Юлія Чарняўская: Пра настаўніка ўдома можна казаць усё, што заўгодна


Юлія Чарняўская.
Фота: tut.by

Беларуская школа зусім не адпавядае сучаснаму становішчу. Пра гэта ў каментары belsat.eu заявіла педагог і культуролаг Юлія Чарняўская, каментуючы звальненне за пагрозы вучню і аднаўленне цягам аднаго тыдня настаўніцы з гомельскай школы № 15.

Hавiны
Лукашэнка ўзнавіў на працы настаўніцу, якая абяцала забіць партай вучня
2019.09.18 17:25

«Наша школа ўжо зусім не адпавядае ніякаму сучаснаму становішчу. Нідзе і ніяк. І такія гісторыі, як з гэтай настаўніцай, заканамерныя. Гэта проста такі астравок над пенай, які мы бачым. А так з гэтага складаецца ўсё школьнае жыццё», – падкрэсліла суразмоўца.

Юлія Чарняўская адзначыла, што змяніліся і дзеці, і свет, але не беларуская сістэма адукацыі і выхавання. Змянілася і месца настаўніка ў сённяшнім свеце. Паводле педагога, калі раней можна было быць «строгім, але справядлівым», то «цяпер для вучня настаўнік страціў сваю значнасць, сваё месца».

Hавiны
Лукашэнка: На месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму
2019.09.19 12:25

«Трэба быць нястрогай. Трэба гуляць з імі ў гульні. Неяк забаўляць. Але ў любой навучальнай дысцыпліне нельга ўсё падаваць аднолькава цікава і аднолькава весела. І калі пачынаюцца нейкія патрабаванні, то яны цябе прыніжаюць у вачах тваіх вучняў. І іхных бацькоў таксама», – сказала суразмоўца.

На яе думку, сістэмы адукацыі і выхавання трэба мяняць, але гэта зойме «гады, а можа, і дзесяцігоддзі».

Для вучня настаўнік страціў сваю значнасць

Раскрытыкавала Юлія Чарняўская і стаўленне бацькоў да адукацыі, якімі школа ўспрымаецца бацькамі як ператрымка, куды можна здаць дзяцей, пакуль яны самі занятыя. Пры гэтым настаўнікаў, якіх абавязваюць любіць і выхоўваць вучняў, яшчэ і крытыкуюць у прысутнасці тых жа вучняў.

Hавiны
Ганна Севярынец пра аднаўленне на працы гомельскай настаўніцы: Нейкі няправільны механізм
2019.09.18 18:53

«Настаўнік – гэта нейкі чалавек, пра якога ўдома можна казаць усё, што заўгодна. Можна смяяцца з яго разам з дзіцём. Можна казаць, што ён такі непаспяховы і таму працуе ў школе, а ты – сынок ці дачка – ведай, мы яму спакою не дамо», – заявіла педагог.

На яе думку, стасункі з настаўнікам трэба вырашаць не з дзіцём, а па-за дзіцём.

«Маці ці бацька, настаўнік, дырэктар – гэта дарослы свет. А дзіця – гэта ўжо зусім іншы свет. І вы колькі можаце, столькі і размаўляйце з настаўнікам, з дырэктарам, пішыце ў СМІ, але не трэба настройваць дзіця супраць настаўніка. Ставіцца да яго са знявагай», – падкрэсліла Юлія Чарняўская.

Біць дзяцей нельга

У любым разе, адзначыла суразмоўца, біць дзяцей ці крычаць на іх матам нельга – ні настаўнікам, ні бацькам.

Hавiны
Каментатары бароняць настаўніцу, якая пагражала ўдарыць школьніка партай – вось іх аргументы
2019.09.14 18:27

«Але я вельмі добра разумею, што сталая настаўніца можа проста быць забітая ўсім гэтым. У яе можа быць нервовы стан. І гэта трэба неяк лекаваць, а не гнаць у адзін момант, а потым у адзін момант гнаць дырэктара», – сказала эксперт, дадаўшы, што імгненныя вырашэнні пытання – гэта проста спробы заткнуць дзірку.

13 верасня з гомельскай школы № 15 звольнілі настаўніцу пачатковых класаў, якая падчас уроку расейскай мовы пагражала школьніку, што ўдарыць яго партай, абражала яго і брудна лаялася. Відэа здарэння даслалі адныя з бацькоў.

Звальненне выклікала неадназначную рэакцыю. У тым ліку і некаторыя бацькі вучняў школы шкадавалі настаўніцу.

ВІДЭА
У Гомлі настаўніца пагражала забіць 4-класніка, бо той смяяўся (відэа)
2019.09.13 22:57

18 верасня стала вядома, што настаўніцу аднавілі на працы пасля асабістага ўмяшання ў сітуацыю Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктара школы ж звольнілі.

Сам кіраўнік дзяржавы заявіў пасля, што «на месцы гэтага настаўніка галаву б адвярнуў шчанюку нейкаму».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў