Штогод 2 лістапада ў Беларусі адзначаюцца «Дзяды» – свята, якое бярэ свой пачатак яшчэ з паганства. З надыходам хрысціянства свята заставалася вельмі важным для нашых продкаў. Праз вялікую значнасць «Дзядоў» у тагачасным грамадстве касцёл быў вымушаны пайсці на саступкі ды ўпісаць свята ў хрысціянскую традыцыю.
Калі чалавек паміраў, то толькі тады ён станавіўся продкам ці «дзедам». У беларусаў «дзяды» былі добрыя ды злыя. «Добрым дзедам» станавіўся набожны ды адданы сваёй працы чалавек. У «злых дзядоў» пераўтвараліся забойцы, каты, рабаўнікі, ведзьмакі з ведзьмамі ды самагубцы. Людзі верылі, што ад такіх людзей Бог адварочваўся і тыя траплялі ў пекла.
Калі нашыя продкі сутыкаліся з жыццёвымі праблемамі, дык у першую чаргу яны маліліся «дзядам», а не Богу. Лічылася, што родны продак хутчэй пачуе ды дапаможа ў цяжкай сітуацыі, чымся Бог. Звярталіся да «дзядоў» за дапамогай нават пры складанасцях у паўсядзённай працы. Напрыклад, калі хварэлі дзеці ці хатняя скаціна, або калі не шчасціла на ўраджай.
«Дзяды» нечым падобныя да «Гэлаўіна». Нашыя продкі лічылі гэтае свята часцяком небяспечным. У даўнія часы людзі верылі, што ўначы з’яўляцца на могілках пад час гэтага свята вельмі рызыкоўна. Па павер’ю «злыя дзяды» пакідалі свае магілы ды блукалі па могілках, а калі ім трапляўся на шляху жывы чалавек, дык тыя катавалі яго да смерці а душу забіралі з сабой у пекла.
Чытайце таксама:
На «Дзяды» гаспадыні заўсёды рыхтавалі святочны стол з няцотнай колькасцю страваў. Стол жа павінен быў быць багатым, каб продкі не пакрыўдзіліся. Абавязковай стравай былі бліны. Менавіта ад «Дзядоў» і пайшоў выраз пра «першы блін, які комам». Лічылася, што першы блін нельга было есці ў гэтае свята. А ў таго, хто адважыцца з’есці яго, блін стане ўпоперак горла, комам. Згодна традыцыі, першы блін трэба было падзяліць на кавалкі ды пакласці каля вакна. Такім чынам гаспадыня выказвала пашану продкам.
2 лістапада лічыліся галоўнымі «Дзядамі», бо нашыя продкі звярталіся да «дзядоў» паводле аграрнага календару некалькі разоў на год. На Радаўніцу, на «Траецкія дзяды», якія ў хрысціянскай традыцыі займелі назву «дня Святой Троіцы». Пасля Дажынак, ва ўраджайныя гады людзі дзякавалі «дзядам» за добры ўраджай. Лічылася гонарам звязаць апошні сноп ды паставіць яго ў чырвоным куце. Такі сноп, дарэчы, называўся «дзедам». На Каляды людзі апошні раз шанавалі сваіх «дзядоў». Продкі верылі, што трэба шчодра адарыць калядоўшчыкаў, каб не пакрыўдзіць «дзядоў».
Доўга кантактаваць з «дзядамі» было нельга. Нашыя продкі баяліся, што межы паміж светам жывых ды памерлых могуць знікнуць. Таму праз некаторы час выправаджвалі душы сваіх продкаў адмысловымі спевамі ў замагільны свет. Стол жа адразу прыбірала гаспадыня, а недаедзеныя ствары аддавала хатняй скаціне. Пасля гэтага нашчадкі «дзядоў» параўноўвалі сваё жыццё з жыццём сваіх продкаў.
Мікола Дзямідаў, belsat.eu