Міністр аховы здароўя патлумачыў, як зрабіць каранцін без каранціну


Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік на прэс-брыфінгу па выніках працы місіі САЗ у Беларусі. 11 красавіка 2020 года. Кадр з афіцыйнай трансляцыі на канале «UN Belarus»

На прэс-брыфінгу Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ па выніках працы ў Беларусі кіраўнік айчыннага Мінздароўя Уладзімір Каранік заявіў, што пазбегнуць каранціну дастаткова абмежаваннем кожным сваіх неабавязковых кантактаў на 25-50 %.

Паводле Уладзіміра Караніка, каранцін не спыняе эпідэмію, а дае магчымасці перазагрузкі для сістэмы аховы здароўя, калі яна не дае рады з наплывам пацыентаў.

«Сусветная арганізацыя аховы здароўя не раз заяўляла, што надзвычайныя абмежавальныя мерапрыемствы не прывядуць да ліквідацыі захворвання, – патлумачыў Уладзімір Каранік. – Татальны каранцін і разлучэнне людзей – скіраваныя на тое, каб запаволіць распаўсюд інфекцыі, даць магчымасць сістэме аховы здароўя перайсці ў рабочы стан».

«Калі кожны з нас абмяжуе нашыя неабавязковыя кантакты на 25 %, гэта зробіць неабходнасць скрайніх захадаў вельмі ўяўнаю. А калі колькасць неабавязковых кантактаў знізіць на 50 %, то тады краіна здольная прайсці гэты перыяд без перагрузкі сістэмы аховы здароўя», – працягнуў Каранік.

На гэты момант, на думку міністра, прычынаў уводзіць каранцін у Беларусі няма.

«Каранцін – не самамэта», – заявіў Каранік.

«Калі мы можам забяспечыць сацыяльную дыстанцыю без скрайніх захадаў па ізаляцыі людзей, то мы мусім гэта рабіць. Гэта ў першую чаргу залежыць ад усіх нас: ад нашай камунікацыі і ад выканання рэкамендацыяў. Мы лічым, што мы жывем у такі час, калі насельніцтва інфармаванае і іх не давядзецца амаль сілай заганяць па кватэрах і не выпускаць адтуль. Мы аналізуем рызыкі, мы даем рэкамендацыі, дзе яшчэ можна знізіць рызыку перадачы інфікавання, але ўсё залежыць ад таго, наколькі адэкватна гэтыя рэкамендацыі выконваюцца», – дадаў чыноўнік.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў