Амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал паведаміў, што Украіну пакінулі агулам 11 працаўнікоў пасольства і два сямейнікі.
Паводле дыпламата, пры выездзе з краіны на ўкраінскім КПП Магілёў-Падольскі, што ў Вінніцкай вобласці на мяжы з Малдоваю, машыны працаўнікоў пасольства старанна даглядаліся.
«Мы дастаткова працяглы час са сваім калектывам, які выязджаў на гэтым пункце пропуску, былі на памежнай зоне. Нас было 11 работнікаў, два сямейікі на 7 аўтамабілях. Мы, па-першае, самі зазналі досыць рэзкія, брыдкія рухі, і машыны нашыя. Досыць сказаць, што мая машына як амбасадара была цалкам агледжаная, распакаваная, нават унутраныя элементы здымаліся. Шмат якія асабістыя рэчы былі агледжаныя», – паведаміў амбасадар.
Сокал распавёў, што выехаў а 20:00 18 сакавіка, а апошні работнік выехаў а 9:00 сёння, 19-га: «Гэта значыць, на кожнага работніка – па 2-3 гадзіны».
Таксама Сокал пракаментаваў інцыдэнт з 30 срэбранікамі, якія праз яго спрабавалі ўручыць кіраўніку Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо, назваўшы гэта «не зусім добрапрыстойнымі ўчынкамі»:
«Калі камандуючы памежнымі войскамі Украіны Дэйнэка прымушае сваіх афіцэраў збіраць гэтыя манеты на дзядзінцы, каб потым камусьці нешта перадаваць, то гэта, напэўна, не зусім добрапрыстойныя ўчынкі».
Інцыдэнт з «перадачаю» манетаў адбыўся 18 сакавіка, калі кіраўнік Памежнай службы Украіны Сяргей Дэйнэка папрасіў перадаць 30 срэбранікаў кіраўніку Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо і апублікаваў відэа, у якім назваў суўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны ўдарам у спіну.
АД belsat.eu