Медыкам даплацяць за працу з хворымі на COVID-19: доктару – Br 100, медсястры – Br 25


Такія прапановы атрымалі медыкі ў адной з больніц Гарадзенскай вобласці.

Карэспандэнты Belsat.eu на ўмовах ананімнасці высветлілі, як працуюць медыкі ў звычайнай больніцы ў невялікім гарадку Гарадзенскай вобласці. Адразу скажам, што ніводнага пацверджанага выпадку каронавіруснай інфекцыі ў гэтай больніцы няма. Але меры бяспекі тут прымаюцца сур’ёзныя. На ўваходзе ў лякарню ўсім мераюць тэмпературу бескантактным тэрмометрам, пры гэтым наводзяць яго не на лоб, а не згін рукі – маўляў, так тэмпература мераецца больш карэктна. Для хворых на рэспіраторныя інфекцыі зрабілі асобны ўваход.

Лекары кажуць, што тэсты на каронавірус робяць усім, хто мае пнеўманію ці быў у непасрэдным кантакце з асобай, інфікаванай каронавірусам.

Hавiны
Міністр аховы здароўя патлумачыў, як зрабіць каранцін без каранціну
2020.04.11 18:13

Усё рэанімацыйнае аддзяленне працуе ў адмысловых касцюмах, на тварах рэспіратары з высокім узроўнем абароны. Працаваць у такім рэспіратары доўгі час цяжка, мембрана адкрываецца толькі на выдых, праз нейкі час у рэспіратары назапашваецца шмат вільгаці.

У іншых аддзяленнях медычны персанал працуе ў звычайных шматразовых масках. Даводзіцца іх мяняць кожныя 2 гадзіны, пасля чаго іх трэба праць і прасаваць. Адна з супрацоўніц кажа, што ў чацвер на аддзяленне далі літаральна 40 аднаразовых масак – на 20 работнікаў. Гэта была гуманітарная дапамога. Таксама не стае пальчатак.

 

Прыблізна тыдзень таму кіраўніцтва апытала супрацоўнікаў лякарні, хто з медыкаў з іншых аддзяленняў (не рэанімацыйнага) гатовы працаваць з хворымі на каронавірус. Агучваліся і прыблізныя лічбы даплат: 25 рублёў для медсястры і 100 рублёў для лекара (у месяц). Пакуль невядома, колькі медыкаў пагадзіліся на прапанову, але некалькі чалавек дакладна выказалі згоду працаваць з інфікаванымі на каронавірус. Але большасці персаналу больніцы – за 50 год, яны баяцца за сваё здароўе.

Даплаты для тым, хто будзе працаваць з інфікаванымі на каронавірус, прапісаныя і ў пастанове Міністэрства аховы здароўя №23 ад 27 сакавіка.

АЗ Belsat.eu

Усё па тэме каронавірусу чытайце тут.

Стужка навінаў