Міністэрства абароны Расеі ўпершыню назвала дакладныя лічбы стратаў асабовага складу ў час нападу на Украіну.
Як перадае расейскае «РИА Новости», ва Украіне загінулі 498 расейскіх вайскоўцаў, а параненыя 1597. Страты тэхнікі не раскрываюцца.
Расея па-ранейшаму называе вайну з Украінай «спецыяльнай аперацыяй» і блакуе выданні, якія называюць вайну вайной. Гэтыя лічбы з’явіліся на сёмы дзень маштабнага нападу Расеі.
Украінскае Міністэрства абароны паведамляе пра ў 12 разоў большыя страты Расеі: на раніцу 2 сакавіка пісалі пра звыш 5840 загінулых. Таксама Украіна заяўляе пра больш як дзве сотні знішчаных танкаў, 862 знішчаныя бронемашыны, 30 самалётаў і шмат іншай тэхнікі.
Расея не называе імёны загінулых і палонных. Украінскі бок публікуе імёны і фота загінулых, параненых і палонных у адмысловым Telegram-канале «Ищи своих». Сайт праекту заблакавалі на тэрыторыі Расеі.
АА belsat.eu