І Пуцін, і Лукашэнка пайшлі шляхам Брэжнева

Аляксандр
Класкоўскі

І беларускі, і расейскі лідэры старанна маладзяцца, гуляюць у хакей і акунаюцца ў вадохрышчанскую купель – карацей, вонкава пакуль мала нагадваюць Леаніда Брэжнева, лядашчага генеральнага сакратара ЦК КПСС з дрэннай дыкцыяй.

Але па сутнасці абодва выбралі ягоную сцяжыну – заставацца ва ўладзе па максімуму. Хоць у плане псіхалогіі, метадаў ўтрымання ўлады паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным ёсць і важныя адрозненні.

Расейскі правадыр схітраваў

На сустрэчы з Пуціным у Санкт-Пецярбургу 18 студзеня адзін з ветэранаў ці то згодна інструктажу, ці то ад чыстага сэрца прапанаваў, каб «працягласць працоўнай дзейнасці па кіраўніцтву краінай прэзідэнта не абмяжоўвалася канкрэтнымі тэрмінамі».

Расейскі лідэр адказаў не без палітычнага какецтва. Абмовіўшыся, што ён разумее трывогу за стабільнасць у краіне, Пуцін падкрэсліў, што «вельмі трывожна было б вярнуцца ў сітуацыю сярэдзіны 80-х гадоў, калі кіраўнікі дзяржавы адзін за адным, да канца сваіх дзён застаючыся ва ўладзе, сыходзілі з гэтай ўлады, не забяспечваючы пры гэтым неабходных умоў трансфармацыі ўлады».

Уладзімір Пуцін акунаецца ў палонцы на Вадохрышча, возера Селігер 19 студзеня 2018 года. Фота – Kremlin Pool / Russian Look / Forum

Падтэкст зразумелы: я, маўляў, не такі. І фармальна нібыта ёсць падставы. Некалькімі днямі раней, анансаваўшы канстытуцыйную рэформу, расейскі кіраўнік даў зразумець, што заставацца прэзідэнтам пасля 2024 года не мае намеру.

Але па сутнасці, адказваючы ветэрану (які, вядома ж, добра памятае «гонкі на лафетах», калі ў 80-х па чарзе хавалі кіраўнікоў СССР Брэжнева, Андропава, Чарненку), Пуцін схітраваў. Дурню зразумела, што нікуды ён не сыходзіць, а сабраўся перабудоўваць сістэму ўлады пад сваё новае месца. Магчыма, стане кіраўніком Дзяржсавета ці яшчэ кімсьці. Тытул няважны. Важна тое, што ён мае намер заставацца дэ-факта першай асобай.

Беларускаму лідэру лагічна ўзяць паўзу

Беларускія ж аглядальнікі пасля сенсацыйнага выступу Пуціна 15 студзеня перад Федэральным сходам сталі гадаць, як расейскі транзіт ўлады (хоць слова «транзіт», на мой погляд, тут недакладнае, паколькі дэ-факта улада нікому не перадаецца) адаб’ецца на паводзінах і планах Лукашэнкі ў аналагічным пытанні.

Беларускі афіцыйны лідэр ужо даўно туманна намякае на намер пераніцаваць Канстытуцыю. І вось, атрымліваецца, расейскі калега яго апярэдзіў. Але тыя, хто мяркуе, што гэта неяк закране амбіцыі Лукашэнкі, змусіць прыспешыць распрацоўку змяненняў у Асноўны Закон, на мой погляд, памыляюцца.

Хутчэй наадварот. Тым больш што ў Расеі можа ўсё пайсці наперакасяк. Шэраг тамтэйшых аналітыкаў мяркуюць, што крамлёўскі правадыр сам сябе перайграў, задуманая ім схема можа спарадзіць жорсткі канфлікт ва ўладных элітах.

«Што тычыцца канструкцыі ўлады, якую прапануе Пуцін, – яна абсалютна вар’яцкая і скончыцца крахам ўсёй пуцінскай мадэлі ўлады», – лічыць Леанід Радзіхоўскі. Сама гэтая канструкцыя, па яго выразу, гэта ўжо нават не двухгаловы арол, а трохгаловы цмок.

Уладзімір Пуцін падчас паслання Федэральнаму сходу. фота: kremlin.ru

Так што зараз беларускаму кіраўніку лагічна ўзяць паўзу, прыгледзецца, як атрымаецца з гульнямі вакол улады ў Нурсултана Назарбаева і Пуціна.

Ды Лукашэнка і так не гнаў коней. Гэта проста каментатары, якія стаміліся ад 25-гадовага кіравання першага прэзідэнта, спяшаюцца ўгледзець у ягоным марнаслоўі прыкметы падрыхтоўкі да транзіту ўлады.

Навошта ўскладняць сабе жыццё?

Давайце ўдумаемся, чаму Пуцін ўсю сваю наменклатуру паставіў на вушы намечанай перабудовай ўладнай канструкцыі. Фішка ў тым, што ён – фармальны законнік, не хацеў і не хоча парушаць канстытуцыйны ліміт прэзідэнцкіх тэрмінаў. Таму на чатыры гады (2018-2012) саступаў прэзідэнцкае крэсла Дзмітрыю Мядзведзеву. Таму і цяпер задумаў перацягнуць паўнамоцтвы на іншую пасаду.

У Лукашэнкі – зусім іншая псіхалогія і ніякай пашанотнасці што датычыць літары закону. Тым, хто яго добра вывучыў, цяжка сабе ўявіць, каб чалавек, кіруючы Беларуссю з 1994-га, не тое што на чатыры гады – на чатыры секунды камусьці саступіў стырно. А ліміт тэрмінаў прэзідэнцтва ён зняў яшчэ рэферэндумам 2004 года.

Дык навошта ўскладняць сабе жыццё, прыдумляць розных небяспечных трохгаловыя драконаў, калі можна элементарна аформіць чарговы пяцігадовы тэрмін на выбарах 2020-га, затым – 2025 года і гэтак далей – пакуль дазволіць асабісты біялагічны рэсурс.

Назарбаева, кажуць, падштурхнуў да транзіту ўлады стан здароўя. Ды і ў выпадку Пуціна мы не ведаем, чаму раптам такая спешка. Лукашэнка ж пакуль выглядае крапак крапаком, носіцца па лёдзе з клюшкай, спрытна спраўляецца з кавунамі і бульбай на сваёй фазэндзе – і, цалкам верагодна, будзе проста гнаць прэч самі думкі аб чортавым транзіце, пакуль не прыцісне.

Уладзімір Пуцін гутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам у час хакейнага матчу на «Шайба-арэне» ў чарнаморскім курортным горадзе Сочы, 15 лютага 2019 года. Фота – Сяргей Чырык/ POOL/Reuters/Forum

«Бацька» любіць сам руліць

У наяўнасці і яшчэ шэраг адрозненняў. Пуцін на пасадзе прэзідэнта аддае перавагу таму, каб пазбягаць публічных лупцовак, не лезці ў аператыўнае кіраванне эканомікай, а сыходзіць у сферы глабальнай палітыкі. Так што на чале таямнічага, завоблачнага Дзяржсавета яму будзе самае тое.

Лукашэнка ж любіць сам руліць, як дырэктар саўгаса. Яму відавочна дастаўляе задавальненне шыхтаваць падначаленых, прыводзіць іх у трымценне, ўлязаць у драбнюткія гаспадарчыя пытанні, паказваць сябе знаўцам ва ўсіх сферах. Нездарма нарадзіўся анекдот, як ён кіруе перабіраннем бульбы.

Адзначым, што беларускі правадыр, мяркуючы па ўсім, яшчэ больш недаверлівы, чым Пуцін. Магчыма, ён да канца не давярае нават самым адданым людзям з акружэння. Азербайджанскі ж варыянт – перадаць уладу ў спадчыну сыну – можа і спакусны, але не факт, што лёгка пракоціць ў Беларусі.

Нарэшце, тое, што Пуцін, мабыць, вырашыў працягваць знаходжанне ва ўладзе не праз аншлюс Беларусі, зусім не азначае, што Крэмль пакіне Лукашэнку ў спакоі з «паглыбленнем інтэграцыі». Таму што працягвае працаваць логіка вялікадзяржаўнага мыслення, застаецца стратэгічная мэта калі не паглынуць Беларусь, то мацней замацаваць у сферы ўплыву Масквы.

Усе гэтыя моманты таксама зусім не падштурхоўваюць беларускага прэзідэнта спяшацца з транзітам улады і ладзіць пераробку яе канфігурацыі. Ён напэўна упэўнены, што сам лепш за ўсіх агорае выклікі, у тым ліку з боку Масквы.

Па слядах дарагога Леаніда Ільіча

Лучыць жа Лукашэнку і Пуціна пры ўсіх знешніх кантрастах тое, што абодва дэманструюць фенаменальнае уладалюбства, якое ўсё мацней ўваходзіць у супярэчнасць з задачамі развіцця іх краін. І ў Беларусі, і ў Расеі забранзавелыя лідэры насаджаюць застой пад выглядам стабільнасці.

Нягледзячы на ​​пакатушкі па хакейнай пляцоўцы на пацешных турнірах, у іх няма сапраўднага драйву. Няма натхняльнай ідэі, моцнага праекту будучыні. Няма наогул ніякай ідэі, апроч думкі пра ўтрыманне ўлады.

І хоць Пуцін, хутчэй за ўсё, зменіць крэсла, а Лукашэнка будзе балатавацца ў прэзідэнты, пакуль дазволіць здароўе, па сутнасці абодва пайшлі шляхам генеральнага сакратара, па прозвішчы якога цэлую эпоху сталі называць брэжнеўскім застоем.

Новыя пакалення расейцаў і беларусаў будуць вывучаць сумныя для іх краін эпохі пуцінскага і лукашэнкаўскага застояў.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы “Меркаванні”

Глядзі таксама