11 класаў школы стануць абавязковымі. Вось што пра гэта кажуць настаўнікі


Напярэдадні міністр адукацыі Ігар Карпенка анансаваў пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Гэта значыць, што закончыць 11 класаў школы замест ранейшых 9-ці давядзецца ўсім абавязкова.

«Дадзеную заяву лічу вельмі памылковай. Ну, па-першае, абсалютна ўсе дзеці маюць розныя здольнасці. І ў некаторых іх проста няма. Навошта прымушаць дзяцей вучыцца 11 класаў, калі базавай школьнай адукацыі абсалютна дастаткова, каб дзяцёнак атрымаў прафесійную працоўную адукацыю і працаваў», – кажа настаўніца Марына Хоміч.

Сярод іншых новаўвядзенняў, якія чакаюцца разам з Новым кодэксам аб адукацыі, – комплексная разгрузка школьнай праграмы: з просьбай да настаўнікаў менш задаваць хатніх заданняў звярнуўся асабіста міністр Ігар Карпенка.

Рэпартаж Віталя Бабіна глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 верасня

Пра перагружанасць айчынных вучняў неаднаразова казаў і кіраўнік Беларусі, які сёння параіў школьнікам вучыцца, а не «пакурваць у прыбіральні».

«Ён нічагошачкі не разумее. Ну, толькі тое, што сынок малодшанькі скажа. Тады ў яго нейкае ўяўленне складаецца. Мы ўжо, увесь беларускі народ, усе беларускія дзеткі ўжо ад гэтага пацярпелі. Я маю на ўвазе «Коля хоча спаць». Дык вось загружаныя вучні – гэта з той жа оперы», – кажа былая завуч школы ў Віцебску, чалец Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяна Севярынец.

Апроч пераходу на абавязковую сярэднюю адукацыю Ігар Карпенка анансаваў і падвышэнне заробкаў настаўнікам – да сярэдняга па краіне. Што праўда, не так хутка, як бы хацелася – сярэднія «па пяцьсот» айчынныя настаўнікі, паводле міністра, пачнуць зарабляць толькі ў 2025 годзе.

«Неўзабаве ў нас выбары, і трэба кінуць нейкую костку. Ну, 25-ы год, ведаеце… Жыццё так хутка бяжыць, і тыя пяць гадоў так хутка пройдуць, але хочацца есці сёння, і не раз на дню», – дадае Таццяна Севярынец.

Паводле былой настаўніцы, каб сапраўды нешта змяніць у школьнай адукацыі, пачынаць трэба са стаўлення да настаўніка – каб не толькі годнымі заробкамі прывабліваць да працы, але і даваць магчымасць для творчай самарэалізацыі.

Сёння ўпершыню за школьныя парты селі 115 тысячаў беларускіх першакласнікаў. Агулам жа айчынныя школы ды гімназіі адчынілі свае дзверы для 1 030 000 вучняў.

Віталь Бабін, «Белсат»