«Прыйшлі 25 %». Бацькі павялі дзяцей у школы, не зважаючы на пандэмію каронавіруса?


Ва ўмовах распаўсюду каронавіруса ў Беларусі школьных вакацыяў не працягнулі. Гэтак пастанавіў кіраўнік дзяржавы. Belsat.eu высвятляў, ці адпусцілі бацькі сваіх дзяцей у навучальныя ўстановы і што пра гэта думаюць у школах, бо пад пагрозаю заражэння аказаліся настаўнікі.

Праз эпідэміялагічную сітуацыю сёлета Міністэрства адукацыі двойчы працягвала канікулы на тыдзень: чвэрць мусіла распачацца яшчэ 6 красавіка, але пачалася 20-га. Такое рашэнне ведамства прыняла, сыходзячы з рэкамендацый медыкаў.

Падчас паездкі ў Гарадзенскую вобласць 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць пачынаць навучальны працэс з наступнага тыдня. Паводле яго, «ВРВІ ўжо скончыліся», а ў вёсках наагул ідзе пасяўная – «куды падзець дзяцей»? Ягоны ўласны сын Мікалай зрабіў перапынак усяго ў тры дні, а потым вярнуўся ў школу.

Hавiны
Дзе Коля Лукашэнка – у школе ці на каранціне?
2020.03.17 10:39

Тым часам у структуры захворвання каронавірусам у свеце 78 % складаюць дарослыя. Медыкі з розных краін прыйшлі да высновы, што дзеці часта перажываюць вірус бессімптомна або ў лёгкай форме, але з’яўляюцца эфектыўнымі яго пераносчыкамі, чым могуць уяўляць небяспеку для старэйшых, асабліва – для людзей сталага веку. А школьныя настаўнікі вельмі часта патрапляюць у групу рызыкі.

У школу сёння: за і супраць

Маці двух менскіх гімназістаў – навучэнцаў 3 і 5 класаў – Алена кажа, што ў класе ейнага сына на вучобу ў панядзелак выйшлі толькі 7 дзяцей. Яна вырашыла адправіць на заняткі і яго, і дачку-трэцякласніцу. «У нас большасць бацькоў дзяцей у школу не павяла. Настаўнікі выклалі матэрыялы заняткаў на сайце гімназіі. Для кожнага класу па кожным прадмеце падрыхтаваныя або прэзентацыі ўроку, або відэа. Яны даступныя праз спасылку на галоўнай старонцы ўстановы.

Я сваіх сёння адпусціла ў школу, бо ў мяне ў сям’і медыкі – мама, сястра, цётка і бабуля была, і ў мяне такое дваякае стаўленне да ўсёй гэтай сітуацыі… Вакол сябе я ўсё адно не бачу на сто адсоткаў ізаляваных людзей. Я сваіх дзяцей абараніла, як магла: дала ім па чатыры маскі, антысептык, анучу, каб выцерці парту, калі будзе неабходнасць. Хаця класная нам сказала, што там цяпер добра прыбіраюць. Дзеці самі захацелі пайсці. Калі ім будзе некамфортна і заўтра яны не захочуць ісці, то не пойдуць. Нас ніхто не прымушаў», – кажа Алена.

Паводле жанчыны, яны з мужам прынялі такое рашэнне, бо абодва не працуюць на «аддалёнцы», а штодня ездзяць на працу на грамадскім транспарце.

Фота: Ірына Арахоўская /«Белсат»

«Нейкія сумневы ёсць. Магчыма, я паступаю няправільна. Часам схіляюся да таго, што, магчыма, не варта іх адпускаць, але я пакуль не магу ацаніць, наколькі маю рацыю», – дадае Алена.

Ганна, маці сямікласніцы, свае дзіцё адпускаць на заняткі лічыць небяспечным.

«Тое, што яны будуць займацца толькі ў адным кабінеце, не дае гарантыі, што яны не будуць кантактаваць між сабой. І каб майму дзіцяці даехаць да школы, яму трэба два прыпынкі праехаць аўтобусам, назад – таксама грамадскім транспартам. Дзеці зноўку ж ідуць у школу натоўпам. Рукі антысэптыкам яны яшчэ самыя памажуць, але ж дыхаць праз маску іх ніхто не вучыў – ім цяжка дыхаць. Пры гэтым пра нейкія захады засцярогі ў нас у школе нічога не кажуць – усю інфармацыю самастойна шукаем у інтэрнэце», – кажа Ганна.

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Тым больш яна ізалюе дачку, бо ў сям’і ёсць «кантактныя» першага ўзроўню. Сястры ейнага мужа толькі на 13-я содні пацвердзілі, што яна «кантакт», а да таго яна прыходзіла ў госці да сваякоў. Акрамя таго, «кантакт» ёсць і на працы ў мужа Ганны.

«Раптам мы ўжо носьбіты і можам заразіць іншых? Таму будзем займацца дома самастойна. Хаця, на гэты момант, не магу нават зразумець, як гэта будзе адбывацца. Спадзяюся, класны кіраўнік будзе дасылаць тэмы, якія яны ў школе пройдуць», – разважае Ганна.

Што кажуць дырэктары школ?

Дырэктарка менскай гімназіі №24 Таццяна Лукша ў каментары belsat.eu распавяла, што запоўненасць школы на сённяшні дзень – 25%.

«Прыйшлі тыя дзеці, каго бацькі адпусцілі, палічылі патрэбным. Вы ж улічвайце. што ў нас школа ў самым цэнтры гораду, а не ў мікрараёне, а гэта значыць дарога [праз горад]. Таму тыя 25%, якія прыйшлі…», – кажа яна.

Hавiны
Міністр адукацыі раскрытыкаваў дыстанцыйнае навучанне
2020.04.17 18:03

З прафілактычных мер у гімназіі выконваюцца: тэрмаметрыя (і дзецям, і настаўнікам), дэзынфекцыя ўсіх памяшканняў, паверхняў і інвентару, апрацоўка рук антысепткамі ў адмысловых дазатарах па ўсёй школе, дыстанцыя ў буфеце і падчас заняткаў фізкультурай на вуліцы.

«Настаўнікі і дзеці ходзяць усе ў масках, па жаданні і ў пальчатках. Дзеці сядзяць у класах у шахматным парадку», – дадала дырэктарка.

Паводле яе, ніхто з настаўнікаў цяпер не хварэе.

Дыстанцыйныя заняткі ў адной з прыватных менскіх школ.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Мы таксама звязаліся з адміністрацыямі шэрагу школ у Віцебску, аднак у большасці ўстановаў нам адмовіліся каментаваць прысутнасць дзяцей на занятках.

Гэтак, дырэктарка віцебскай школы №29 Вольга Разноўская на пытанне, ці шмат дзяцей прыйшло сёння на заняткі, адказала, што «сітуацыя разная», але лічбы называць адмовілася і параіла звяртацца ў раённы аддзел адукацыі.

Дырэктар школы №27 Ілля Цімафееў сказаў, што такую інфармацыю можа назваць «толькі пры асабістым прыёме і законнаму прадстаўніку» дзіцяці.

Дырэктарка школы №40 у Віцебску Людміла Дзямідчык распавяла:

«У нас і хварэюць дзеці, і ёсць адсутныя, але заняткі праходзяць у звычайным рэжыме. Бацькі нічога не выказвалі, усе ставяцца з разуменнем, дзеці ў класах прысутнічаюць. У мяне са 120 настаўнікаў на бальнічным 7 чалавек, а з тэхперсаналу – 4 з 56 хварэюць»

Яна таксама адзначыла, што статыстыку па колькасці прысутных дзяцей перадае ў абласное ўпраўленне адукацыі: «Сёння вось пацікавіліся, якая ў мяне напоўненасць школы», – сказала педагог.

***

На мінулым тыдні на сайце petitions.by з’явілася петыцыя да Мінадукацыі з патрабаваннем завяршыць 2019/2020 вучэбны год проста цяпер. Аўтары звароту прапануюць адпаведны закон, які дазволіў бы правесці атэстацыю вучняў па выніках трох чвэрцяў, а таксама скасаваць выпускныя іспыты. Дыстанцыйнае навучанне, у сваю чаргу, яны лічаць неэфектыўным, бо відэаурокі зрываюцца, камп’ютары ёсць не ва ўсіх і нагрузка пры індывідуальнай працы размяркоўваецца нераўнамерна.

Паводле апошніх звестак Мінздароўя, у Беларусі зафіксавана 6 264 выпадкі каронавірусу, больш за ўсё – у Менску і Віцебскай вобласці, а 51 пацыент памёр.

Новости
У учителя 5-й минской гимназии нашли коронавирус. Детей отправляют на карантин
2020.03.30 13:49

КА, ВР belsat.eu

Стужка навінаў