«Дзяцей здаюць у камеру захоўвання». Што там у нас з дыстанцыйнай адукацыяй?


«Апошні званок», 30 траўня 2018 г.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Школьныя вакацыі пасля трэцяй чвэрці доўжыліся тры тыдні. Праз эпідэмію каронавіруса пачатак навучання пераносілі двойчы. 20 красавіка беларускія школьнікі зноў селі за парты. Belsat.eu разбіраўся, ці гэта ўвогуле нармальна.

Калі б беларуская школьная адукацыя была адаптаваная да новых тэхналогіяў, то дзецям не давялося б цяпер сядзець на занятках у масках.

Школы адчынілі на фоне росту выпадкаў інфікавання SARS-CoV-2

Паводле Мінадукацыі, 40 % дзяцей будуць хадзіць у школу, а міністр адукацыі Ігар Карпенка паабяцаў, што нікога «прымушаць не будзем».

Hавiны
«Прыйшлі 25 %». Бацькі павялі дзяцей у школы, не зважаючы на пандэмію каронавіруса?
2020.04.20 17:57

Абяцанне міністра прагучала 17 красавіка. У гэты ж дзень кіраўнік Беларусі прапанаваў вучыць дзяцей па суботах, каб не было патрэбы праводзіць заняткі летам.

Школы пачалі працу на фоне хуткага росту колькасці заражэнняў новым каронавірусам. За некалькі дзён пасля прапановы Аляксандра Лукашэнкі лічба зарэгістраваных выпадкаў інфікавання каронавірусам вырасла на амаль 29 % з 4779 (17 красавіка) да 6723 (21 красавіка).

Дыстанцыйная адукацыя ў Беларусі – імітацыя

Крыніца блізкая да Мінадукацыі ў размове з Belsat.eu назвала рашэнне адчыніць школы спробаю «здаць дзяцей у камеру захоўвання».

«У традыцыйнай сістэме адукацыі ўстаноўка на ўлік і кантроль. Там, дзе нібыта ўвялі дыстанцыйную форму адукацыі, педагогаў змушаюць прыходзіць на працу, каб адсядзелі належнае. Гэта сутнасць нашай дыстанцыйнай адукацыі. Сістэма проста не гатовая. Бюджэтаў на гэта няма. Паралельна ідзе падмена паняццяў. Дыстанцыйнай адукацыяй называюць онлайн суправаджэнне, калі дзецям і бацькам у “Viber” проста скідваюць хатнія заданні», – тлумачыць суразмоўца Belsat.eu.

Дыстанцыйная адукацыя ў школе – гэта не толькі магчымасць фізічна адсутнічаць у класе. Такая адукацыя прадугледжвае наяўнасць «буйной дыдактычнай адзінкі», прасцей кажучы, тэмы, якая дапаможа вучню набыць нейкую кампетэнцыю. Таксама дыстанцыйнае навучанне прадугледжвае ўзаемаадукацыю ўсіх удзельнікаў працэсу. Відэатрансляцыя ўрока і камунікацыя з вучнем праз чаты, калі падыходзіць фармальна, называецца онлайн суправаджэннем вучэбнага працэсу.

Hавiны
Адваротны бок IT-дзяржавы: палова беларускіх школаў нават не карыстаецца хуткасным інтэрнэтам
2019.10.31 15:13

«Грошай на спробы зрабіць дыстанцыйную адукацыю ў Беларусі пайшло шмат. Тое, што мы ўбачылі цяпер у палявых умовах – імітацыя. Пра што можна казаць, калі некаторыя настаўнікі нават мэйл не ўмеюць адправіць», – адзначае крыніца Belsat.eu блізкая да справы.

Дарэчы, спіс самых актуальных праблемаў, якія выявілі «доўгія канікулы», апублікаваў Telegram-канал «Злой Минобр». Адною з галоўных праблемаў называюць адсутнасць базавых тэхнічных магчымасцяў для лічбавання беларускай школьнай адукацыі ды нізкую матывацыю беларускіх настаўнікаў, якія не бачаць сэнсу вучыцца вучыць па-новаму.

Меркаванні
Ці прыжывуцца новыя правілы ў старой школьнай сістэме?
2020.04.20 13:28

У Смалявічах вучацца праз YouTube

«У большасці дзяцей няма сваіх планшэтаў, ноўтбукаў і камп’ютараў. У асноўным яны маюць тэлефоны. Мне спачатку падавалася, што немагчыма наладзіць нармальную дыстанцыйную адукацыю праз тэлефон. Потым я зразумела, што навучанне можна арганізаваць не на прыладах, а пры іх дапамозе, пакінуўшы асноўную частку ў падручніку, сшытку», – дзеліцца сваім досведам настаўніца расейскай мовы Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец.

Паводле настаўніцы, усё, што неабходна для адукацыі дзеці маюць у падручніках і папяровых крыніцах.

«Сваім вучням я даю вялікае заданне на тыдзень. Даю параграфы ў падручніку. Для старэйшых даю спасылкі на электронныя рэсурсы, каб падрыхтаваць свой праект. Малыя дзеці пішуць эсэ. А старэйшыя робяць 5-хвілінныя ролікі, у якіх гаворка ідзе пра адно з заданняў ЦТ. Гэты кантэнт выкладаецца на YouTube. Ролікі дзеці каментуюць і атрымліваецца, што аўтар прапрацаваў нейкае правіла як след, і той, хто паглядзеў атрымаў гэтае правіла, асэнсаванае праз нейкія лайфхакі аўтара. Так мы тыдзень трэніраваліся, а з гэтага тыдня ў нас афіцыйна дыстанс», – кажа настаўніца.

Дыстанцыйная адукацыя і каранцін у нашых суседзяў

Эстонія. Насельніцтва 1,328 млн. Выпадкаў інфікавання: 1,5 тыс.

Мінадукацыі Эстоніі вырашыла працягнуць рэжым онлайн-адукацыі да 15 траўня. Пасля гэтага пачнецца «пераходны перыяд» – школы будуць самастойна вырашаць ці варта правесці некалькі звычайных заняткаў. Вучні старэйшых класаў (9-12) ужо могуць вярнуцца ў школы. Зробяць гэта толькі тыя, у каго былі праблемы падчас адукацыі онлайн.

У рэйтынгу PISA (Міжнародная праграма ацэнкі якасці адукацыі школьнікаў) эстонскія школы занялі першае месца ў Еўропе і пятае ў свеце. Эстонія – адна з самых развітых «лічбавых дэмакратый» Еўропы. У краіне дзейнічае праграма «Электронная Эстонія» (e-Estonia), а камп’ютары бацькоў і школьнікаў падключаная да сістэмы e-Kool, якая дазваляе адсочваць хатнія заданні, ацэнкі, папярэджвае пра кантрольныя.

Эстонскі e-Kool працуе на 5 мовах

Нават у дыгіталізаванай Эстоніі пераход на онлайн-адукацыю быў няпростым. Напрыклад, некаторыя вучні не мелі ўласных хатніх камʼютэраў. Мясцовыя настаўнікі таксама кажуць, што ў эстонскіх невукаў былі праблемы з дысцыплінаю выканання хатніх заданняў, а таксама скардзяцца на павелічэнне аб’ёмаў іхнай працы.

Латвія. Насельніцтва 1,92 млн. Выпадкаў інфікавання: 748

Праз COVID-19 Латвія ўвяла рэжым надзвычайнага становішча. Ён будзе дзейнічаць да 12 траўня. Імаверна, што латвійскія школьнікі будуць вучыцца праз інтэрнэт да канца вучэбнага году. Частка старшакласнікаў будзе здаваць экзамены дыстанцыйна. Праўда, кіраўніца Мінадукацыі Латвіі Ілга Шуплінска прызнае, што забяспечыць такую магчымасць для ўсіх не атрымаецца.

Літва. Насельніцтва 2,794 млн. Выпадкаў інфікавання: 1,3 тыс.

З пераходам на каранцінны рэжым літоўскія электронныя платформы для онлайн-адукацыі паказалі сябе не найлепшым чынам – пэўны час яны проста не адкрываліся. Пазней усё наладзілася.

COVID-19 змусіў літоўскі ўлад набыць для дыстанцыйнай адукацыі 35 000 камп’ютараў, 15 000 планшэтаў і 10 000 ноўтбукаў. Навучальны год у Літве мае скончыцца 1 чэрвеня.

Украіна. Насельніцтва 41,9 млн. Выпадкаў інфікавання: 6,1 тыс.

Паводле ўкраінскага ўраду, крыху менш за 30 % украінскіх дзяцей могуць досыць якасна вучыцца на каранціне, і толькі каля 20 % украінскіх настаўнікаў былі гатовыя вучыць дзяцей на адлегласці. Самымі падрыхтаванымі да такой формы адукацыі былі ўкраінскі настаўнікі ангельскай мовы. Дарэчы, са статыстыкі Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця (OECD) вынікае, што нават у развітых краінах да онлайн-адукацыі былі гатовыя толькі 53 % настаўнікаў.

Польшча. Насельніцтва: 37,9 млн. Выпадкаў інфікавання: 9,8 тыс.

Польскія школьнікі, іхныя бацькі і настаўнікі карыстаюцца агульнанацыянальнай адукацыйнай платформай, якая нагадвае беларускі «электронны дзённік», сэрвісам epodreczniki.pl з канспектамі заняткаў і лекцыямі, якія паказвае дзяржаўнае тэлебачанне. Таксама іх можна паслухаць у эфіры «Польскага радыё».

Паводле даследавання, праведзенага ў першы тыдзень онлайн-адукацыі, 92 % польскіх вучняў спраўна рабілі хатнія заданні.

Польскі сэрвіс з электроннымі матэрыяламі для школьнікаў epodreczniki.pl

Расея. Насельніцтв: 144,5 млн. Выпадкаў інфікавання: 52 тыс.

14 красавіка Мінадукацыі РФ парэкамендавала школам увесці дыстанцыйную форму навучання. Хто мог, той і перайшоў. Варта адзначыць, што ў Расеі няма агульнай для ўсіх рэгіёнаў пляцоўкі для адукацыі праз інтэрнэт. Дзесьці вучацца на рэгіянальных платформах, напрыклад у Разанскай вобласці, а дзесьці «Zoom», «Skype», «WhatsАpp».

Сістэмы адукацыі большасці краінаў свету не былі гатовыя да эпідэміі і каранцінных захадаў. Злепленыя на скорую руку методыкі навучання праз інтэрнэт звярнулі ўвагу бацькоў і настаўнікаў на некалькі сур’ёзных хібаў «дыстанцыйнай» адукацыі:

  • Праверыць веды дзяцей праз класічныя пытанні проста немагчыма – яны гугляцца;
  • У некаторых выпадках дзяцей мучаюць тэстамі, прэзентацыямі і шматгадзінным сядзеннем перад экранам манітора;
  • Без сур’ёзных фінансавых уліванняў у тэхнічную школьную базу нічога не атрымаецца. Адукацыя ў рэжыме онлайн будзе эфектыўная, калі настаўнікам дадуць камп’ютары, навучаць карыстацца інтэрнэтам;
  • Адна з самых значных хібаў адукацыі праз інтэрнэт – абмежаваныя магчымасці ў атрыманні ведаў, калі ты з вёскі або з беднай сям’і. Напрыклад, у французскіх школах падчас каранціну ад 5 да 8 % дзяцей не маглі браць удзел у навучальным працэсе, бо проста не мелі камп’ютараў, таблетаў, смартфонаў, доступу ў інтэрнэт або праз тое, што інтэрнэт быў вельмі павольны.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў