«Міхалыч, дзякуй табе за ўсё!» Белсатаўцы віншуюць сваіх настаўнікаў са святам


У Дзень настаўніка працаўнікі «Белсату» ўзгадалі тых людзей, якія вучылі іх у школе, і падзякавалі ім за іхную працу.

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень настаўніка. У гэты дзень хочацца сказаць шмат цёплых словаў у адрас тых, хто нас вучыў у школе. Сёння мы, супрацоўнікі «Белсату», дзякуем вам, дарагія нашыя настаўнікі і настаўніцы, за тое, што вучылі нас, дапамагалі нам і давалі ўрокі, якія мы памятаем шмат год пасля сканчэння школы.

Малюнак: Дэ Лёс

Ганна Аземша, рэдактарка аддзелу прамоцыі «Белсата»:

Нашага класнага кіраўніка любіла наагул уся школа. Гэта ўнікальная асоба, бо ўпершыню за ўсю гісторыю школы настаўнік фізкультуры стаў класным кіраўніком. Нашая папярэдняя класная кіраўнічка звольнілася ў пачатку года і ніхто нас не хацеў браць. Узяў Мацвеенка Юрый Міхайлавіч, ці, як усе яго звалі ў школе, – Міхалыч.

Мы рабілі ўсялякую дзіч, на сходах настаўнікі скардзіліся дырэктару, а Міхалыч нас выгароджваў як мог і заўсёды казаў, што мы добрыя дзеці. Потым, вядома, збіраў нас у распранальні ў спартзале і казаў: «Рабяты, ну што ж за справы? Вы ж дарослыя людзі, а такое чыніце». Вельмі было перад ім сорамна.

Hавiны
У Беларусі менш за 15 % настаўнікаў – мужчыны
2019.10.03 17:06

Паспяховасць у мяне была выдатная, але здаралася, што было лянота ісці ў школу. Памятаю, на бацькоўскім сходзе Міхалыч хаваў журнал ад маёй мамы, каб яна не ўбачыла мае пропускі.

Калі быў апошні званок, усе настаўнікі па чарзе выходзілі на сцэну і нешта казалі пра свае класы. Надышла чарга Міхалыча. Ён падняўся на сцэну і кажа: «Ведаеце, гэта маё першае і апошняе класнае кіраўніцтва». Усе пачынаюць іржаць, маўляў, «о, нават яго гэтыя давялі». А ён працягвае: «Таму што лепш за гэты клас у мяне больш нікога не будзе». І тут мы ледзь не разраўліся ўсе к чорту.

Міхалыч, са святам і дзякуй за ўсё!

Сяргей Пеляса, рэдактар праграмы «Прасвет»:

Маёй настаўніцай у пачатковай школе была мая мама. І з-за гэтага ў мяне былі праблемы. Аднакласнікі лічылі, што яна мне завышае адзнакі, што было няпраўдай, бо яна ад мяне больш патрабавала. Яна прышчапіла мне замілаванне да пісання і чытання. Дзякуючы ёй, я думаю, і стаў тым, кім стаў. Мама на пенсіі і яна стала адной з найлепшых настаўніц мовы і літаратуры ў раёне. Яе выпускнікі перамагалі на алімпіядах, а са школы яе доўга не хацелі адпускаць на пенсію.

Сяргей Пеляса і Людміла Пятроўна Пеляса. 2 «А» клас сярэдняй школы №4 гораду Кобрын, 1983 год

Дзіма Ягораў, кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату»:

Я ўзгадваю сваю настаўніцу Святлану Іванаўну Літоўчанка, асабліва адзін дробны эпізод. Я быў досыць рассеяным вучнем: забыўся асадку ўдома, падручнік, сшытак, пісаў вельмі неакуратна. Натуральна, ад іншых настаўнікаў чуў папрокі і справядлівыя зніжэнні адзнакаў. Аднойчы перад урокам я падышоў да Святланы Іванаўны, настаўніцы патрабавальнай і, можа, нават трошку строгай, каб папярэдзіць пра свой чарговы «касяк» (хіба штосьці забыўся). А яна мне кажа: «Дзіма, у цябе светлая галава, усё, што табе трэба – быць сабраным. І ўсё атрымаецца». Гэта былі нечаканыя словы падтрымкі замест наганяю. Але яны раптам аказаліся вельмі важнымі і ў чымсьці мне дапамаглі – напэўна, сапраўды стаць больш сабраным. А выкладала Святлана Іванаўна беларускую мову і літаратуру.

Малюнак: Дэ Лёс

Віктар Ярашук, журналіст «Белсату»:

Мой сябра Анатоль добра маляваў і вельмі хацеў пайсці займацца ў Дом піянераў у кружок малявання. Я, мякка кажучы, маляваць не ўмеў. Але ж з-за сябра пайшоў разам з ім. Заняткі праводзіў Яўген Пятровіч Пулхаў, чалавек ужо сталага ўзросту. Перад намі паставілі збаны, і мы пачалі іх маляваць. Я вельмі стараўся. Тым не менш, атрымлівалася не вельмі. Іншыя хлопцы і дзяўчаты пасмейваліся, калі глядзелі на маю працу. Адчуваў я сябе не вельмі ўтульна.

Яўген Пятровіч Пулхаў

І вось Яўген Пятровіч кажа: «Дзеткі, на хвілінку пакіньце свае працы і падыдзіце да Віктара». Тут мне стала канчаткова не па сябе. А Яўген Пятровіч кажа: «Вось паглядзіце і вучыцеся, як у Віктара падае цень ад збана». Пасля гэтага нада мной больш не пасміхаліся. Хадзіў я ў кружок не доўга, бо добра разумеў, што гэта не маё. Але ж гэты ўрок я памятаю ўсё жыццё., калі сам працаваў настаўнікам, спрабаваў у кожным вучні знаходзіць лепшае. Можа, таму і ніколі не меў праблем з вучнямі.

Марыя Грыц, журналістка «Белсату»:

З падлеткавага ўзросту я была перакананая, што гуманітарый – гэта той, хто не разумее натуральныя навукі, і хімію першым чынам. Аднак перад 10-ым класам я памяняла школу і пабачыла настаўніцу сваёй мары. На першым жа ўроку яна сказала нашаму гуманітарнаму класу, што калі мы не будзем лайдачыць, яна нам распавядзе, як варыць мет (наркотык).

Малюнак: Дэ Лёс

Яна распавядала нам пра хімію так, што мы забываліся пайсці на перарыў паміж заняткамі, а сядзелі з развінутымі ратамі. Акрамя таго, настаўніца мела вельмі востры язык, тапіла за раўнапраўе, актыўную грамадзянскую пазіцыю, нават пра палітыку з намі размаўляла. Гэтая неверагодная жанчына навучыла мяне не толькі формулам. На вялікі жаль, я не памятаю імя, а на сайце школы яе ўжо няма. Калі раптам вы, паважаныя чытачы, ведаеце пані, якая выкладала хімію ў менскай 15-ай гімназіі ў 2005 годзе, перадайце ёй гарачае прывітанне!

Hавiны
Юлія Чарняўская: Пра настаўніка ўдома можна казаць усё, што заўгодна
2019.09.19 18:10

Вольга Ярохіна, рэдактарка сайту Belsat.eu:

У маёй школе №65 Менску (цяпер гэта 30-ая гімназія) былі выдатныя настаўнікі! Магу сказаць добрыя словы амаль пра кожнага. З цеплынёю ўзгадваю настаўніцу фізкультуры Соф’ю Уладзіміраўну. Я была не вельмі спартыўная дзяўчынка. Залезці па канаце, прайсціся па барвяню, скокнуць праз «казла» – для мяне кожнае практыкаванне было выклікам. Ты ўжо дзясяты раз спрабуеш скокнуць, не атрымліваецца, а аднакласнікі пасміхаюцца. Але Софʼя Уладзіміраўна была настаўніцай хоць і суворай, але справядлівай. Яна ставіла адзнакі не толькі за выкананне нарматыву, але і за старанне. «Малайчына, Ярохіна, не сышла з дыстанцыі. Да патрэбнага паказчыка не дацягваеш, але стаўлю чацвёрку». Пасля такіх словаў хацелася толькі станавіцца лепш. Дысцыпліна на занятках была ідэальная. А, калі раптам яна бачыла, што проста бегаць, падцягвацца нам сумна, казала: «Так, будзем гуляць у валейбол, а тое засумавалі тут у мяне».

Аб’ектыў
11 класаў школы стануць абавязковымі. Вось што пра гэта кажуць настаўнікі
2019.09.02 22:09

Нашай класнай кіраўнічкай Людміла Фёдараўна Законава стала, калі мы вучыліся ў 7-ай класе, хоць ад 1-ай класы я навучалася ў яе ангельскай мове. Ідэальная настаўніца – строгая, але справядлівая. І заўсёды стаяла за нас гарой. Хтосьці не паспявае засвоіць матэрыял – ішла да настаўнікаў і прасіла дадаткова пазаймацца з некаторымі вучнямі. Яна вадзіла нас на балет (дагэтуль ведаю ўсе балетныя пастаноўкі), вазіла на экскурсіі ў Бярэзінскі запаведнік, у Полацк і Наваполацк, у Горадню. У класе было 42 вучня, а яна з усімі намі спраўлялася, хоць была вельмі строгая. Памятаю, як аднойчы не падрыхтавалася да занятку. Пасля ўроку Людміла Фёдараўна спытала, хто можа падзяжурыць у сталоўцы. Мне было сорамна за мой учынак і я прапанавала сябе. На што пачула ў адказ: «Табе я не давяраю, ты і хатняе заданне не зрабіла». Мне было так сорамна, што я больш ніколі не дазваляла сабе прыходзіць на ейныя заняткі непадрыхтаванай. Дагэтуль памятаю той сорам.

Соф’я Уладзіміраўна, Людміла Фёдараўна, з Днём настаўніка вас! Дзякуй вам за ўсё і выбачайце за нашыя паводзіны.

Hавiны
Гісторыі пра 1 верасня: апраналіся у Верку Сярдзючку і даставалі дэфіцытныя ружы
2019.09.01 07:00

Юля Радзіонава, SMM:

Я б хацела падзякаваць настаўніцу ангельскай мовы Юлію Алданаву. Я змяніла школу ў апошняй чвэрці восьмага класа і да гэтага вучыла нямецкую мову. Ангельская не была для мяне новай, але розніца паміж мной і аднакласнікамі, якія вывучалі мову з пачатковых класаў, вельмі адчувалася. Юлія не толькі выцягнула мяне на належны ўзровень, але і падтрымлівала ўсе творчыя пачынанні нашага класа, у той час як з іншымі настаўнікамі было шмат непаразуменняў. Я была нефармалкай, але ад яе ніколі не пачула ніводнага зняважлівага слова з нагоды знешнасці. Наадварот, былі толькі кампліменты і ўхваленні. Яе ўрокі не хацелася прагульваць. А калі я пабачыла на ейным ноўтбуку стыкер «Rammstein», то зразумела, што мы спрацуемся.

Hавiны
«Няма ніякай мяккай беларусізацыі». У Беларусі па-беларуску навучаюцца менш за 10 % першакласнікаў
2019.08.06 18:32

Наста Кахановіч, журналістка «Белсату»:

Мая класная кіраўніца заўжды была за дзяцей, з імі на адной хвалі. У мяне былі не самыя паслухмяныя аднакласнікі, але нам усім было няёмка, калі яна прыходзіла і казала, што яе дырэктар выклікаў «на дыван». Як толькі надыходзіла вясна, хтосьці з класы абавязкова казаў: «А паехалі на Селяхі» (Селяхі – база адпачынку ў Берасцейскім раёне). І вось ужо ўсе выходныя Вольга Іосіфаўна праводзіла са сваймі старшакласнікамі. А на свае ўрокі яна часта прыносіла медавік, які сама пекла. Дагэтуль гэта самы смачны медавік у маім жыцці.

belsat.eu

Стужка навінаў