«Дыягназ мянялі тры разы». Жыхарка Полацку памерла ад каронавіруса, у афіцыйнай статыстыцы яе няма

2 красавіка ў Абласной клінічнай больніцы ў Віцебску ад пнеўманіі памерла 68-гадовая жанчына. У яе быў выяўлены каронавірус. Аднак у афіцыйных крыніцах пра ейную смерць так і не паведамілі. У сацыяльных сетках інфармацыя з’явілася 3 красавіка.

Лідзія Мацвеева. Фота з асабістага архіву

68-гадовая жыхарка Полацку Лідзія Мацвеева ляжала ў аддзяленні неўралогіі ў Віцебскай абласной клінічнай больніцы на працягу некалькіх тыдняў.«Маме доўгі час балела спіна, яна пачала хадзіць да дактароў, яе паклалі ў Віцебскую абласную клінічную больніцу. І пасля таго, як зрабілі МРТ, выявілі дабраякасную пухліну на хрыбетніку. Правялі аперацыю, яна прайшла паспяхова. І літаральна праз два дні яна пачала кашляць, паднялася высокая тэмпература. Дыягназ мянялі тры разы», – каментуе сітуацыю Belsat.eu Аляксандр Мацвееў, сын Лідзіі Мацвеевай.

Аляксандр жыве ў Францыі і не можа прыехаць у Беларусь, пакуль зачыненыя межы. Ён рэгулярна падтрымліваў сувязь з мамай праз тэлефон, пакуль яе не перавялі ў рэанімацыю. Пасля гэтага пра стан жанчыны інфармавалі сваякі, якія жывуць у Беларусі:

«Ёй прапісалі антыбіётыкі, і праз некалькі дзён яна аказалася ў рэанімацыі з цяжкай формай пнеўманіі пад апаратам ШВЛ. 2 красавіка яна памерла. Ніякіх афіцыйных каментароў ад больніцы мы не атрымалі, дазваніцца было не магчыма. Пра ейны стан і смерць мы змаглі даведацца толькі праз знаёмых лекараў. Дыягназ каронавірус быў пастаўлены толькі ў моргу», – гаворыць адна са сваячак Лідзіі Мацвеевай.

Пасведчанне аб смерці Лідзіі Мацвеевай

Паводле сваякоў памерлай жанчыны, да таго моманту, як Лідзію Мацвееву перавялі ў рэанімацыю, яе лячылі ў адной палаце: «Аддзяленне неўралогіі Віцебскай абласной клінічнай больніцы, там яна ляжала, нікуды яе не перавялі. У звычайнай палаце, побач было некалькі чалавек. Што з тымі людзьмі – мы не ведаем».

Віцебская абласная клінічная больніца. Фота: «Белсат»

Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, Belsat.eu пазваніў у аддзяленне неўралогіі Віцебскай абласной клінічнай больніцы, але там параілі звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва: «У адміністрацыю званіце, калі ласка, у мяне няма такой інфармацыі».

Аднак на тэлефонныя званкі ў адміністрацыі ніхто не адказвае.

Другі смяротны выпадак у Віцебску: памерла інфікаваная каронавірусам 73-гадовая жанчына

Аляксандр Мацвееў быў шакаваны здарэннем і ў роспачы звярнуўся з заявай у Полацкі РАУС. Заяву ў мужчыны прынялі і зарэгістравалі пад нумарам 547 039. Вось тэкст заявы:

«Патрабую распачаць крымінальную справу ў адносінах Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, 30.08.1954 г. н., нарадзінца пас. Копысь, Рэспубліка Беларусь. Які, знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не прыняў неабходных мер па абароне насельніцтва ад распаўсюду асабліва небяспечнага віруса, у выніку чаго 02.04.2020 года ў Абласной клінічнай больніцы гораду Віцебску памерла Мацвеева Лідзія Дзмітрыеўна».

Медсястра з Менску: рэактываў на тэсты няма, як няма і масак, антысептыкаў, спецадзення

Сваю заяву Аляксандр Мацвееў каментуе наступным чынам: «Страшна тое, што ніякай інфармацыі людзям не паступае, прозвішчы загінулых не публікуюцца афіцыйна, усё хаваецца. Людзі павінныя ведаць, што адбываецца ў нас у краіне. Каранцін неабходны, неабходна абараніць лекараў».4 красавіка Лідзію Мацвееву пахавалі ў закрытай труне на Армейскіх могілках у Полацку. У той жа дзень да сваякоў памерлай прыехалі супрацоўнікі міліцыі з праверкай па заяве.

5 красавіка Міністэрства аховы здароўя паведамляла пра смерць 8 чалавек ад каронавіруса. Паводле вядомай медыям інфармацыі сярод памерлых ад COVID-19 не было Лідзіі Мацвеевай. Зранку 6 красавіка афіцыйная статыстыка падала звесткі пра 13 памерлых ад каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі. Імёнаў Міністэрства аховы здароўя не агучвае.

2000 – 68 000 смерцяў. Прагнозы вынікаў эпідэміі для Беларусі

Віктар Старавойтаў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны