Працягваем распавядаць, як выглядае жыццё ў пенітэнцыярных установах Беларусі. Былы палітвязень, бабруец Яўген Васьковіч правёў у зняволенні 4,5 года, з іх 3 – у «крытай» Магілёўскай турме № 4, пра асаблівасці побыту ў якой ён і распавёў «Белсату».
Яўгена разам з двума сябрамі затрымалі 17 студзеня 2011 года, праз тры месяцы пасля таго, як хлопцы кінулі ў будынак КДБ у Бабруйску бутэльку з запальнай сумессю. Яўгену тады было 19 гадоў, ён быў на сесіі ў Магілёве, дзе завочна вучыўся на факультэце журналістыкі.
Спачатку бабруйца завезлі ў мясцовы ІЧУ, дзе на той момант былі неблагія ўмовы ў параўнанні з бабруйскім, прыгадвае Яўген: свежы рамонт, гарачая вада.
Праз 8 дзён хлопца перавялі ў СІЗА № 4 у Магілёве.
– Камера на 6 чалавек, толькі халодная вада, – распавядае Яўген. – Там я прабыў недзе да сярэдзіны лютага, пасля чаго мяне этапавалі ў СІЗА ў Бабруйск. Там умовы былі ўвогуле жудаснымі на той момант. Вельмі вільготна, камеры вялікія, нават на 18 чалавек, трох’ярусныя ложкі, душ быў у скляпенні.
На вокнах, акрамя кратаў, былі адмысловыя пласціны з круглымі дзірачкамі, праз якія праходзіла святло, прыгадвае Яўген. Іх ставілі дзеля барацьбы з міжкамернай сувяззю і камунікацыяй «з воляй».
Суд прызнаў Яўгена Васьковіча вінаватым у злосным хуліганстве і пашкоджанні маёмасці і прысудзіў яму 7 гадоў пазбаўлення волі. У калонію нашага суразмоўцу перавялі яшчэ да ўступлення прысуду ў сілу – ён сам на гэта пагадзіўся і падпісаў адпаведную паперу.
– Я ведаў, які будзе вынік апеляцыі, што ўсё гэта не мае сэнсу, таму хацеў хутчэй «на зону» – як-ніяк, там больш прасторы, свежае паветра, – кажа Яўген. – Так і атрымалася – апеляцыйны суд пакінуў прысуд у сіле.
Васьковіча этапавалі ў папраўчую калонію № 15 у Магілёве – ён прыехаў туды 29 траўня 2011 года. Яшчэ ў «каранціне» Яўген трапіў у ШІЗА, куды потым яго адпраўлялі рэгулярна за невыкананне рэжыму – хлопец адмаўляўся ад працы. За сістэматычнае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ў кастрычніку 2011 года Яўгена асудзілі на 3 гады ў «крытай» турме са строгім рэжымам утрымання – дазвалялася толькі адна бандэроль і адно кароткатэрміновае спатканне на 2 гадзіны цягам года. 12 кастрычніка хлопца этапавалі ў Магілёўскую турму № 4.
– Будынак турмы і СІЗА № 4 складаюць адзін комплекс, аднак турма стаіць асобна ад корпусу СІЗА, яна меншая памерам. Там звычайна чалавек 200 утрымліваецца, – кажа Яўген. – Спачатку, памятаю, мяне завялі да начальніка, той запытаўся, чаму мяне перавялі сюды. Я паўтарыў тое самае, што ў калоніі, што не збіраюся працаваць на рэжым, таму адмаўляўся ад працы. Начальнік тады вельмі раззлаваўся, адразу – 10 содняў. Усе здзівіліся, маўляў, ніхто яшчэ так не заязджаў адразу са старту на «кічу».
«Кіча», ці ШІЗА, у турме № 4 месціцца ў скляпенні, распавядае Яўген.
– Гэта камера 4,5 на 1,7 метраў. Адно невялічкае акенца за кратамі, што складаецца з трох кубікаў тоўстага армаванага шкла і доўгай трубы для паветра, – прыгадвае хлопец. – Уздоўж падлогі ішла батарэя. Сцены адштукаваныя «шубай», зусім няроўныя. Пад столлю, у сцяне над дзвярыма, вісела звычайная жоўтая лямпачка. Што было добрым – падлога была пакрытая дошкамі.
Адразу «са старту» Яўген правёў у ШІЗА 30 содняў. Праз 18 дзён хлопца зноў пасадзілі туды яшчэ на 20 содняў.
Былы палітвязень кажа, што ў ШІЗА ён «ездзіў» рэгулярна, за любую дробязь – напрыклад, за завешванне спальнага месца ў камеры. У ШІЗА Яўген сустрэў свой першы турэмны Новы год і дзень народзінаў. Са жніўня 2012 года яго сталі кідаць у штрафны ізалятар штомесяц – такі быў загад зверху. Яўген зазначае, што на той момант прасядзеў у ШІЗА больш, чым хто з «братвы» – агулам 360 дзён за час у турме і калоніі. Хлопец таксама заўважае, што ўспрымаў побыт у ШІЗА як магчымасць адпачыць ад адных і тых жа людзей, якіх штодня бачыў цягам двух гадоў.
– Калі ты вяртаешся з «кічы», ты рады ўсіх бачыць, да таго ж, табе ладзяць урачыстую сустрэчу, цыгарэтамі частуюць ды інш., а калі-нікалі і торт гатуюць, – распавядае Яўген.
У камеры была свая міні-пліта – хтосьці неяк скраў дзве міскі, і таму можна было рабіць бліны. А з цукру, выдаванага вязням, і хлеба начамі гналі самагон.
– У нас нават градуснік адмысловы быў – атрымлівалася самагонка на 70 градусаў, – зазначае Яўген.
У вольны час Яўген чытаў кнігі. Адной з забаваў было ліставанне з жанчынамі, камера якіх была пад камерай, дзе сядзеў наш суразмоўца. Акрамя таго, вязні гулялі ў гульні – карты, нарды, у покер кубікамі, карты хоць забароненыя, але былі. Гулялі на спорт – прысяданні, адцісканні, не курыць нейкі тэрмін.
– У нас нават DVD быў, мы глядзелі фільмы. Адміністрацыя тады на гэта заплюшчвала вочы, бо ім патрэбны быў спакой, без бунтаў, каб была сістэма, што сама сябе глядзіць. Калі я пайшоў адтуль, шмат што там заціснулі – сталі рабіць усё так, каб выгада была толькі для аднаго боку і пары чалавек з іншага, – кажа Яўген.
Паўгода ў турме Васьковіч правёў на «трайніках» (частка турмы, дзе ў камерах стаялі трох’ярусныя ложкі – рэд.).
– Потым мяне размеркавалі ў 109-ю камеру, побач са 108-й – «катлавой хатай», дзе сядзеў «сматрашчы» за ўсёй крытай турмой («катлавая хата» – камера, дзе сядзяць «другаходы», турэмныя аўтарытэты і дзе збіраецца турэмны «абшчак» – цыгарэты, ежа, што потым размяркоўваецца па іншых камерах – рэд.), – распавядае хлопец. – Там у мяне склаліся добрыя адносіны з сукамернікамі. Мяне паважалі за мае паводзіны, што я магу дзёрзка адказаць міліцыянтам, за тое, што я адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні, хоць мог гэта зрабіць.
У кастрычніку 2014 года Яўген цалкам адседзеў тэрмін у турме і вярнуўся ў 15-ю калонію. Ад працы больш не адмаўляўся, бо вызначыў, што лепш нечым займацца, чым марнаваць час у непрацоўных атрадах. Размеркаваўся ў швейны атрад, там навучыўся шыць. Форму для сілавікоў Яўгенаў атрад не шыў – замовы былі для леснікоў, дарожных працаўнікоў, шылі розныя рэчы для ўнутраных патрэбаў калоніі.
У калоніі ў Яўгена была чырвоная бірка – ён стаяў на ўліку як схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў.
– 22 жніўня 2015 года ў Дзень супрацоўніка пенітэнцыярнай сістэмы мне сказалі: збіраешся на этап. Я хоць і здагадваўся, што мяне могуць вызваліць, але хто ведае, чаго ад іх чакаць? Я ўзяў сшыткі з адрасамі, большую частку адзення і кніг пакінуў там і пайшоў, – прыгадвае Яўген дзень свайго вызвалення. Палітвязня тады адпусцілі на волю раней на 2,5 года да сканчэння тэрміну паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі.
Нейкай асаблівай рэабілітацыі пасля турмы бабруйцу не спатрэбілася.
– Я параўнаў бы гэта з арміяй. Так, гэта пакідае свой адбітак. Пасля турмы застаюцца рэчы, якіх ты ўжо не робіш так, як раней, нейкія звычкі, – кажа Яўген. – Але я ўвесь час разумеў, што я – палітычны. Хоць і добра ведаў паняткі. Я там зрабіў сабе асноўную колькасць тату, але ніводнае з іх не было на зонаўскую тэму. Я разумеў, што я не буду жыць гэтым жыццём, але некаторыя побытавыя моманты засталіся, асабліва з самага яскравага перыяду – «крытай» турмы. Асабліва гэта датычыць адносінаў з людзьмі. Я для сябе вынес, што калі нейкія непаразуменні пачынаюцца, трэба ўсім разам сядаць за стол і выказваць, не пакідаць пытанні неразвязанымі, каб канфлікты не збіраліся і не пераходзілі ў незваротныя сваркі.
Яўген зазначае, што не ведае ніводнага «палітычнага», які б выйшаў на волю і працягваў жыць «паводле паняткаў». У той жа час, зазначае былы палітвязень, большая частка «палітычных» не жыве так і там, у месцах зняволення.
– І праз гэта яны маюць больш праблемаў, з імі менш кантактуюць, – зазначае Яўген. – Я сядзеў у камеры з наркаманамі, бандытамі і забойцамі. Я слухаў іх і спрабаваў зразумець. Гэта для твайго асабістага выжывання там патрэбна – разумець іншага, ягоныя матывы, чаму ён так робіць, ягоную натуру, які ён унутры. Яшчэ, каб выжыць, я з таго часу выпрацаваў для сябе такое адчуванне дому: дом там, дзе я цяпер. Для мяне той досвед не стаў траўматычным. Гэта школа жыцця, што змяніла мяне.
Яўген распавядае, што бачыў выпадкі, калі людзі «ламаліся» ў турме.
– На маіх вачах чалавек літаральна звар’яцеў. Каб гэтага пазбегнуць, я параіў бы не закрывацца, а прыстасоўвацца да тых умоваў, у якіх ты апынуўся, – кажа маладзён. – Я для сябе вызначыў, што заўсёды буду шукаць пазітыў і ўсміхацца. Мне нават казалі: зноў ты ўсміхаешся, што, смешна? Я адказваў: не, не смешна, але прыемна ўсіх бачыць. Я да ўсіх ставіўся прыязна. Як ты сябе настроіш, так і будзеш успрымаць людзей.
У той жа час Яўген раіць у турме памятаць пра правіла «не вер, не бойся, не прасі».
– Людзям там давяраеш, пакуль яны не даказалі адваротнага, – кажа былы палітвязень. – Ты заўжды гатовы да таго, што адміністрацыя можа нешта ў дачыненні цябе зрабіць, бо гэта рэпрэсіўны апарат. Сяброў у мяне там ніколі не было, хоць я нармальна з усімі камунікаваў. Тэмаў для размоваў шмат. Я цікавіўся ўсім і ўсімі. Са мной сядзеў мастак, які ў п’яным стане забіў чалавека. У калоніі ён навучыўся граць на бас-гітары. Вельмі прыгожа маляваў. Удзельнічаў у конкурсах. Там вельмі розныя людзі з розным лёсам.
Яўген мяркуе, што за 4 гады турмы ён змяніўся ў лепшы бок, шмат чаго даведаўся пра сябе і пра людзей.
– Што ў турме прасцей – там усе ведаюць правілы, і вядома, што будзе, калі гэтыя правілы парушаць. У жыцці на волі ўсё складаней, – кажа хлопец. – Я сутыкнуўся з тым, што людзі не хочуць адказваць за свае словы, з гэтым мне прыйшлося наноў звыкацца, што было зусім не так проста.
За 5 гадоў з моманту вызвалення ў 2015 годзе і да 2020 года Яўген Васьковіч ажаніўся, у яго нарадзіліся дзве дачкі. 10 жніўня 2020 года былога палітвязня затрымалі ў Бабруйску, збілі, праз некалькі содняў адпусцілі. Неўзабаве пасля гэтага Яўген з’ехаў разам з сям’ёй у Літву.
Ганна Ганчар belsat.eu
Здымак вокладкі: Саша Мінько / mspring.media