З Горадняй Максіма Багдановіча звязвае яго дзяцінства, тут ён пражыў 5 год. А яшчэ тут знаходзіцца магіла яго маці – Марыі Багдановіч, якая памерла ад сухотаў і была пахавана на Гарадзенскіх праваслаўных могілках. Менавіта каля яе магілы гарадзенцы і правялі паніхіду па славутаму паэту. У сваю чаргу, з нагоды 125-годдзя паэта Belsat.eu прадстаўляе цікавыя факты з біяграфіі Максіма Багдановіча.
Нарадзіўся Максім Багдановіч 9 снежня 1891 году ўвечары ў Менску. Сям’я Багдановічаў была заможнай. Бацька Адам працаваў настаўнікам, а маці Марыя даглядала малых Максіма і яго старэйшага брата Вадзіма. Але ў хуткім часе бацька Адам павінен быў прыпыніць настаўніцкую дзейнасць з-за хваробы. У пошуках новай працы Багдановічы пераязджаюць у Горадню. Гэта быў 1892 год. З гарадзенскага перыяду жыцця маленькага Максіма амаль нічога невядома. Там у Багдановічаў нарадзілася яшчэ двое дзяцей: хлопчык Леў і дачка Ніна.
Бацька Адам працаваў у сялянскім пазямельным у банку, а маці Марыя зноў такі займалася выхаваннем дзетак. Але бяда не абмінула сям’ю Багдановічаў. У 1896 годзе, пасля родаў дачкі, маці Марыя захварэла на сухоты ды ў хуткім часе памерла.
Адразу, пасля смерці маці Багдановіча, яго бацька Адам з’ехаў з дзецьмі жыць у Ніжні Ноўгарад. Фактычна там і адбылося станаўленне хлопчыка.
Бацька Адам узгадваў у сваіх успамінах, што Максім быў непаседай у дзіцячым узросце. У 1897 годзе будучы паэт бегаў і ўпаў, і нават амаль адкусіў сабе кавалачак языка, але хірургічная аперацыя ўсё выправіла.
У 11 год Максім паступае вучыцца ў Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Дзякуючы таму, што бацька Адам цікавіўся этнаграфіяй і збіраў беларускі фальклор, маленькі Максім і стаў цікавіцца беларускай культурай. Менавіта пад час навучання ў гімназіі Багдановіч спрабуе пісаць свае першыя вершы па-беларуску.
Ізноў жа бацька Адам адзначаў, што Максім быў хлопчык гарэзлівы, не слухаў выкладчыкаў, пастаянна спазняўся на ўрокі і час ад часу адмаўляўся выконваць патрабаванні настаўнікаў.
У чацвёртым класе Максім пачынае праяўляць свае рэвалюцыйныя погляды. Напярэдадні рэвалюцыі 1905 году Багдановіч стварае патаемны гурток анархістаў, ды перастае цікавіцца беларусістыкай, як сцвярджаў яго бацька Адам. У хуткім часе Максіма ўлады пачалі падазраваць у тэрарызме, калі яго сябар узарваў лесвіцу ў гімназіі. Але на допытах будучы паэт трымаўся цвёрда ды не даваў аніякіх сведчанняў супраць сваіх аднадумцаў.
За кепскія паводзіны і ўдзел у вучнёўскіх актах непаслухмянства атрымаў атэстат «нядобранадзейнага вучня». Такія погляды сфармаваліся ў Максіма хіба таму, што ў хаце Багдановічаў вельмі часта бывалі госці. Бацька Адам у сваю чаргу быў нарадавольцам, таму слухаючы размовы бацькі і яго сяброў пра патрэбу зменаў сітуацыі ў краіне, светапогляд у рэвалюцыйным кірунку сфармаваўся і ў маладога Максіма.
Цікавасць пачаць друкаваць свае тэксты Максім атрымаў ад сваёй хроснай маці – Вольгі, якая выпісвала адмыслова для яго «Нашу долю» ды «Нашу ніву». Аднак, не адразу «Нашаніваўцы» захацелі друкаваць тэксты Багдановіча. У траўні 1907 году малады паэт адсылае сшытак са сваймі творамі ў рэдакцыю «Нашай нівы», але рэдактар рэдактар Аляксандр Уласаў адправіў творы Багдановіча ў архіў. Аднак Максім не губляў надзеі надрукавацца і працягваў дасылаць вершы ў рэдакцыю. Напрыканцы жніўня творы Багдановіча трапілі ў рукі да Сяргея Палуяна, які адзначыў іх мастацкую вартасць. Менавіта тады і трапляюць творы Максіма ў друк.
Пазней Багдановічы перабіраюцца ў Яраслаўль. Максім працягвае друкавацца ды актыўна піша творы. Але ў хуткім часе яго спасцігае такое ж няшчасце, якое спасцігла ягоную маці – сухоты. Для змагання з хваробай Максім перабіраецца ў Крым, гэта быў 1909 год. Там жа ён і працягвае сваё навучанне. Пасля сканчэння вучобы паэт наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся з беларускімі адраджэнцамі.
Максім планаваў паступіць у Пецярбургскі ўніверсітэт, але з-за сырога клімату Пецярбурга адмовіўся ад гэтай ідэі. Такі клімат несумяшчальны з сухотамі. Таму і быў змушаны вярнуцца ў Яраслаўль.
У 1916 годзе Багдановіч вяртаецца ў Менск, цяжка хворы, але моцны духам. Паэт пасяліўся ў Змітрака Бядулі ды знайшоў сабе працу, а ўвесь вольны час прысвячаў літаратурнай дзейнасці. Менавіта тады паўстае славутая «Пагоня». На пачатку лютага 1917 году стаў здароўя паэта моцна пагоршыўся, таму ён зноў быў вымушаны з’ехаць у Крым на лячэнне. Аднак лячэнне не дапамагло. Адчуваючы набліжэнне смерці Багдановіч паспеў напісаць свой пасмяротны верш, у якім цешыўся, што пры жыцці выдаў свой паэтычны зборнік «Вянок» у 1913 годзе:
У краіне светлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты».
25 траўня 1917 года паэта не стала. Памёр ён у Ялце, дзе і быў пахаваны. Бацька Адам, як і іншыя родныя, не прысутнічалі на пахаванні.
«Ён не даў гаспадыні майго адраса, не жадаючы мяне трывожыць. Пасля яго смерці яна знайшла мой Яраслаўскі адрас і тэлеграфаваў па гэтым адрасе, а пакуль прыйшла тэлеграма з Яраслаўля быў ужо чацвёрты дзень. Я адразу на аўтамабілі адправіўся ў Ялту. Але ён ужо быў пахаваны…» – пісаў Адам Багдановіч.
Паэт Алесь Чобат у сваім вершы, які прысвяціў Багдановічу, разважае пра далейшы лёс паэта, калі б тады ён не памёр:
Ты не дажыў да актаў і дэкрэтаў
Але не гэта страшна для паэтаў.
Адно шкада – пісаць бы мог ды жыць…
Ты не сустрэў ні трыццаць пяць, ні сорак.
Ты не дажыў да чыстак і разборак.
ОГПУ не стала справу шыць.
А каб дажыў – схавалі б глуха ў шафу
І раздушылі ў лагеры, як жабу,
Пусцілі Слова на распыл ляцець…
О, што за Край пракляты і нялюбы,
Дзе кнігу, волю і жыццё ад згубы
Заўчасная адна ратуе смерць!
Маліліся гарадзенцы за душу Багдановіча
Горадня мае два сакральныя месцы, звязаныя з асобай паэта – магілу маці Марыі і дом Багдановічаў, які зараз з’яўляецца музеям у яго гонар. Сёлета Гарадзенская праваслаўная епархія актыўна далучылася да адзначэння юбілею Максіма Багдановіча.
На Старых гарадзенскіх праваслаўных могілках, каля магілы маці Багдановіча была праведзена паніхіда па паэту і яго бацьках Іерэем Паўлам Каспяровічам і дыяканам Барысам Барадзінчыкам. На жаль, падтрымаць ініцыятыву ды ўшанаваць памяць паэта і ягонай маці прыйшла нешматлікая колькасць гарадзенцаў.
Напрыканцы айцец Павел запрасіў наведаць 11 снежня Клуб праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, дзе адбудзецца вечарына, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Імпрэза адбудзецца ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора (вул. Акадэмічная, 2). Пачатак а 18:00.
Мікола Дзямідаў belsat.eu