«Яны дапамогуць нам вярнуць Беларусь». Як працуе каардынацыйны цэнтр для добраахвотнікаў, гатовых ваяваць за Украіну


Беларусы, выгнаныя з краіны рэпрэсіўным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, менш чым праз тыдзень пасля пачатку вайны стварылі цэнтр набору беларускіх добраахвотнікаў, гатовых змагацца за незалежнасць Украіны. Журналіст «Белсату» наведаў Беларускі дом у Варшаве, каб паглядзець, як працуе рэкрутацыйны цэнтр, і пачуць з першых вуснаў гісторыі людзей, якія вырашылі змагацца з Крамлём у чужой, але не абыякавай ім вайне.

10 сакавіка беларусы, якія ваююць на баку Украіны, абвяесцілі аб стварэнні батальёну імя Кастуся Каліноўскага, беларускага нацыянальнага героя, які ачоліў паўстанне 1863 года. Сам батальён ваюе ў Кіеве, а вось прызыўны пункт дзее ў Варшаве пры Беларускім доме. 25 сакавіка камандзіры гэтага фармавання паведамілі, што батальён увайшоў у склад Збройных сілаў Украіны.

Беларускі рэжым ужо распачаў крымінальныя справы супраць сваіх грамадзянаў, якія ваююць на ўкраінскім баку. Самі добраахвотнікі, аднак, сцвярджаюць, што вернуцца ў Беларусь, каб зрабіць яе вольнай.

Рэкрутацыйны цэнтр беларускіх дабравольцаў у Варшаве. 5 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

У Беларускім доме ў Варшаве я сустракаю Паўла, хлопца гадоў дваццаці, каардынатара руху беларускіх добраахвотнікаў, якія жадаюць ваяваць на баку Украіны. Літаральна некалькі дзён таму іхная група (больш за дзясятак чалавек) выехала ў Кіеў. Нягледзячы на тое, што экіпіроўка дастаўляецца ва Украіну амаль штодня, памяшканне, якое беларускія актывісты бясплатна перадалі каардынацыйнаму штабу, запоўненае рознай тэхнікай, медыкаментамі, камізэлькамі і спальнікамі.

Гэта не першы раз, калі Павел супрацьдзейнічае расейскай агрэсіі. Два гады ён правёў на перадавой падчас ваенных дзеянняў на Данбасе, калі Расея акупавала частку Луганскай і Данецкай вобласцяў Украіны, стварыўшы там квазірэспублікі. На момант, калі пачаўся поўнамаштабны канфлікт, ён быў у Варшаве.

Павел кажа, што яны атрымліваюць велізарную колькасць экіпіроўкі. Калі ініцыятыва пачала працу ў першыя дні вайны, валанцёры адразу зразумелі, што ім патрэбнае большае памяшканне, у якім можна захоўваць сабраныя рэчы і куды можна накіроўваць ахвярадаўцаў.

– Мы звязаліся з кіраўніцтвам Беларускага дому, якое бясплатна прадаставіла нам адно з памяшканняў, за што я вельмі ўдзячны, – тлумачыць ён.

Фота
Роды ў бамбасховішчы. Як украінкі нараджаюць сваіх дзяцей у падвалах
2022.03.30 18:46

Дзякуючы ваеннаму досведу, Павел добра арыентуецца ў патрэбах арміі. Ён ведае, чаго можа не хапаць беларускім добраахвотнікам на фронце. Аднак пры такой мабілізацыі грамадства закуп экіпіроўкі на польскім і еўрапейскім рынку значна складанейшы, чым быў у 2014 годзе.

– Я выдатна ведаю гэтых людзей, яны мае добрыя сябры, мае браты. Размаўляю з імі кожны дзень, і яны мне кажуць, што цяпер трэба, а што не. Вось так складаецца спіс. Не хапае шлемаў, камізэлек і бронепласцінаў, а таксама тактычных медычных сродкаў – ізраільскіх бінтоў, кроваспыняльных павязак. Купіць што-небудзь цяпер практычна немагчыма. Раніцай патэлефанавалі і сказалі, што маюць 1500 кроваспыняльных павязак, а праз некалькі гадзінаў – што нічога не засталося. Усё гэта адбываецца цягам некалькіх гадзін, а нават хвілінаў. Здаецца, у Францыі можна купіць кеўларавы шлем за 450 еўраў. Аднак набыць іх оптам немагчыма, – кажа Павел.

Фота: Белсат

Дзейнасць каардынацыйнага штабу не абмяжоўваецца зборам экіпіроўкі і адпраўкай яе ва Украіну. Асноўная задача пункту – рэкрутацыя беларусаў, якія пакінулі Беларусь, апынуўшыся ў Польшчы з-за палітычных рэпрэсіяў. Тут яны праходзяць курс практычнай падрыхтоўкі: асвойваюць баявую тактыку, атрымліваюць веды ў галіне тактычнай медыцыны і навучаюцца стральбе, каб удасканаліць навыкі валодання зброяй. Пасля некалькіх тыдняў трэніровак яны гатовыя адправіцца ў Кіеў, дзе месціцца батальён імя Каліноўскага.

Фотарэпартаж
Дом міру. Як уцекачы з Беларусі і Украіны жывуць разам у Польшчы
2022.03.10 18:41

З меркаванняў бяспекі Павел не хоча раскрываць канкрэтнай колькасці людзей, якія прайшлі праз варшаўскі каардынацыйны цэнтр. Аднак ён тлумачыць, якім чынам адбываецца адбор прэтэндэнтаў.

– Людзей шмат. Да сярэдзіны сакавіка мы ўжо адправілі шмат групаў ва Украіну, усе яны прыбылі ў Кіеў, да месца прызначэння. У батальёну імя Каліноўскага ёсць свой прэс-цэнтр, там ахвотныя атрымліваюць кантакты каардынацыйнага пункту ў Варшаве, – кажа Павел. – Яны звяртаюцца да нас, а потым праходзяць наступныя этапы праверкі. Верыфікацыя адбываецца з некалькіх бакоў – з нашага, з украінскага, а часам і з польскага, калі неабходна. Мы, вядома, не бяром дзяўчат і непадрыхтаваных. Мы задаём ім адно і тое ж пытанне сотні разоў. Асабіста я назаляю кожнаму добраахвотніку, шмат разоў пытаюся: «Ты ўпэўнены, што гатовы, ты сапраўды разумееш, ты ўлічваеш рызыкі?» – дадае ён.

Рэкрутацыйны цэнтр беларускіх дабравольцаў у Варшаве, Польшча. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Аднак не кожны можа стаць жаўнерам. Як дасведчаны вайсковец, Павел ведае, што трэба зрабіць, каб праверыць, ці прыдатны кандыдат да бою.

– Я вельмі паважаю людзей, якія разумеюць свае магчымасці. Напрыклад, калі адна з групаў выпраўлялася ў Кіеў, адзін хлопец падышоў да нас і сказаў: «Павел, я з табой паразмаўляў і зразумеў, што не гатовы». Я адказаў: «Ты вельмі смелы чалавек і заслугоўваеш павагі. Не трэба сябе вінаваціць, ты ўсё зрабіў правільна, добра, што ты ўсё ўсведамляеш». Добра, калі людзі разумеюць, куды яны едуць, і калі гэта не паспешлівае рашэнне, пра якое можна пашкадаваць, прыехаўшы ва Украіну, – кажа ён.

24 лютага Беларусь стала дэ-факта дзяржавай-агрэсарам, а Украіна закрыла з ёй мяжу, забараніўшы беларусам уезд на сваю тэрыторыю, таксама з Еўразвяуу. Дык як будучыя салдаты трапляюць ва Украіну?

– З гэтым было шмат праблемаў, бо беларусы не маглі проста прыехаць на мяжу і ўступіць у Міжнародны легіён, які быў створаны паводле ўказу Уладзіміра Зяленскага. Здаралася, што яны ехалі, а іх проста вярталі. Таму ў нас ёсць дамоўленасць з украінскімі амбасадамі: калі беларус хоча ўступіць у Легіён, яны скіроўваюць гэтага чалавека да нас, мы правяраем ягоную кандыдатуру і адпраўляем на ўкраінскі бок, – тлумачыць Павел.

Рэкрутацыйны цэнтр беларускіх дабравольцаў у Варшаве. 5 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

Беларусы актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці Украіны: бралі дзейны ўдзел у Рэвалюцыі годнасці ў 2014 годзе, а таксама на працягу васьмі гадоў адстойвалі незалежнасць Украіны на Данбасе. Аднак да поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Украіне не існавала рэгулярных беларускіх вайсковых адзінак, якія былі б неад’емнай часткай украінскага войска. Павел сцвярджае, што гэта звязана з тым, што на ўкраінскім баку раней ваявала невялікая колькасць беларусаў. Усё змянілася 24 лютага.

– Большасць беларусаў, якія ваявалі на ўсходзе Украіны, цяпер фармуюць камандаванне батальёну. Чаму ён сфармаваны цяпер? Таму што вельмі шмат людзей хоча ісці на вайну. Батальён быў створаны, каб людзі ведалі, куды едуць, каб не было пытанняў, як дабрацца, што рабіць далей. Каб беларусы ехалі да беларусаў, стварылі адну баявую адзінку – і так было б лягчэй усім бакам, і Украіне, і нам, – кажа Павел. – Не для таго, каб адсочваць, хто дзе. Мы ведаем, што Беларусь/Расея, Лукашэнка/Пуцін падкідваюць сваіх агентаў, таму мы іх правяраем. На адным з этапаў праверкі, калі ёсць пытанні да чалавека, мы яму тут нічога не кажам. Калі ён на гэта наважыцца, то паедзе ва Украіну, і там з ім паразмаўляюць згодна з законамі вайны, – тлумачыць ён.

Батальён імя Каліноўскага – не адзінае ўзброенае фармаванне беларусаў ва Украіне. Розныя беларускія арганізацыі, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі і збольшана дзеюць з эміграцыі, таксама заангажаваліся ў аказанне ваеннай дапамогі Украіне. Але адкуль у гэтых людзей матывацыя бараніць чужую краіну са зброяй у руках? Павел сцвярджае, што пасля таго, як Лукашэнка паступіў адносна Украіны, кожны беларус адчуў унутраную патрэбу паказаць, што рэжым і беларускі народ – гэта не адно і тое ж.

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

На наступны дзень былы жаўнер аднаго з польскіх спецпадраздзяленняў праводзіць навучанне тактычнай медыцыне ў Беларускім доме. Такія сустрэчы адбываюцца кожныя некалькі дзён, бо колькасць ахвотных паехаць ва Украіну штодня расце. У сустрэчы ўдзельнічаюць 10 чалавек, палова з якіх неўзабаве выедзе ва Украіну.

Інструктар паказвае будучым салдатам, як правільна аказваць дапамогу параненым. Дэманструе ўвесь спектр сучасных перавязачных матэрыялаў і вучыць курсантаў абыходзіцца з агнястрэльным раненнем. Самае відовішчнае практыкаванне – пасадзіць добраахвотніка на падлогу і паддушыць поліэтыленавым пакетам. За гэты час ён павінен накласці жгут на «параненую» нагу і не задыхнуцца. Паводле інструктара, гэта адзін з найлепшых спосабаў мадэлявання самай крызіснай сітуацыі ў жыцці – вайны.

Рэкрутацыйны цэнтр беларускіх дабравольцаў у Варшаве. 5 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

Пасля заканчэння трэнінгу я пытаюся ў аднаго з добраахвотнікаў пра ягоную асабістую гісторыю і матывацыю. Я хачу ведаць, ці ўсведамляе ён, наколькі рызыкоўна ехаць ва Украіну, і што ўлады Беларусі будуць яго пераследаваць, што дарога дадому, імаверна, будзе яму закрытая ў бліжэйшы час. Андрэй адказвае, што дома яго чакае толькі палітызаваны суд, таму ілюзіяў наконт вяртання не мае. Ён дадае, што ўцёк з Беларусі ў 2021 годзе і транзітам праз Украіну ў снежні таго ж года дабраўся да Польшчы.

– Мае сваякі ва Украіне прынялі мяне ў цяжкі час, таму я адчуваю перад імі пэўны маральны абавязак дапамагчы ім у барацьбе з агульным ворагам. Я лічу, што калі мы цяпер дапаможам украінцам у барацьбе з расейскімі ўладамі, мы наблізім нашую перамогу – перамогу Беларусі, бо ўсё паміж сабой звязана. Усе гэтыя падзеі ў Беларусі, Расеі і Украіне паказваюць: у нас агульныя праблемы. Калі мы вырашым праблему з маскалямі, усім будзе лепш, – кажа Андрэй.

Рэкрутацыйны цэнтр беларускіх дабравольцаў у Варшаве. 5 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

Ён сцвярджае, што псіхічна гатовы да вайны. Баявога досведу ён не мае, але падчас трэніровак сустрэў шмат людзей, якія цяпер ужо ва Украіне. Кажа, што пастаянна кантактуе з імі, тыя інфармуюць яго пра рэаліі на фронце.

Іншы добраахвотнік, Міхась, з якім я размаўляю за некалькі дзён да ягонай тыднёвай паездкі на тактычную трэніроўку са зброяй, кажа, што ў Беларусі на яго заведзеныя тры крымінальныя справы – за хуліганства, апаганьванне будынкаў і абразу ўладаў. Такія абвінавачанні звычайна носяць палітычны характар. У залежнасці ад рашэння суда ён можа атрымаць да 7 гадоў пазбаўлення волі. Дзякуючы шчасліваму збегу абставінаў яму ўдалося ўцячы з Беларусі, таксама праз Украіну. Да прыезду ў Польшчу ён быў у Харкаве, дзе жывуць ягоныя сваякі. Ён кажа мне, што ў яго дзве галоўныя мэты.

– Праз Украіну можна трапіць у Беларусь. Мы ёй дапаможам, а яны дапамогуць нам вярнуць Беларусь. Да таго ж у мяне сваякі ў Харкаве – некаторыя з іх ужо зʼехалі, а горад разбамбілі. Хацелася б ім неяк дапамагчы, – кажа ён. – Муж адной з маіх сясцёр ваяваў супраць Расеі на Данбасе ў 2014 годзе і ваюе да гэтага часу. Я яму сказаў: я цябе падтрымаю.

Леон Піньчак belsat.eu

Стужка навінаў