Гісторыі пра 1 верасня: апраналіся у Верку Сярдзючку і даставалі дэфіцытныя ружы


Белсатаўцы ўзгадваюць смешныя гісторыі, якія адбываліся з імі ў Дзень ведаў. А вы памятаеце свой першы дзень верасня?

Ілюстрацыйнае фота: Viktor Drachev/TASS/Forum

1 верасня, лета скончылася. Шмат хто зараз сядзе за парты, пачне выконваць хатнюю працу і будзе здаваць кантрольныя. А мы, працаўнікі «Белсату», вырашылі ўзгадаць смешныя гісторыі пра Дзень ведаў. Спадзяемся, гэта падыме вам настрой, і вы ўзгадаеце першага верасня. Паехалі!

Святлана Аўчарова, журналістка «Белсату», вядоўца праграмы «Вось так»:

Першага верасня я памятаю толькі з двух прычынаў. Першая: хлопчык, які стаяў са мной на лінейцы, пастаянна біў мяне сваім букетам руж. Не, не ад вялікай любові, а таму, што букет быў занадта цяжкі і ён не мог яго ўтрымаць. Хлопчыка звалі Мікіта – светлыя валасы, вялікія вочы і вельмі энергічная мама, якая лаялася на яго, калі я чарговы раз атрымлівала ружамі па руцэ або галаве.

Дарэчы, з Мікітам мы потым нават пасябравалі. Здаецца, у мяне ў Кіеве нават захавалася валянцінка ад яго – дакладней, паштоўка, падпісаная яго матуляй, якую я атрымала на сваё першае школьнае свята 14-е лютага.

Святлана Аўчарова тады і цяпер.
Фота: уласны архіў

Другая прычына запомніць 1 верасня: у гэты дзень прыйшло ўсведамленне, што жыццё не будзе ранейшым. Напрыканцы свята бацькі спыталі ў мяне, ці спадабалася ў школе. Я сказала, што было даволі весела. А вось на пытанне ці заўтра прыйду, я перапытала: «Навошта?» Вось тады мне ўпершыню і распавялі, што хадзіць сюды давядзецца доўгіх 10 гадоў.

Трэба адзначыць, што непрыкметна гэтыя гады не праляцелі. Гэта быў добры перыяд жыцця. Я вучылася ў двух прэстыжных ліцэях у цэнтры Кіева, дзякуючы якім змагла здабыць не толькі добрыя веды, але і выдатных сяброў.

Ігар Кулей, журналіст, вядоўца «Белсату»:

Аднойчы я выйшаў на лінейку ў вобразе Веркі Сярдзючкі ў міні-спадніцы і з грудзямі-балонікамі. Гэта была ці то вераснёўская, ці то травеньская лінейка ў самым пачатку 2000-х. Папрасілі розныя класы зрабіць сцэнкі. Мы вырашылі рабіць не проста нешта вясёлае, а канкрэтна эпатажнае. Тады Данілка са сваім вобразам Веркі Сярдзючкі быў на топе, таму доўга не шукалі. Засталося вырашыць, хто будзе Веркай. Лягчэй лёгкага!

Ігар Кулей у вобразе Сярдзючкі і цяпер.
Фота: уласны архіў

Я ўжо не памятаю, што там была за сцэнка, але было канкрэтна весела. Я ў панчошках ды мяхах, на абцасах, у міні-спадніцы з надзіманымі грудзямі і з гэтым смешным сярдзючкаўскім акцэнтам. Сябры-аднакласнікі да сёння падколываюць фоткамі з таго дня.

Вольга Ярохіна, рэдактарка Belsat.eu:

У першы клас я пайшла ў 1992 годзе. Час татальнага дэфіцыту ўсяго. Калі цяпер бацькі стаяць у вялікіх чэргах па кветкі, то тады, каб набыць нешта прыгожае, трэба было мець блат. Бацькі аднекуль знайшлі букет вялікіх руж – амаль з мяне ростам. Загарнулі іх у газету, каб шыпы не калолі, і далі мне ў рукі.

Вольга Ярохіна 1 верасня 1992 года і цяпер.
Фота: уласны архіў

Лінейка, у мікрафон дырэктар прамаўляе пра тое, каб мы ўсе добра вучыліся і шанавалі настаўнікаў, а потым вядучая кажа: «Давайце зараз павіншуем і нашага дырэктара». Ну, і некалькі дзетак панеслі кветкі дырэктару. Пайшла і я – хоць, натуральна, была не павінная. У бацькоў шок! Дзе тэрмінова знайсці кветкі для першай настаўніцы? Тата пабег на Камароўку і набыў нейкі крывы-касы букет. А ружы засталіся толькі на фота. Ну, і ўспаміны пра гэтую гісторыю таксама засталіся – цяпер ужо смяемся.

Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату»:

У мяне не вельмі смешная гісторыя, але запамінальная. Калі я пайшоў у школу, размаўляў толькі на палескім дыялекце. І пасля 1 верасня маіх бацькоў выклікалі ў школу з прэтэнзіямі: «Почему ваш ребенок не говорит по-русски, где его вообще растили?»

Аляксей Дзікавіцкі тады і цяпер.
Фота: уласны архіў

Аляксандра Макавік, кіраўніца моўнай службы «Белсату»:

1 верасня не згадваецца – мусіць, апошняя лінейка перад летнімі вакацыямі натхняла больш. Хоць у савецкай школе мы рабілі нямала цікавага, цяпер ужо экзатычнага:

– дасылалі рыс в’етнамскім дзецям (кампанія «Дапамога вʼетнамскаму сябру»);

– патрабавалі вызвалення амерыканскага палітвязня ды індзейца Леанарда Пэлтыера;

– разбіралі аўтамат Калашнікава;

– стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі;

– рыхтаваліся да ядравай вайны;

– хадзілі вайсковым шыхтам, а таксама:

– ліставаліся з замежнымі сябрамі (мой penfriend быў з Новай Зеландыі!);

– вывучалі брытанскія дыялекты з вінілавых кружэлак (бо англійская школа);

– збіралі металалом і дапамагалі людзям сталага веку.

Аляксандра Макавік тады і цяпер.
Фота: уласны архіў

Памятаю, два аднакласнікі ўчапіліся неяк на вуліцы за пажылой цётачкай, з намерам паднесці яе вялікую торбу. Яна спалохана прыспешвала хаду, пакуль не пабегла. Урэшце абганяюць яе: «Бабуля, а давайце мы дапаможам, сумку дадому занясем!» Тая, з палёгкаю: «Мае ж вы дзетачкі! Думала, хуліганы, – а вы цімураўцы!»

Такая загартоўка была не марная, каго толькі ні маем з школьнага выпуску: псіхатэрапеўта, вытворцу высокадакладнай оптыкі, вандроўнага фатографа, журналістку БТ, жаўнера Замежнага Легіёну, выкладчыцу матэматыкі ў ЗША, тэатральнага прадзюсара, праграмістаў па ўсім свеце, даследніка Кабалы ў Ізраілі ды моўніцу на «Белсаце».

Паважаныя чытачы! А што вы памятаеце пра 1 верасня? Пішыце свае гісторыі ў каментарах.

belsat.eu

Стужка навінаў