У Польшчы будуць судзіць беларуса і расейца, якіх абвінавачваюць у шпіянажы


Польская пракуратура перадала ў суд у Беластоку справу супраць грамадзянаў Беларусі і РФ, якіх вінавацяць у шпіянажы на карысць расейскай вайсковай выведкі. Пра гэта паведамляе агенцтва PAP.

Пракуратура выставіла беларусу і расейцу абвінавачанне ў шпіянажы на карысць РФ у перыяд з 2017-га да красавіка 2022 года.

Следства лічыць, што яны бралі ўдзел у дзейнасці расейскай вайсковай выведкі і збіралі інфармацыю аб вайсковых абʼектах, якія маюць вызначальнае значэнне для абароны Польшчы. Актыўней за ўсё шпіёны дзейнічалі на паўночным усходзе Польшчы.

Абодва жылі ў краіне легальна. Грамадзянін Беларусі спачатку вучыўся ў адной з ВНУ Беластоку, а пасля ўладкаваўся на працу ў школу парашутнай падрыхтоўкі. Там ён займеў кантакты, якія выкарыстоўваў у шпіёнскіх мэтах. Грамадзянін РФ ажыццяўляў шпіянаж пад выглядам культурніцкай і турыстычнай дзейнасці, мяркуюць у пракуратуры.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў