднак дабіраліся вельмі доўга. На мяжы была куламеса з людзей, мы тры разы думалі вяртацца – людзі спатыкаліся праз валізкі і торбы, гублялі рэчы, падалі… У туалет увогуле немагчыма адысці: можна лёгка згубіць адно аднаго. Тым, хто ўсё ж вырашыў з’ехаць, лепш не набіраць нічога: ніякіх рэчаў альбо валізак. Хапайце дакументы і ўцякайце, бо гэныя рэчы зусім не важныя».

Наталля і ейныя дочкі Ева (3 гады) і Соня (16 гадоў)

Фота: Марыя Віслаўская-Грыбіна для Белсату

Цэлай сям’ёй едуць у Аўстрыю, каб там жыць у сяброў, распавядае Наталля.

«Мой муж з Сірыі, а я родам з Луганску. Адтуль мы з’ехалі ў Дняпро яшчэ ў 2014 годзе. З Дняпра да Кракава дабіраліся содні. Спачатку цягніком да Львова, пасля да мяжы на таксоўцы, якая каштавала 4000 грыўняў [каля Br 413], а потым пешшу праз мяжу. Аб 11-й раніцы былі там, але толькі а 21-й увечары перайшлі яе. Да нас адразу падышоў паляк і прапанаваў начлег, раніцай адвёз на вакзал і пасадзіў у цягнік да Кракава. Мы едзем у Аўстрыю да сяброў».

Расціслаў, 8 гадоў

Фота: Марыя Віслаўская-Грыбіна для Белсату

Расказвае Юля, мама хлопчыка.

«Спачатку мы да бацькоў паехалі ў Вінніцкую вобласць. Я чамусьці думала, што ўсё гэта не зацягнецца, да канца не верылася. Калі прыехалі на мяжу, кінулі аўтобус і пайшлі пешшу далей – перад намі было каля 40 аўтобусаў.

Цяпер мы едзем у Чэхію, у нас там знаёмыя, якія нас прытуляць часова. У Кіеве застаўся тата Расціслава, мае бацькі, сястра-медык з сям’ёй. І каб не іхнае падтрыманне і сяброў, я б не адважылася ехаць. Кудысьці, не зразумела куды і не зразумела як, – гэта цяжка. Але раніцаю прачынацца ад выбухаў… Адразу думала, што завязу дзіця да бацькоў і вярнуся ў Кіеў. Мы нават шмат рэчаў не бралі, больш для Расціслава – рэчы, кніжкі, сшыткі, майго амаль не было. З гораду выехаць было складана: спачатку на метро, потым натоўпы людзей і ніводнай маршруткі, столькі людзей нават у гадзіну пік там не бачыла. Таму пайшлі пешшу, і дарогаю нас падабраў неабыякавы чалавек, дзякуй яму вялікі.

Толькі ў бацькоў зразумела, што пачалася вайна. На другі дзень, калі ноччу зноў бамбілі, ноч была вельмі цяжкая – у Гастомэлі аэрапорт разграмілі, пачалі бамбіць Сумы, Адэсу, Харкаў, Кіеў…

Я вельмі хвалявалася, што мы будзем сядзець галодныя і мерзнуць. Таму вялікі дзякуй за клопат!»

Ірэна і яе дачкі Саламія (6 месяцаў), Вікторыя (7 гадоў) і Кацярына (12 гадоў)

Фота: Марыя Віслаўская-Грыбіна для Белсату

З імі таксама прыехаў пляменнік Юрый (13 гадоў), сын Ірэнінага брата. Сам брат і старэйшы сын Ірэны, якому 21 год, засталіся змагацца за радзіму.

«Мы ў суботу выехалі, а да Кракаву дабраліся толькі ў панядзелак. Мой сын, і муж, і брат старэйшы засталіся ваяваць… Брат мне Юру аддае і кажа: вязі. Едзем у Прагу, да знаёмых. Не ведаю, што далей будзе».

Сабака Эна і ейная гаспадыня Ірына

Фота: Марыя Віслаўская-Грыбіна для Белсату

«У дарозе мы былі тры дні. Спачатку з Кіева да Львова, пасля на гуманітарным цягніку са Львова ехалі невядома куды – на цягніку не было ніякай шыльды. Шаснаццаць гадзінаў то едзем, то стаім. Пасля ўжо ад мяжы аўтобус да Кракава. Мы ўсе вельмі ўдзячныя, тут нас кормяць і дапамагаюць, нават «хуткія» дзяжураць. Я збіраюся ў Прагу да знаёмых ехаць. Вядома, што не хочацца там заставацца, хочацца вярнуцца дадому, там любімая праца – я метадыстка ў навучальнай установе. Хачу вярнуцца хутчэй. Ну як гэта так… Такая Украіна – вялікая, любімая, шыкоўная! Не павінна нічога дрэннага здарыцца… Мы спадзяемся. Першыя дзве ночы я ў бамбасховішчы правяла, потым перасталі банкаматы працаваць, аптэкі закрыліся. Прыйшлося з’язджаць».

Расказвае Надзея, мама дзяўчынкі

Фота: Марыя Віслаўская-Грыбіна для Белсату

«Спачатку паехалі да свёкра ў Хмяльніцкі, гэта было 22 лютага. Я хацела назад у Кіеў вярнуцца 26-га. Калі ўсё пачалося, мне стала страшна, і нешта спрацавала ўнутры: вырашыла, што трэба дзіця вывозіць з краіны. Мы едзем да папы Амаліі, ён у Францыі жыве. Купілі білет на аўтобус увечары, выехаць павінны былі а 13:40, але адправіліся толькі ў 17:30. Некалькі гадзінаў чакалі на вуліцы. Ехалі вельмі павольна, каля 12 гадзінаў, а пасля тры содні стаялі на мяжы. Хтосьці кідаў аўтобус і ішоў пешшу. Праз вакно я бачыла, як людзі грэюцца ля вогнішчаў, вельмі холадна, а дзеці літаральна на зямлі сядзяць! Добра, што ўвесь час нам дапамагалі і палякі, і ўкраінцы – прывозілі ежу, суп гарачы. Не ведаю, але палякі неяк гэта ўсё перадавалі праз мяжу. А людзі пасля хадзілі па аўтобусах і пыталіся, ці ёсць хто галодны. Амалія больш-менш нармальна перанесла дарогу, але ў цэлым цяжка – туалет на вуліцы, чэргі велізарныя. Аднак кожны метр, які набліжаў нас да мяжы, рабіў нас спакайнейшымі. Кіроўцы аўтобусаў кажуць, што будуць ездзіць, пакуль не вывезуць усіх ахвочых.

Цяжка патлумачыць, наколькі мы ўдзячныя, што нас тут прынялі. У нас там засталіся сваякі, сябры. Усе вельмі баяцца, сядзяць у падвалах. Мая сяброўка не можа з’ехаць – у яе маці не ходзіць, а яна сама – з панічнымі атакамі! А калі ў іх не будзе ежы, вады… Не ведаю, ці застанецца наш дом, куды можна вяртацца…

Ведаеце, я расейскамоўная. І мяне ніхто і ніколі за гэта не пераследаваў. Расейская мова не перашкаджае мне быць патрыёткай: я вярнулася дадому з Партугаліі, дзе пражыла тры гады, бо не магла жыць без маёй каханай краіны. А цяпер мы з дачкой вымушаныя адтуль бегчы».

Фотарэпартаж
«Сабрала ўсё, што змагла». Мастачка з Расеі дапамагае ўцекачам з Украіны
2022.03.02 10:49

Украінцы з 24 лютага адбіваюць атаку Расеі. Расейскія войскі абстрэльваюць вайсковую інфраструктуру, а таксама жылыя часткі гарадоў, гінуць мірныя грамадзяне. Захад увёў беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць Масквы. Перамовы пра спыненне агню пакуль не прыносяць плёну.

Глядзіце таксама:

«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне

Прапускаюць па 30 чалавек за гадзіну. Што адбываецца з украінскага боку мяжы

«Сабрала ўсё, што змагла». Мастачка з Расеі дапамагае ўцекачам з Украіны

Шосты дзень вайны. Здымкі зробленыя ў розных гарадах Украіны

«Тэрор супраць гораду, тэрор супраць Украіны». Як Харкаў перажыў атаку крылатымі ракетамі

Замест мядовага месяца – барацьба за Кіеў. Хто ідзе ў войска тэрытарыяльнай абароны

Без хлеба і каўбасы. Як выглядаюць кіеўскія крамы

На патрэбы ўкраінскай арміі. Як у Львове збіраюць дапамогу

Маршы супраць вайны ў Маскве

Марыя Віслаўская-Грыбіна, Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў