Лідар «Akute»: мае дзеці будуць размаўляць па-беларуску лепей за мяне


Лідар папулярнага ў Беларусі ды Украіне рок-гурту «Akute» Стас Мытнік распавядае, як нарадзіўся ў расейскамоўнай сям’і ды сам перайшоў на беларускую.

Стас Мытнік нарадзіўся ў Магілёве ў расейскамоўнай сям’і. Але беларускую чуў з дзяцінства дзякуючы дзядулі. Найбольш запамінальнымі аказаліся небанальныя беларускія тосты кшталту «Няхай жыве і пасвіцца беларуская птушка бусел!».

Паводле лідара «Akute», тое, што гурт выступае на роднай мове, уплывае на яе папулярнасць:

«Людзі то пішуць, то кажуць, што раней беларускай мовай не цікавіліся. А пасля таго, як паслухалі нашыя песні, іх меркаванне змянілася. Я лічу, што гэта найлепшы спосаб зрабіць беларускую мову моднай. На мове не трэба ваяваць. На мове трэба любіць, ствараць, сябраваць».

«Akute» граюць па песні з кожнага альбому ў #BML Premium

Стас Мытнік заўважае, што ў апошнія гады беларуская мова стала значна больш ужывальнай.

«Вось гэта галоўнае. Мае бацькі не размаўлялі па-беларуску. Я з памылкамі, але спрабую. Пэўна, мае дзеці яшчэ больш, яшчэ лепей за мяне будуць размаўляць на мове», – мяркуе ён.

Музыка заклікае ўсіх, «чыё сэрца належыць Беларусі і ўсяму таму добраму, што з ёй звязана», падчас перапісу насельніцтва ў пытанні № 12 «Родная мова» ўказваць беларускую. «І напэўна, тады мы ўсе калісьці будзем размаўляць на ёй», – спадзяецца лідара «Akute».

Перапіс: звярніце ўвагу на пытанне нумар 12

Прыхільнікаў беларускай мовы непакоіць, што вынікі гэтага перапісу будуць яшчэ больш сумнымі, чым папярэдняга. Тады, у 2009 годзе, роднай беларускую мову назвалі ўсяго 53,2 % насельніцтва. На 20 % менш, чым падчас перапісу 1999 года.

«Белсат» выступае за сапраўднае раўнапраўе дзяржаўных моваў. Менавіта таму мы разам з партнёрамі распачалі грамадскую кампанію «Беларускамоўны», у межах якой быў зняты гэты відэаролік.

Падрабязней пра кампанію «Беларускамоўны».

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары