А значыць, не прызнаюць і легітымнасці Лукашэнкі.
Еўразвяз не прызнае вынікаў выбараў у Беларусі. Пра гэта сёння заявіў Жузэп Бурэль, кіраўнік МЗС Еўразвязу.
«Мы лічым выбары ў Беларусі сфальсіфікаванымі, таму разглядаем Лукашэнку як нелегітымнага прэзідэнта Беларусі», – паведаміў ён.
Варыянтам выйсця з палітычнага крызісу ў Беларусі можа быць дыялог паміж уладамі і грамадствам. Яго магла б арганізаваць назіральная місія АБСЕ. Але праваабаронцам не ўдалося звязацца з беларускімі ўладамі.
Бурэль адзначыў, што ў хуткім часе будуць гатовыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Таксама варта перагледзець стасункі паміж ЕЗ і Беларуссю – цяпер разглядаюцца сферы, у якіх гэтыя стасункі можна прыпыніць або скараціць.
Украінская Вярхоўная Рада таксама не прызнала выбараў ў Беларусі.
«Выбары адбыліся пры поўнай адсутнасці канкурэнцыі паміж кандыдатамі, свабоднымі СМІ і аўтарытэтнымі назіральнікамі ад міжнародных арганізацыяў, такіх як АБСЕ і Рада Еўропы. Усё гэта дае падставы меркаваць, што афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў Прэзідэнта Беларусі не адлюстроўваюць рэальнай волі грамадзянаў Беларусі», – гаворыцца ў заяве.
Вярхоўная Рада заклікае вызваліць усіх палітзняволеных, а таксама наладзіць дыялог паміж грамадствам і ўладамі. Адным з варыянтаў выйсця з крызісу ўкраінскі парламент бачыць правядзенне новых сумленных выбараў.
Нагадаем, што раней сейм Літвы не прызнаў Лукашэнку кіраўніком Беларусі.
КТ belsat.eu