Супраць рашэння мясцовых уладаў паўстала адмысловая петыцыя. Пад пытаннем не толькі лёсы выхаванцаў, але і далейшае існаванне вёскі Вялікія Лётцы на Віцебшчыне. Без школы і дзіцячага дому населены пункт папросту знікне.
Пра хуткае закрыццё базавай школы і дзіцячага дому жыхары вёскі Вялікія Лётцы чулі даўно. Але летась чуткі сталі рэальнасцю: 24 красавіка Упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкаму пастанавіла зачыніць базавую школу. Днямі прынялі рашэнне і пра закрыццё дзіцячага дому. Прычына – адсутнасць бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне ўстановаў.
«Дзеці задаволеныя ўмовамі жыцця і стаўленнем настаўнікаў, яны выказваюць жаданне працягваць вучыцца і развівацца ў сценах Вялікалятчанскана дзіцячага дому», – адзначаецца ў петыцыі.
Вялікалятчанскі дзіцячы дом абсталяваны ў адпаведнасці з усімі сучаснымі патрабаваннямі, грошы на ягонае развіццё выдзяляла дзяржава ды еўрапейскія спонсары. У дзіцячым доме жывуць 84 выхаванцы ва ўзросце ад 3 да 17 год, і яны ж складаюць каля 90% вучняў мясцовай школы. Гэта найбуйнейшы дзіцячы дом у краіне. Славуты ён яшчэ і тым, што ў ім створана адмысловая выхаваўчая сістэма: дзеці жывуць асобнымі групамі па 10-12 чалавек пад наглядам пары выхавальнікаў, жанчыны і мужчыны, якія мусяць замяніць выхаванцам сапраўдных бацькоў.
«Вялікую занепакоенасць выклікае магчымасць раздзялення родных братоў і сёстраў, то бок дзеці будуць здраджаныя яшчэ раз, бо ў іх забяруць апошняга роднага чалавека… Гэта парушэнне ўсіх маральных арыенціраў, якія стагоддзямі ўсталёўваліся ў народнай свядомасці», – пішуць аўтары петыцыі.
Петыцыя супраць закрыцця дзіцячага дому і школы ананімная, паколькі супрацоўнікі ўстановаў баяцца, што потым могуць узнікнуць праблемы з працаўладкаваннем. З той жа прычыне кіраўніцтва дзіцячага дому цяпер адмаўляецца даваць каментары.
На момант публікацыі пад петыцыяй падпісалася больш за 1400 чалавек.
Віктар Старавойтаў, belsat.eu