«Гэта ціск на правасуддзе». Лукашэнка і Сукала лічаць дзеянні Маці-328 «недапушчальнымі»


Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынём Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам і заявіў, што паслаблення адказнасці па «наркатычных» артыкулах не будзе.

Таксама Лукашэнка пракаментаваў дзеянні «Руху Маці-328» – жанчын, якія ўжо 12 дзён трымаюць галадоўку на знак пратэсту супраць вялікіх турэмных тэрмінаў сваім дзецям.

«Што тычыцца той формы, якая сёння абраная групай маці, то гэта з’яўляецца недапушчальным, гэта ціск і ўмяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас», – цытуе Сукалу БелТА.

Паводле словаў старшыні Вярхоўнага суду, з маці-галадоўніц у яго ягонае ведамства звярталіся толькі шэсць.

«Прычым дзве атрымалі, як мне здаецца, па скаргах задавальненне. Пакаранне было зніжана. Таму ёсць законны спосаб звароту ў Вярхоўны суд з нагляднымі скаргамі па кожным канкрэтным выпадку. Але нейкага паслаблення ўсеагульнага, асабліва для распаўсюднікаў, як заявіў кіраўнік дзяржавы, не прадугледжваецца», – сказаў чыноўнік.

Каментуючы запланаванае абмеркаванне ў парламенце змяненняў у Антынаркатычнае заканадаўства, Валянцін Сукала адзначыў:

«Гаворка ішла менавіта пра гэта, каб у тым праекце, які будзе, прадугледзець нейкую магчымую паблажку толькі ў дачыненні да спажыўцоў».

Старшыня Вярхоўнага суда таксама звярнуў увагу на тое, што ў дзейным заканадаўстве для спажыўцоў наркотыкаў прадугледжаны альтэрнатыўныя меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Паводле ч.1 арт.328 Крымінальнага кодэкса за незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркотыкаў прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

«Там пазбаўленне волі прызначаецца толькі ў дачыненні да 30% асоб. Дзе раней судзімыя, магчыма, нейкія асацыяльныя асобы. А ў дачыненні да астатніх прызначаецца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі», – лічыць Сукала.

***

Нагадаем, што на дадзены момант 11 жанчын галадуюць у Пухавіцкім раёне і ў Калінкавічах ужо 12-ы дзень запар. 2 траўня ўдзельніц галадокі запрасілі да Наталлі Качанавай у Адміністрацыю прэзідэнта, дзе ім паабяцалі хуткі разгляд законапраекту аб змякчэнні пакаранняў па «наркатычных» артыкулах. Большасць іхных блізкіх асуджаны па 3 і 4 частках 328-га артыкула КК і адбываюць турэмныя тэрміны ад 8 да 15 гадоў.

У сустрэчы з Лукашэнкам, якой дамагаліся жанчыны, ім катэгарычна адмовілі. Цяпер галадоўка працягваецца.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў