Эканамічны калапс, масавыя пратэсты і вайсковы мяцеж. Што адбываецца ў Венесуэле?

Мільёны жыхароў Венесуэлы пакінулі краіну за апошнія гады, інфляцыя за 2018 год склала больш за 1,5 мільёна адсоткаў, а група вайскоўцаў на гэтым тыдні зарганізавала спробу дзяржаўнага перавароту, якая аказалася няўдалаю.

Прэзідэнт Нікаляс Мадура заяўляе, што ва ўсім вінная ўнутраная апазіцыя і дзеянні «імперыялістаў» – перш за ўсё ЗША. Суседнія краіны называюць яго дыктатарам і кажуць, што Мадура стварыў гуманітарную катастрофу, якая пагражае ўсёй Лацінскай Амерыцы.

Няўдалая спроба

Некалькі дзясяткаў «радыкальна правых» жаўнераў і афіцэраў Нацыянальнай гвардыі Венесуэлы былі арыштаваныя ў сталіцы краіны Каракасе ўчора пасля спробы паўстання супраць урада Мадуры, паведаміла міністэрства абароны краіны. Групу паўстанцаў блакавалі ўрадавыя сілы, а потым абяззброілі.

Відэа з затрыманымі вайскоўцамі.

Аднак сам інцыдэнт выклікаў выхад на вуліцы шматлікіх жыхароў раёну, у якім адбывалася гэтыя падзеі – і пачаліся пратэсты… супраць дзеянняў урадавых войскаў. Каб разагнаць людзей, паліцыі прыйшлося выкарыстоўваць спецсродкі, у тым ліку слезацечны газ.

Лідар падкантрольнага апазіцыйным сілам Нацыянальнага Сходу Хуан Гуаідо заклікаў насельніцтва пачаць у сераду кампанію масавых пратэстаў, каб прымусіць Мадуру пайсці ў адстаўку.

Камунізм, нафта і наркотыкі

Сацыяльны, эканамічны і палітычны крызіс у Венесуэле пачаўся ў 2010 годзе яшчэ пры прэзідэнце Уга Чавесе і толькі паскорыўся пра Мадуры, які заявіў, што будзе працягваць палітыку Чавеса.

Спробы некампетэнтна кіраваць эканомікай праз дзяржаўныя органы, карупцыя, рэгуліраванне коштаў прывялі заможную краіну, якая атрымлівае мільярды долараў ад гандлю нафтай да гіперінфляцыі, галечы, дэфіцыту элементарных рэчаў, масавай злачыннасці і нават проста голаду.

Пляменнікі Нікаляса Мадуры арыштаваныя за кантрабанду наркотыкаў у 2015 годзе. Фота wikipedia.org

Праз тое, што ўрад нацыяналізаваў нафтавыя прадпрыемствы, аднак сам не змог эфектыўна кіраваць імі, Венесуэла з году ў год зніжала здабычу «чорнага золата», а ў 2015 годзе прыкладна ў 2 разы рухнулі і сусветныя кошты на нафту.

Пры гэтым прадстаўнікоў уладнай партыі, у тым ліку самога Мадуру, абвінавачваюць у маштабнай кантрабандзе наркотыкаў у ЗША і Еўропу. Вядома, што яшчэ Уга Чавес супрацоўнічаў з камуністычнымі баявікамі ў суседняй Венесуэле, галоўным сродкам фінансавання якіх быў гандаль наркотыкамі.

Дыктатура і крызіс

Крызіс прывёў да абвастрэння палітычнай барацьбы – супраць Мадуры выступіў парламент (Нацыянальны Сход), а Вышэйшых судоў Венесуэлы існуе аж два, адзін у краіне, а другі за мяжой. Мадура стварыў таксама Канстытуцыйны нацыянальны сход, які павінен напісаць новую канстытуцыю Венесуэлы. Канстытуцыйны нацыянальны сход, набраны амаль без выключэнняў з прыхільнікаў Мадуры, абвесціў сябе вышэйшай уладай у краіне і абмежаваў паўнамоцтвы Нацыянальнага Сходу.

Пад кіраўніцтвам Чавеса, а потым Мадуры, у Венесуэле былі ўведзеныя прадуктовыя карткі, кантроль валютнага курсу, з паліцаў крамаў зніклі малако, рыс, кава, алея, масла, туалетная папера і сродкі асабістай гігіены, лекі. У краіне пачаўся сапраўдны голад.

Венесуэльцы шукаюць ежу на сметніках. Фота wikipedia.org

На вольным рынку курс венесуэльскага балівара з 2010 па студзень 2018 год вырас з 10 балівараў за долар да 100 тысяч балівараў за долар, а ў 2018 годзе ўжо стаў каштаваць мільёны. У 2017 годзе, згодна з дадзенымі Федэрацыі фармацэўтаў Венесуэлы, дэфіцыт лекаў у краіне дасягнуў 85 адсоткаў і пераможаная ў 1960-х гадах малярыя зноў стала масавай хваробай.

Людзі з краіны пабеглі мільёнамі – калі ў 2016 годзе колькасць эмігрантаў ацэньвалася ў 100.000, то ў лістападзе 2018 года ААН ацаніла іхную колькасць у 3 мільёны. Гэта прыкладна 10 адсоткаў насельніцтва.

Відэа, на якім Мадура насалоджваецца стэйкамі і сігарамі ў рэстарацыі, пакуль мільёны людзей галадаюць, выклікала гнеў венесуэльцаў.

Генеральны сакратар Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў уругваец Лусі Альмагра гэтай восенню не выключыў, што суседнія з Венесуэлай дзяржавы могуць арганізаваць вайсковую інтэрвенцыю, каб спыніць гуманітарны крызіс, які дэстабілізуе ўвесь рэгіён.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў