25 сакавіка дэмакратычныя сілы прапанавалі зладзіць не масавую імпрэзу, а шпацыр прыватных асобаў а 18:30 ад Кастрычніцкай плошчы да Валадарскага 9 – месца, дзе абвесцілі незалежнасць БНР.
21:05 Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна выпусцілі з Цэнтральнага РАУС Менску. Адначасова ў розных месцах у цэнтры сталіцы людзі запускаюць феерверкі.
19:55 Супрацоўнікі міліцыі працягваюць дзяжурыць каля будынку на Валадарскага.
19:18 Акцыя завяршаецца, людзі паволі разыходзяцца.
19:15 Стала вядома, што Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Паўла Аракеляна і Змітра Вайцюшкевіча даставілі ў Цэнтральны РАУС.
18:55 Міліцыя папярэджвае пра магчымае прымяненне сілы ў дачыненні да людзей, якія мірна сабраліся на скрыжаванні Рэвалюцыйнай і Камсамольскай.
18:50 на вул. Камсамольская адбываецца самаарганізаваны канцэрт.
18:30 Затрыманні на Кастрычніцкай працягваюцца. Людзі ў цывільным схапілі мужчыну з бе-чырвона-белым шалікам, які паспеў прадставіцца журналістам Андрэем.
18:27 На скрыжаванні Рэвалюцыйнай і Інтэрнацыянальнай АМАП затрымаў музыкаў Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна.
18: 20 на Кастрычніцкай затрымліваюць усіх, хто мае нацыянальную сімволіку.
18.10 затрыманыя Казлоў і Рымашэўскі.
18.07 на Валадарскай цяпер толькі супрацоўнікі міліцыі.
18.05 на Кастрычніцкай лідары АГП і БХД Мікалай Казлоў і Віталь Рымашэўскі.
17.57 на Кастрычніцкай плошчы пакуль толькі мiлiцыя i журналісты. Актывiстку Алена Таўстую, якая на знак пратэсту прыкавала сябе да слупу ланцугом проста пасярод плошчы, затрымалі. Таўстую павезлі ў пастарунак на мiкрааўтобусе.
17.48 за Палацам Рэспублікі аўтобус з АМАПам. Аўтазакі таксама каля Купалаўскага тэатру.
17:40 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску стаіць сустаршыня руху «Разам» Алена Таўстая.
Мікалай Статкевіч і ягоныя паплечнікі не планавалі на 25 сакавіка пратэстных акцый і шэсцяў. Палітык распавёў belsat.eu чаму.
«Мы нічога не планавалі, бо ствараць трэці аргкамітэт святкавання Дня Волі – гэта смешна. Нам жа іншыя абяцалі, што зладзяць шэсце ў цэнтры, аднак да апошняга маўчалі. Адныя паехалі ў Горадню, іншыя пайшлі на другі Бангалор.
І чаму тут цешыцца? Нам паказалі, што не хочуць, каб хоць нешта піскнула ў цэнтры. Загналі ў рэзервацыю. Стварылі са святкавання нейкую новую іншую рэальнасць, быццам нешта змянілася. Але ў рэальнасці нічога не памянялася.
Адбываецца падмена сэнсу, падмена даты, якая сімвалізуе змаганне і незалежнасць. Гэта штучная радасць, шмат што змененае. Ну а мы будзем ствараць сваю рэальнасць, у нас будзе шмат магчымасцяў.
Мелася быць у нас партыйнае мерапрыемства, святочная вячэра. Але ўсіх хапаюць, не ведаю, ці атрымаецца выйсці з дому».
Змітра Дашкевіча забралі з канцэрту ў Кіеўскім скверы. Сёння яго меліся судзіць.
Актывістка Наталля Гарачка таксама правяла ноч у ІЧУ.
На тэлефанаванні не адказваюць Павел Севярынец, Вольга Мікалайчык. АМАП сачыў за анарха-актывістамі Марынай і Вячаславам Касінеравымі.
Таксама сёння ў Цэнтральным судзе судзілі Максіма Вінярскага за акцыю ў абарону палітвязняў 26 лютага, якая праходзіла на Кастрычніцкай плошчы. Суддзя Алена Шабуня прысудзіла актывісту 1020 рублёў штрафу (40 базавых).
У Віцебску каля 11:00 затрымалі Барыса Хамайду. Ён трымаў у руках сцяг гораду і самаробны плакат з цытатаю расейскага пісьменніка Івана Буніна: «Город (Витебск) древний и нерусский». Затрымлівалі Хамайду людзі ў цывільным, якія назваліся міліцыянтамі. Актывіст прастаяў прыблізна 10 хвілінаў, пакуль работнікі ў цывільным чакалі міліцэйскае аўта.
Праваабаронцам стала вядома, што яшчэ раніцай 22 сакавіка затрымалі Уладзіслава Шведа, які пад допісам у пабліку «Мая краіна Беларусь» ва «Вконтакте» пакінуў каментар, дзе прапанаваў выйсці ўсім 25 сакавіка на пл. Якуба Коласа ў Менску. Сёння яго прысудзілі да штрафу ў 15 базавых велічынь за парушэнне ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Трое содняў ён правёў у ІЧУ.
Уладзіслаў Швед таксама распавёў, што позна ўвечары да яго ў камеру патрапіў 44-гадовы Ілля. Мужчыну затрымалі за тое, што той ехаў на самакаце па пл. Якуба Коласа з бел-чырвона-белым сцягам. Суд над ім павінен быў адбыцца сёння ў судзе Савецкага раёну.
ДР belsat.eu