Маці-328 спыняюць галадоўку ля Адміністрацыі прэзідэнта. СТРЫМ

ВІДЭА

Удзельніцы «Руху маці-328» маюць намер ад 11 траўня прыпыніць галадоўку ў Калінкавічах і Пухавіцкім раёне, якая працягвалася 15 дзён. Сёння шэсць жанчын з Калінкавічаў прыедуць у Адміністрацыю прэзідэнта, каб дамагчыся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і яшчэ раз заявіць аб сваіх патрабаваннях.

Галадоўку з прычыны стану здароўя спыняюць 4 чалавекі ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі і 6 – у Калінкавічах.

Як паведаміла belsat.eu адна з калінкавіцкіх галадоўніц, Тацяна Канеўская, напярэдадні да іх у кватэру прыходзіў чыноўнік з мясцовага выканкаму і папярэдзіў, што на гэтым тыдні адказу ад Адміністрацыі прэзідэнта чакаць не трэба.

«Ён сказаў, што адказу на наш зварот, нейкіх далейшых зрухаў на гэтым тыдні не будзе. І папярэдзіў – калі медыкі перададуць яму, што нам зусім кепска – нас пачнуць прымусам вывозіць у лякарню. Нам гэта вельмі б не хацелася, таму прынялі рашэнні спыніць галадоўку. Гэта не значыць, што нашая барацьба скончаная, проста мы пераходзім да іншых метадаў. Да якіх канкрэтна – абвесцім заўтра каля Адміністрацыі прэзідэнта», – распавяла яна.

Паводле слоў Тацяны, на прыём да менскіх чыноўнікаў яны паедуць яшчэ галоднымі, а прымаць ежу пачнуць ужо ўвечары.

«Яшчэ мне хацелася б пракаментаваць словы старшыні Вярхоўнага суду Сукалы. Ён нагаварыў хлусні, а калі чалавек кажа такую хлусню прэзідэнту, значыць, Аляксандр Рыгоравіч дагэтуль не ведае праўды пра нашую сітуацыю», – лічыць Канеўская.

Адна з галадоўніц, якая прыйшла да Адміністрацыі прэзідэнта, распавяла, што ў калоніі, дзе адбывае пакаранне ейны сын, адмовіліся прымаць перадачу і паабяцалі «зрабіць салодкае жыццё».

Нагадаем, на мінулым тыдні Валянцін Сукала назваў дзеянні Маці-328 «недапушчальнымі» і «умяшаннем у правасуддзе». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што паслабленне адказнасці магчымае толькі для спажыўцоў наркотыкаў, але не для распаўсюднікаў.

***

Маці-328 пачалі галадаваць 27 красавіка, на пачатку акцыі пратэсту колькасць удзельніц дасягала 20 па ўсёй краіне. Частка прыпыніла галадоўку па рэкамендацыі медыкаў. Маці асуджаных па «наркатычных» артыкулах дамагаюцца зніжэння тэрмінаў пакарання, пераразгляду справаў і асабістай сустрэчы з Лукашэнкам. У апошнім ім катэгарычна адмовілі падчас сустрэчы з Наталляй Качанавай 2 траўня. Але тады ім паабяцалі, што адпаведны законапраект аб зменах у заканадаўства будзе неўзабаве перададзены на разгляд дэпутатам.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары