«Няма ніякай мяккай беларусізацыі». У Беларусі па-беларуску навучаюцца менш за 10 % першакласнікаў


Фота REUTERS/Vasily Fedosenko/Forum

У 2018/2019 навучальным годзе ў Беларусі вучыліся па-беларуску толькі 9,7 % вучняў першых класаў. І гэтая лічба з кожным годам скарачаецца. Чатыры гады таму, у 2014/2015 навучальным годзе, доля першакласнікаў, якія вучыліся па-беларуску, складала 12,1 %.

Такія лічбы на сайце «Ребёнок.By» прыводзіць эксперт у статыстыцы Дзмітрый Івановіч.

У гарадах па-беларуску навучалася 1,4 % першаклашак. Найбольш беларускамоўных школьнікаў было ў Менску і Менскай вобласці (па 2,7 %), найменш – у Віцебскай вобласці (0,1 %).

У сельскай мясцовасці доля вучняў першых класаў, якія навучаліся па-беларуску, складала 53,7 %. Найбольш іх было ў Гарадзенскай вобласці (72,4 %), найменш – зноў жа ў Віцебскай (45,8 %).

Для параўнання ў 2014/2015 гадах па-беларуску ў гарадах навучалася 1,7 % першакласнікаў, на сяле – 59,6 %.

На падставе гэтых звестак Дзмітрый Івановіч робіць выснову, што «у краіне ніякай «мяккай беларусізацыі» няма і не было».

Эксперт адзначае, што рэзкае скарачэнне колькасці вучняў, якія навучаюцца па-беларуску адбылося ў 1995 годзе. Напрыклад, у 1994 годзе ў першы клас з беларускай мовай навучання ў Менску набралі 58 % вучняў, а ў 1995-ым – толькі 19,5 %. Такія ж паказнікі назіраюцца па ўсіх вобласцях Беларусі, падкрэслівае Дзмітрый Івановіч.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў