Пад Ніжнім Ноўгарадам узарваўся аўтамабіль Audi Q7, у якім ехаў пісьменнік і адзін з кіраўнікоў партыі «Справядлівая Расея» Захар Прылепін, перадаюць расейскія СМІ. Паведамляецца, што сам Прылепін цяжка пацярпеў.
Крыніца «РИА Новости» ў сілавых структурах распавядае, што Захар Прылепін у выніку выбуху атрымаў пераломы і страсенне мозгу. Таксама паведамляецца, што яго даставяць на верталёце ў Маскву.
Выданне «РБК» са спасылкай на крыніцу, блізкую да МУС, раней распавядала, што Прылепін цяжка пацярпеў, у яго раненні ног. Пісьменнік пасля выбуху знаходзіўся ў прытомнасці, яго шпіталізавалі ў найбліжэйшую больніцу. Верагодна, выбуховае прыстасаванне маглі прымацаваць пад капот аўтамабіля, пакуль пісьменнік знаходзіўся ў кафэ. На месцы выбуху ўтварылася варонка.
Блогер Анатоль Шарый паведамляе, што ў Прылепіна, папярэдне, траўматычная ампутацыя, ідзе барацьба за жыццё пісьменніка. Ён таксама паведамляе, што кіроўца Прылепіна – грамадзянін Украіны, ён загінуў.
СК Расеі ўзбудзіў крымінальную справу па факце выбуху аўтамабіля Захара Прылепіна. Артыкул, па якім узбуджана справа, не ўдакладняецца.
Адказнасць за падрыў аўтамабіля ўзялі на сябе сябры руху «Атэш». Яшчэ ў студзені яны паведамлялі аб намерах «ліквідаваць Прылепіна». Сябе «Атэш» называе як «ваенны рух украінцаў і крымскіх татараў». Пацвярджэння датычнасці руху да выбуху аўтамабіля з Прылепіным ад расейскіх сілавых ведамстваў не было.
Былы дэпутат Дзярждумы РФ Ілля Панамароў заявіў тэлеграм-каналу Sota, што выбух здзейсніла «Нацыянальнае рэспубліканскае войска». Раней гэтая арганізацыя брала на сябе адказнасць за тэракты, у выніку якіх загінулі прапагандыст Уладлен Татарскі і Дарʼя Дугіна, дачка філосафа Аляксандра Дугіна.
Па дадзеных тэлеграм-каналу «Baza», разам з Прылепеным знаходзілася яго дачка, але яна выйшла з машыны за некалькі хвілін да выбуху.
Крыніца «РБК» распавяла, што незадоўга да прыбыцця ў Ніжагародскую вобласць Прылепін быў на Данбасе, затым ён тыдзень пражываў у Ніжнім Ноўгарадзе, а цяпер вяртаўся ў Маскву.
Пасля выбуху ў Ніжагародскай вобласці ўведзены план «Перахоп». Да супрацоўнікаў паліцыі даведзена заданне спыняць «усе падазроныя аўтамабілі», але канкрэтных падазраваных пакуль няма.
Прылепін публічна падтрымліваў вайну Расеі супраць Украіны з 2014 года. Сёлета ў студзені яго прэс-служба паведаміла, што ён падпісаў кантракт з Расгвардыяй і зʼехаў ваяваць ва Украіну. Раней, у лютым 2017 года Прылепін быў намеснікам камандзіра батальёна ў «ДНР». Таксама быў дарадцам кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі, які памёр ад узрыву ў 2018 годзе.
Алена Рувіна belsat.eu