«Людзі занепакоеныя». Што адбываецца ў Докшыцах, дзе здарыўся рэзкі ўсплёск пнеўманіі?

Чытачы і крыніцы «Белсату» ў Докшыцах, што на Віцебшчыне, паведамляюць пра рэзкі ўсплёск захворванняў у раёне.

Паводле звестак нашай чытачкі, Цэнтральная раённая больніца ў Докшыцах перапоўненая. Шмат паступае жыхароў раёну.

Як паведамляе суразмоўца belsat.eu з Докшыцаў, у горадзе было 40 чалавек з пнеўманіямі, на выходных дадаліся яшчэ 15. Паводле іншых звестак, на ўвесь раён каля 100 хворых, у першых з іх прыйшлі станоўчыя тэсты на каронавірус COVID-19.

«Дыягназ мянялі тры разы». Жыхарка Полацку памерла ад каронавіруса, у афіцыйнай статыстыцы яе няма

«Паўсюдна людзі кажуць, што раённая больніца нібыта перапоўненая хворымі з пнеўманіямі. Колькі насамрэч хворых – невядома, афіцыйных лічбаў няма. Людзі занепакоеныя», – паведаміў у каментары belsat.eu мясцовы краязнаўца і журналіст Кастусь Шыталь.

Сярод шпіталізаваных – двое каталіцкіх манахаў-капуцынаў. Ім рабілі тэст на каронавірус, але пакуль COVID-19 у іх не пацвердзіўся. На набажэнствы ў святыні цяпер ходзіць значна меней людзей, адзначыў суразмоўца.

У сувязі з сітуацыяй Докшыцкі райвыканкам выдаў распараджэнне, каб маскі ды пальчаткі насілі працаўнікі крамаў, аптэк і іншых падобных месцаў.

2000 – 68 000 смерцяў. Прагнозы вынікаў эпідэміі для Беларусі

«Я сустракаў тэкст гэтага распараджэння – яно такое ж, як было прынята перад тым у Полацку і Віцебску», – заявіў Кастусь Шыталь.

На сайце райвыканкаму ніякай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў раёне, няма. Адзіная навіна пра каронавірус прысвечаная адкрыццю дабрачыннага рахунку для барацьбы з COVID-19 на Віцебшчыне.

У Докшыцкай ЦРБ карэспандэнту «Белсату» адмовіліся даваць інфармацыю пра сітуацыю з захворваннямі.

150 тыс. подпісаў беларусаў з патрабаваннем увесці каранцін накіравалі ў САЗ

Згодна з апошнім перапісам, у Докшыцах на Віцебшчыне пражывае каля 7 тыс. чалавек.

МГ belsat.eu

Hавiны