Галюцынацыі тапельца Лукашэнкі: Украіна падбухторвае Еўропу «душыць Беларусь»

Да таго, што ў любых непрыемных сітуацыях Аляксандр Лукашэнка палохае беларусаў Майданам і абяцае ім, што так як ва Украіне, не будзе, мы ўжо прывыклі. Страх перад Майданам – гэта адна са «скреп», якія аб’ядноўваюць Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку і заахвочваюць Крэмль падтрымліваць беларускага кіраўніка нават тады, калі Лукашэнка адчайна супраціўляецца пуцінскім «інтэграцыйным» прапановам.

КЛАСІЧНЫ МАЙДАН ЎЖО Ў МЕНСКУ

Гэты страх трывала засеў на падкорцы не толькі Пуціна і Лукашэнкі, але і многіх беларусаў. Нават апазіцыйныя актывісты ўжо пасля пачатку распраў над удзельнікамі пратэстаў як заклінанне паўтаралі, што Майдану ў Беларусі не будзе.

Марш мудрасці ў Менску. 23 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Хоць і ў Беларусі, і ў Арменіі перад гэтым – класічны Майдан. Майдан – гэта калі людзі выходзяць на мірны пратэст, а ўлада іх б’е. Ну, а далей ужо пытанне, хто пераможа – дыктатар ці народ.

І менавіта таму, калі ў Беларусі пачаўся сапраўдны пратэст, Лукашэнка не проста стаў палохаць беларусаў Майданам, а яшчэ і сцвярджаць, што Кіеў непасрэдна ўдзельнічае ў дэстабілізацыі сітуацыі ў суседняй краіне – каб Майдан зладзіць.

Апошняй ілюстрацыяй такой прапаганды стала заява Лукашэнкі аб перахопе беларускімі чэкістамі тэлефоннай размовы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў – міністраў замежных спраў Украіны і Германіі. У гэтай размове кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Кулеба нібыта прапануе калегу Гайка Маасу «душыць» Беларусь:

«Мы губляем нашы магчымасці, не прадпрымаючы рашучых захадаў. Еўразвязу варта ўвесці сурʼёзныя санкцыі супраць Беларусі, каб паралізаваць дзейнасць дзяржавы, бізнесу і вытворчасцяў».

Гайка Маас і Дзмітрый Кулеба пасля прэс-канферэнцыі ў Берліне. Нямеччына, 2020 год.
Фота: FABRIZIO BENSCH / Reuters / Forum

ГАЛЮЦЫНАЦЫІ ТАПЕЛЬЦА, ЯКІ СПРАБУЕ ПАЦЯГНУЦЬ ЗА САБОЙ НА ДНО ЦЭЛУЮ КРАІНУ

Каментаваць сапраўднасць такой размовы нават няма сэнсу хоць бы з пункту гледжання палітычнай логікі. Украіна – не сябар Еўрапейскага Звязу. Яе міністр замежных справаў нават у самых смелых фантазіях не можа раіць калегу з Берліна, кіраўніку знешнепалітычнага ведамства адной з вядучых краін ЕЗ, якія санкцыі і супраць каго ўводзіць.

Ва Украіны як краіны, якая падпісала Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, існуе выключна магчымасць выбару – далучацца да тых ці іншых крокаў ЕЗ, або не. І, дарэчы, краіны, якія абралі сваім арыенцірам шлях еўрапейскай інтэграцыі, выкарыстоўваюць такую магчымасць па-рознаму. Украіна, як правіла, далучаецца да рашэньняў Еўразвязу. А Сербія, якая ўжо вядзе з Брусэлем дыялог пра сяброўства, санкцыі супраць Расеі і Беларусі ўводзіць не стала: на суверэнітэт краін-кандыдатаў ніхто не замахваецца.

Але Лукашэнку не да такіх тонкіх дыпламатычных матэрыяў. Для яго галоўнае – стварэнне тэорыі змовы. То ва Украіне створаны нейкі амерыканскі падрыўны цэнтр, які спрабуе знішчыць Беларусь. То яе міністр на расшыфроўцы КДБ нібыта распавядае калегам, што трэба зрабіць, каб гэта знішчэнне адбылося напэўна. Гэта самыя сапраўдныя галюцынацыі тапельца, які спрабуе пацягнуць за сабой на дно цэлую краіну.

І таму лагічны украінскі міністр замежных справаў, які Лукашэнку адказаў, што выступае прынцыпова супраць таго, каб ««душыць» Беларусь, яе бізнес і вытворчасць», а за тое, «каб даць Беларусі дыхаць свабодна».

Вось з гэтым «дыхаць свабодна» Аляксандр Лукашэнка з усіх сіл і змагаецца.

Віталь Портнікаў для Vot Tak TV

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў