Трэба зладзіць выбары, для гэтага трэба дапамога іншых краінаў. Як ладзіць выбары, пакуль не вырашылі.
Форум дэмакратычных сілаў Беларусі 4 жніўня пастанавіў стварыць Нацыянальны Савет аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі – для пачатку зрабіць рабочую групу ў фармаванні Савету, а пасля зладзіць выбары.
Таксама Форум пастанавіў звярнуцца да краінаў-чальцоў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, Арганізацыі бяспекі і і супрацы ў Еўропе, Рады Еўропы і Еўрапарламенту з просьбай аказаць вычарпальную дапамогу ў арганізацыі выбараў і накіраваць на гэтыя выбары назіральнікаў.
У якім складзе прынятае такое рашэнне, у дакуменце не пазначана. Папярэдняе рашэнне Форуму прымалі галасаваннем удзельнікаў рабочых групаў, было 27 галасоў (імёны не раскрывалі), гэта больш за 51 %. Тое рашэнне было вотумам недаверу ўдзельніку Форуму, былому сілавіку Ігару Макару. За «сістэматычнае парушэнне кодэксу этыкі» яму забаранілі ўдзельнічаць у праектах, звязаных з Форумам.
Найчасцей у сувязі з Форумам згадваюць кіраўніцу цэнтру «Наш дом» Вольгу Карач і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналогіяў Валерыя Цапкалу, якога ў 2020 годзе ўлады не дапусцілі да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.
Рэзалюцыю другога Форуму дэмакратычных сілаў 12 ліпеня разам з імі падпісалі яшчэ 15 чалавек, у ліку якіх не аказалася Вадзіма Пракоп’ева, які на тым Форуме прапаноўваў будаваць кааліцыі і зрабіць са Святланы Ціханоўскай сімвалічную фігуру накшталт брытанскай каралевы.
У Форуме не ўдзельнічаюць ні штаб Святланы Ціханоўскай, ні Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі, ні чальцы штабу Віктара Бабарыкі.
11 жніўня Форум абяцае прэзентаваць «Стратэгію выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі», трансляцыю будуць весці на Youtube.
Форум таксама прыняў 1 жніўня патрабаванне даць Вераніцы Цапкала (жонцы Валерыя Цапкалы і лідарцы ягонага перадвыбарчага штабу) пляцоўку «на роўных умовах» на будучым форуме «Новая Беларусь», які ладзіць штаб Ціханоўскай.
Адзначаецца, што яе туды запрасілі толькі на панельную дыскусію, дзе дадуць 5 хвілін на прамову і час на пытанні з залы разам з іншымі ўдзельнікамі дыскусіі. На іншых умовах на форуме выступае толькі Ціханоўская: ёй даюць уступнае слова і фінальнае слова ў кожны з двух дзён канферэнцыі.
Алесь Наваборскі belsat.eu