Беларускія падаткавікі назвалі памер падатку для Дзядоў Марозаў, фатографаў і не толькі


Фатографы, музыкі, акторы, Дзяды Марозы са Снягуркамі і іншыя персанажы: снежань – месяц падвышанай актыўнасці ў людзей, для якіх святы – гэта заробак. У падатковай інспекцыі загадзя нагадалі аб тым, хто і якія падаткі павінен заплаціць.

Беларуская сталіца рыхтуецца сустрэць Раство і Новы год. Менск, Беларусь. 20 снежня 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

Інспекцыя МПЗ па Віцебскай вобласці ўдакладніла, што фізічныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны выплачваць адзіны падатак, калі іх дзейнасць звязана з:

  • навагоднімі і каляднымі віншаваннямі незалежна ад лакацыі, на якой яны праводзяцца;
  • музычна-забаўляльным абслугоўваннем урачыстых мерапрыемстваў;
  • паслугамі ў якасці тамады, якія могуць аказваць акторы, танцоры, музыканты, выканаўцы гутарковага жанру, якія выступаюць індывідуальна.

Каб віншаваць з Новым годам за грошы, трэба заплаціць адзіны падатак 518 рублёў у Менску і 478 рублёў у абласных цэнтрах і Менскім раёне. У буйных гарадах (гэта Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск) стаўка – 404 рублі, у невялікіх населеных пунктах – 294 рублі.

Гэтыя ж стаўкі дзейнічаюць для актораў, танцораў, музыкаў, якія выступаюць самі, і тых, хто будзе займацца «музычна-забаўляльным абслугоўваннем» карпаратываў і навагодніх вечарынак.

У фатографаў і тых, хто займаецца здымкай відэа, ёсць выбар – выплачваць адзіны падатак або прымяняць падатак на прафесійны даход (10 або 20 працэнтаў атрыманага даходу).

«Фізасобу, якая абрала ўжыванне падатку на прафесійны прыбытак, варта ўсталяваць на смартфон або камп’ютар мабільнае прыкладанне «Падатак на прафесійны прыбытак», якое распрацавана Міністэрствам па падатках і зборах, а затым праз гэтую мабільную платформу апавясціць падатковую аб старце працы з ужываннем падатку на прафдаход, – паведаміў партал Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. – Пры гэтым фізічная асоба, якая выплачвае НПД, абавязана падаваць у падатковую дадзеныя аб сумах разлікаў з кліентамі, а таксама своечасова паведаміць аб спыненні прымянення НПД у мабільным дадатку».

Hавiны
З беларусаў запланавалі ўзяць падатак на звышдаходы
2023.11.12 16:04

Адзіны падатак для фатографаў у Менску складае 490 рублёў, у абласных цэнтрах і Менскім раёне – 452 рублі, у буйных гарадах – 368 рублёў, у іншых населеных пунктах – 294 рублі.

Для тых, хто займаецца здымкай відэа, стаўкі адзінага падатку зараз такія: 526 рублёў – у Менску, 486 рублёў – у абласных цэнтрах і Менскім раёне, 426 рублёў – у буйных гарадах і 316 рублёў – у іншых населеных пунктах.

Дарэчы, пералік відаў дзейнасці, які вызначае, хто з самазанятых грамадзян можа стаць плацельшчыкам падатку на прафесійны даход, зацверджаны пастановай урада нумар 851 ад 8 снежня 2022 года, які пазней дапоўнілі фрылансам. А плацельшчыкаў НПД з нядаўніх часоў у нашай краіне да дармаедаў не адносяць.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў