«Коммерсант»: Масква і Менск узгаднілі больш за палову інтэграцыйных «дарожных мапаў»


Расея і Беларусь узгаднілі 16 з 31 «дарожнай мапы, прадугледжанай праграмай эканамічнай інтэграцыі двух краінаў. Пра гэта піша газета «Коммерсант».

Гаворка ідзе пра «дарожныя мапы» да «Праграмы дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якую 6 верасня парафіравалі прэм’еры Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас.

Пра тое, што бакамі зроблена больш за 50% працы, расейскаму выданню паведамілі тры крыніцы, знаёмых з сітуацыяй у міжурадавых перамовах. Паводле адной з іх, па 16 картах усё ўзгоднена цалкам, да іх вяртацца не плануецца. Па якіх канкрэтна напрамках усё вырашана, газета не ўдакладняе.

«Задача – да 1 снежня выйсці на стопрацэнтнае ўзгадненне ўсіх «дарожных мапаў», – сказаў інфармаваны суразмоўца «Коммерсанта».

19 лістапада ў Маскве адбудзецца пасяджэнне Саюзнага савету міністраў, дзе абмяркуюць 7-8 «дарожных мапаў» з тых, што засталіся. Сярод іх – сельская гаспадарка, энергетыка і падатковае заканадаўства. Дарэчы, Масква ўвязвае кампенсацыю беларускаму боку стратаў ад падатковага манеўру менавіта з уніфікацыяй падатковага заканадаўства двух краінаў.

Суразмоўца «Коммерсанта» ў дзяржструктурах РФ, у сваю чаргу, растлумачыў, што адзіныя акты прадугледжваюць наяўнасць наднацыянальных органаў, якіх у Саюзнай дзяржаве пакуль няма.

«Па іх, як і па агульнай канстытуцыі, дамовіцца пакуль не ўдаецца», – растлумачыў ён. І дадаў: пра палітычную інтэграцыі ў рамках абʼяднання можна будзе казаць пасля таго, як запрацуе ўсё, што запісана ў эканамічных «дарожных мапах». Задума, адзначыла крыніца, складаецца ў тым, каб потым рухацца ў палітычную бок.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў