Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі


Падобна на тое, што ўлады Украіны пачалі пераасэнсоўваць сваю палітыку ў дачыненні Беларусі: яны адчуваюць сябе ўсё больш упэўнена і ўжо не асцерагаюцца справакаваць Аляксандра Лукашэнку на агрэсію. Belsat.eu распавядае, як змяняецца стаўленне афіцыйнага Кіева да беларускай праблемы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі. Жытомір, Украіна. 4 кастрычніка 2019 года.
Фота: БелТА

Рэжым Аляксандра Лукашэнка выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. У лютым – сакавіку 2022 года з Беларусі разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў, а аж да верасня мінулага года Расея выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны. У нашай краіне дасюль застаюцца расейская авіяцыя і сухапутныя падраздзяленні, якія праходзяць падрыхтоўку пры дапамозе беларускіх афіцэраў.

Нягледзячы на гэта, ніякіх рашучых крокаў у адказ Украіна доўгі час не дапускала. Афіцыйны Кіеў не разрываў дыпламатычных стасункаў з Беларуссю, і аж да красавіка 2023 года ў Менску заставаўся ўкраінскі амбасадар (хаця ўсе беларускія дыпламаты ў аднабаковым парадку пакінулі Украіну яшчэ ў сакавіку 2022 года). Нават ноты пратэсту наконт абстрэлаў Украіны з боку Беларусі звычайна не афішаваліся.

Санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў першыя восем месяцаў поўнамаштабнай вайны не ўводзілася. Больш за тое, медыі паведамлялі, што Кіеў прасіў Еўразвяз не ўключаць Беларусь у свае санкцыйныя пакеты.

«Выбар беларусаў», якога не было

Пасля пачатку вайны рыторыка Зяленскага і прадстаўнікоў ягонай адміністрацыі ў дачыненні Беларусі мела тры выразныя рысы.

Па-першае, рэжым Лукашэнкі і яго суўдзел у расейскай агрэсіі інтэрпрэтаваліся, па сутнасці, як свядомы выбар беларускага народу. «Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар, – ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна не наш», – заявіў Зяленскі ў інтэрв’ю расейскім журналістам 27 сакавіка 2022 года.

Імаверна, украінскі лідар меў на ўвазе не юрыдычную легітымнасць рэжыму Лукашэнкі, а фактычную – маўляў, калі беларусы не скінулі дыктатуру, то гэта іх выбар. Цягам 2022 года ў Кіеве агулам прызнавалі, што большасць беларусаў вайну не падтрымліваюць, аднак паралельна наракалі на пасіўнасць грамадства і нібыта адсутнасць антываенных выступаў. Досвед масавых пратэстаў 2020 года, «рэйкавай вайны» ў 2022-м і няспынных масавых рэпрэсіяў у гэтым наратыве часцяком ігнараваўся. «Мне складана сказаць, чаму ў беларускага грамадства няма жадання змагацца за свабоду», – казаў сакратар РНБА Аляксей Данілаў у верасні 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У дзень так званага рэферэндуму дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Найбольш выразна такі падыход прасоўваў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк. Калі ўвосень 2022 года стала вядома пра прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму, Падаляк пакінуў у Twitter скандальны допіс, рэзка раскрытыкаваўшы гэтае рашэнне. Паводле яго, «беларускія арганізацыі так і не змаглі зладзіць супраціву гэтай вайне». Словы Падаляка выклікалі хвалю абурэнне, бо ён ігнараваў аб’ектыўныя факты: Алесь Бяляцкі і ПЦ «Вясна» заўсёды выступалі супраць расейскай агрэсіі, а сам праваабаронца застаецца за кратамі з лета 2021 года.

Па-другое, афіцыйны Кіеў быў даволі асцярожны ў сваіх выказваннях адносна Аляксандра Лукашэнкі. Хаця прадстаўнікі адміністрацыі Зяленскага не раз казалі пра адказнасць Беларусі і персанальна Лукашэнкі за суўдзел у агрэсіі, агулам самаабвешчаны кіраўнік Беларусі (у адрозненне ад Пуціна) ніколі не прэзентаваўся як абсалютнае зло. Было шмат разважанняў пра тое, што ён супраціўляецца спробам Масквы ўцягнуць Беларусь у вайну, што ён хітры і валявы палітык. «У Лукашэнкі бачым разуменне таго, як гэтая вайна развіваецца», – адзначаў Падаляк.

Па-трэцяе, асцярожнасць у выказваннях адносна Лукашэнкі суправаджалася часцяком неабгрунтаванай крытыкай у дачыненні ягоных апанентаў. У чэрвені 2022 года Падаляк абвінаваціў абраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую ў тым, што яна нібыта не выказала «выразных ацэнак поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну», хаця словы ўкраінскага чыноўніка проста не адпавядалі рэчаіснасці. У лютым 2023 года Падаляк ізноў наракаў, што не бачыць «выразнай антываеннай актыўнасці з боку апазіцыі» і лічыць бессэнсоўным развіваць адносіны з апанентамі Лукашэнкі.

Адміністрацыя Зяленскага ўсяляк пазбягала беспасярэдніх кантактаў з Ціханоўскай ды іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Зварот абранай прэзідэнткі да Зяленскага з заклікам устанавіць дыпламатычныя адносіны з Аб’яднаным пераходным кабінетам і стварыць альянс з дэмакратычнай Беларуссю быў фактычна праігнараваны. Больш за тое, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Украіна паслядоўна блакавала ўдзел Святланы Ціханоўскай, а таксама прадстаўнікоў беларускага грамадства ў супольных з еўрапейцамі сустрэчах.

Кіеў пачынае карэктаваць курс

Такая лінія паводзінаў афіцыйнага Кіева ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі тлумачылася вельмі проста: Украіна імкнулася перадухіліць адкрыццё другога фронту на мяжы з Беларуссю. У першыя месяцы поўнамаштабнага канфлікту камандаванне ЗСУ ацэньвала пагрозу беларускага ўварвання як вельмі высокую, а часам нават бачыла ўварванне там, дзе яго насамрэч не было.

У адміністрацыі Зяленскага лічылі, што разрыў дыпламатычных стасункаў, увядзенне санкцыяў або кантакты з Ціханоўскай могуць падштурхнуць Лукашэнку да ўступлення ў вайну.

«Каб утрымаць Лукашэнку ад дзеянняў, якія могуць уяўляць пагрозу на паўночных межах, усе магчымасці вартыя таго, каб іх выкарыстоўваць. Відавочна, што нам не патрэбен новы фронт на 1084 км», – падкрэсліў амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім.

Аднак паступова афіцыйны Кіеў стаў больш смела весці сябе ў дачыненні Лукашэнкі. У лістападзе 2022 года Зяленскі ўвёў першы пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі: у яго трапілі сілавікі, чыноўнікі, прапагандысты і шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў. У студзені 2023 года санкцыйны спіс быў пашыраны – у яго ўключылі 23 беларускія прадпрыемствы. Увесну Зяленскі ўхваліў яшчэ некалькі санкцыйных пакетаў. Апошні чорны спіс з’явіўся 27 траўня і ўключаў у сябе два дзясяткі дзяржаўных заводаў. Паралельна паскорыўся працэс выхаду Украіны з розных двухбаковых пагадненняў.

19 красавіка амбасадар Ігар Кізім быў адкліканы для кансультацыяў у Кіеў і дасюль у Менск не вярнуўся. Фармальнай нагодай для такога кроку стаў прыезд у Беларусь кіраўніка «ДНР» Дзяніса Пушыліна і ягоная сустрэча яго з Лукашэнкам.

Паралельна ў рыторыцы афіцыйнага Кіева сталі з’яўляцца новыя мэсіджы. У траўні Зяленскі ў інтэрв’ю італьянскім медыям заявіў, што ў Беларусі таксама ідзе вайна, беларусы змагаюцца за сваю незалежнасць і свабоду выбару. Ніякіх сумневаў наконт пазіцыі беларусаў або напышлівага да іх стаўлення цяпер у выказваннях прэзідэнта чуваць ужо не было. Калі ў лютым 2022-га Зяленскі толькі заклікаў беларусаў «не быць Расеяй», то цяпер ён адзначана сцвярджаў: больш за 70 % насельніцтва Беларусі сёння супраць Расеі. У канцы траўня ў інтэрв’ю «Chosun» Зяленскі заявіў, што Беларусь – наступная мэта Пуціна.

Hавiны
Лукашэнка пра атаку на А-50: «Зяленскі – гніда, Польшча і Літва – поскудзь»
2023.03.07 14:24

Падаляк, які яшчэ нядаўна бачыў у Лукашэнкі «разуменне» развіцця вайны, цяпер заяўляе пра тое, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі абсалютна нічога не разумее. «Такой неадэкватнасці з пункту гледжання неразумення таго, што адбываецца ў вайне, у прынцыпе ўявіць сабе не можаш», – заявіў украінскі чыноўнік у інтэрв’ю Zerkalo.io. «Я не думаю, што трэба весці дыялог з Лукашэнкам. Гэта не той узровень, каб Кіеў вёў дыялог. Для нас ён адсутны субʼект палітычнага працэсу. Ды і наогул гэта чалавек, які не мае нават элементарных ведаў, дастатковых для таго, каб аналізаваць сучаснае становішча і даваць тыя ці іншыя прагнозы», – рэзюмаваў Падаляк.

Здаецца, пачалі змяняцца падыходы афіцыйнага Кіева і адносна кантактаў з апанентамі Лукашэнкі. 14 траўня на цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага ў нямецкі Аахэне Зяленскі ўпершыню пабачыўся з Ціханоўскай і паціснуў ёй руку. Вядома, лічыць гэта паўнавартаснай сустрэчай нельга, але і выпадковасцю такое перасячэнне быць не магло, улічваючы папярэднюю пазіцыю Кіева.

31 траўня адбылася знакавая падзея: Міхаіл Падаляк сустрэўся ў Кіеве са старшынём НАУ, намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўлам Латушкам. Напярэдадні Латушка перадаў прадстаўнікам Генпракуратуры Украіны доказы датычнасці ўладаў Беларусі да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

Акрамя таго, Латушка сустрэўся з камандаю ўпаўнаважанага ў правах асобы, пасля якой омбудсман Дмытро Лубінец заявіў: «Мы маем пацвярджэнне, што і ўкраінскія дзеці, і цывільныя закладнікі, і ваеннапалонныя былі гвалтоўна перамешчаныя праз тэрыторыю Беларусі пры наўпроставым удзеле ўладаў Беларусі».

«Мы маем агульную мэту: перадаць матэрыялы ў Міжнародны трыбунал у Гаазе дзеля таго, каб ён выдаў ордар на арышт Лукашэнкі», – падкрэсліў Латушка.

Каментар
«Украіна будзе падтрымліваць супрацу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі». Павел Латушка – пра перамовы ў Кіеве
2023.06.01 00:32

Этап пераасэнсавання

Чым можна патлумачыць новыя тэндэнцыі ў палітыцы Украіны ў дачыненні Беларусі?

Па-першае, афіцыйны Кіеў усё менш верыць у тое, што Беларусь можа ўступіць у вайну. У адміністрацыі Зяленскага схіляюцца да думкі, што калі Лукашэнка не аддаў адпаведнага загаду раней, калі Украіна была значна больш уразлівай, а Расея значна больш магутнай, то ўжо і не зробіць гэтага. Больш за тое, там не вераць, што Лукашэнка ў прынцыпе здольны істотна павысіць стаўкі.

«Што можа даць такога Беларусь, што карэнным чынам памяняе дыспазіцыю падчас баявых дзеянняў? Ды нічога, па вялікім рахунку», – адзначыў у адным з інтэрв’ю Падаляк.

Паводле некаторых паказнікаў напружанне на беларускім кірунку нават зніжаецца. З кастрычніку 2022 года абстрэлаў тэрыторыі Украіны з боку Беларусі не фіксавалася, а колькасць расейскіх жаўнераў, размешчаных на беларускай тэрыторыі, за апошнія месяцы скарацілася ў некалькі разоў.

Праўда, адначасова Расея плануе размесціць у Беларусі тактычную ядравую зброю. Але кантраляваць яе Лукашэнка ўсё роўна не будзе. Крэмль усё робіць такім чынам, каб прадэманстраваць, што ад афіцыйнага Менску гэтае рашэнне наогул не залежыць – Лукашэнку проста ставяць перад фактам. Усё гэта мусіць наводзіць украінскіх палітыкаў на пытанне: а ці варта наогул ставіцца да Лукашэнкі як да самастойнай фігуры? А калі ён не самастойная фігура, то навошта баяцца ягонай рэакцыі? Характэрна, што заявы пра тое, што Беларусь дэ-факта акупаваная Расеяй, гучаць у Кіеве ўсё часцей.

Па-другое, Украіна адчувае сябе ўсё больш упэўнена ў кантэксце канфлікту з РФ і пачынае патроху задумвацца над будучыняй. У сакавіку 2022-га Зяленскі казаў, што яму «ўсё роўна», калі пасля вайны Лукашэнка будзе зноў адчуваць сябе ў доме гаспадаром. Невядома, што цяпер пра гэта думае ўкраінскі лідар. Аднак у атачэнні прэзідэнта напэўна ёсць людзі, якія разумеюць, што захаванне рэжыму Лукашэнкі пасля вайны не можа адпавядаць стратэгічным інтарэсам Украіны, бо ў такім выпадку Беларусь аднойчы здольная зноў стаць плацдармам для паходу на Кіеў.

Hавiны
Зяленскі падкрэсліў важнасць інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз і NATO
2023.06.01 16:28

Пакуль рана казаць пра тое, што палітыка Украіны ў дачыненні Беларусі і рэжыму Лукашэнкі змянілася кардынальным чынам. На нейкія незваротныя крокі (напрыклад, афіцыйнае прызнанне Ціханоўскай) адміністрацыя Зяленскага яшчэ не пайшла і наўрад ці пойдзе бліжэйшым часам. Аднак падзеі апошніх месяцаў не выпадковасць – гэта сведчанне таго, што ў Кіеве пачалі патроху пераасэнсоўваць сваё стаўленне да Беларусі з улікам новых рэаліяў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў