Дзень мітынгаў за вызваленне Аляксея Навальнага. Хроніка дня


Сёння, 23 студзеня, па ўсёй Расеі праходзяць акцыі за вызваленне палітыка Аляксея Навальнага. Апазіцыянера арыштавалі пасля вяртання ў Маскву з Берліна, дзе ён лячыўся пасля спробы яго забойства баявым ядам класу «Навічок». Мітынгі пройдуць ад Далёкага Усходу да Калінінграда. Апошнія два дні ўлады Расеі пагражалі актывістам і нават школьнікам, затрымлівалі і арыштоўвалі каардынатараў і валанцёраў штабоў Навальнага. У спецпрыёмнікі адправілі супрацоўнікаў Фонду барацьбы з карупцыяй. Нашы калегі з Vot tak TV вядуць онлайн з акцый пратэсту.

21:50. У Расеі, паводле падлікаў «ОВД-Инфо», цягам дня былі затрыманыя 2501 асоба. Мы завяршаем сённяшнюю хроніку пратэстаў, якія прайшлі па тэрыторыі ўсёй Расеі. Дзякуем, што былі з намі!

19:30. У Маскве і Санкт-Пецярбургу працягваюцца затрыманні. Прадстаўнік ФБК Леанід Воклаў абвясціў новыя пратэсты ў Расеі праз тыдзень.

18:35. З міліцыі вызвалілі Юлію Навальную. Вядома пра 1614 затрыманых ва ўсёй Расеі.

18:10. У Санкт-Пецярбургу сілавікі зачышчаюць плошчу Паўстання. Затрыманы журналіст Vot Tak TV Арсеній Веснін, ён паведамляе пра збіццё затрыманых у аўтазаку.

17:16. У Санкт-Пецярбургу ўжо затрымалі каля 300 чалавек, перадае карэспандэнт Vot Tak TV.

17:10. У Маскве працягваюцца затрыманні.

16:45. У Маскве пратэстоўцаў выціснулі з Пушкінскай плошчы, паведамляе карэспандэнт Vot Tak TV.

16:13.
Паводле ацэнак Reuters, у суботу ў цэнтры Масквы на акцыю пратэсту сабралася не менш за 40 000 чалавек. 1090 чалавек затрымалі сёння на акцыях пратэсту ў РФ — па «ОВД-инфо».

16:04. Па Неўскаму праспекце ідуць людзі, але іх стала прыкметна менш. Пратэстоўцы павольна пачынаюць разыходзіцца. АМАП адрэзаў іх адзін ад аднаго, перадае наш піцерскі карэспандэнт.

15:37. У Расеі, паводле падлікаў «ОВД-Инфо», затрыманыя 863 чалавекі.

15:30. У Санкт-Пецярбургу перакрылі Неўскі праспект. Як удакладняе карэспандэнт Vot Tak TV, усяго ў акцыі бяруць удзел блізу 30 тысяч чалавек. У Маскве затрымалі Юлію Навальную.

Пратэст у Санкт-Пецярбургу.
Фота: ANTON VAGANOV / Reuters / Forum
Санкт-Пецярбург, Неўскі праспект.
Фота: vot-tak.tv

15:20. У Маскве пратэстоўцы выйшлі на праезную частку. Аўтамабілісты на Цвярской сігналяць у падтрымку ўдзельнікаў акцыі.

15:15. Усяго ў Расеі на акцыях пратэсту ў падтрымку Аляксея Навальнага затрымалі як мінімум 381 чалавека, паведамляе «ОВД-Инфо». Сярод іх — 18 журналістаў.

14:56. У Санкт-Пецярбургу людзі з Сенацкай плошчы ідуць да Неўскага праспекту. Процістаянне ля Меднага вершніка працягваецца. АМАП выкарыстоўвае адносна пратэстоўцаў сілу, б’е іх дубінкамі.

Усяго ў Санкт-Пецярбургу за вызваленне Аляксея Навальнага мітынгуюць «дзясяткі тысяч чалавек». Пра гэта паведамляе карэспандэнт Vot Tak TV. Людзі, у прыватнасці, скандуюць: «Расея без бруду».

14:43. У Екацярынбургу АМАП выціснуў пратэстоўцаў з набярэжнай на лёд. Пасля чаго сілавікі самі выйшлі на лёд, каб дагнаць мітынгоўцаў.

https://twitter.com/JAVAROB2/status/1352940663655038976

14:22. У Санкт – Пецярбургу ў мітынгоўцаў завязалася бойка з паліцыяй. Пратэстоўцы спрабуюць адбіць затрыманых. АМАП, у выніку, адступіў да Меднага вершніка, паведамляе карэспандэнт Vot Tak TV.

14:06. У Маскве затрыманая паплечніца Навальнага Любоў Собаль.

14:01. Масква, Пушкінская плошча

13:59. У Маскве на Пушкінскай плошчы скандуюць: «Расея без Пуціна». Сілавікі б’юць людзей дубінкамі, удзельнікі акцыі крычаць у адказ: «Ганьба».

Тэлеканал «Дождь» паведамляе, што ў дом, які знаходзіцца побач з маскоўскім месцам збору пратэстоўцаў, прыйшлі паліцыянты. Яны «вырубілі электрычнасць, залезлі на дах».

У Санкт-Пецярбургу перакрытая Сенацкая плошча. Паводле паведамленняў нашых журналістаў, туды прыйшлі каля 300 пратэстоўцаў, яны скандуюць: «Далоў цара». Затрыманні працягваюцца. Паведамляецца пра збоі сувязі.

13.56.Паліцэйскія адпусцілі Іллю Варламава.

13:51. Любоў Собаль і Руслан Шаведдзінаў з ФБК едуць на Пушкінскую плошчу ў Маскве

13:45. Штаб Навальнага паведамляе, што ў Чыце паліцэйскія адмовіліся разганяць мітынг. Людзі пляскаюць сілавікам і крычаць: «Малойцы».

А на Пушкінскай плошчы ў Маскве паліцыя працягвае затрымліваць пратэстоўцаў. Акцыя ў расейскай сталіцы павінна пачацца праз 15 хвілін.

13:44. Сенацкая плошча ў Санкт-Пецярбургу перакрытая. На месцы каля 300 пратэстоўцаў, 500 супрацоўнікаў Амапа. Ужо затрыманыя 70 чалавек, іх адпраўляюць «на праверку», многіх даглядаюць. Суседнія станцыі метро і ўсе суседнія вуліцы перакрытыя, перадае наш карэспандэнт.

13:37. У Санкт-Пецярбургу ўжо 50 затрыманых. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Vot Tak TV з Сенацкай плошчы.

Самі паліцыянты кажуць, што яны «проста адпраўляюць людзей на нейкую праверку», кажа карэспандэнт Vot Tak TV. Удакладніць, што за праверка, у яго не атрымалася – яго выштурхалі локцямі.

13:29. У Маскве затрыманая ўжо больш за 40 чалавек, паведамляе «МБХ медиа». Паліцыя затрымлівае нават правакатараў з прапуцінскай арганізацыі НВР.

13:28. У Маскве на Пушкінскай плошчы паліцыя затрымала Іллю Варламава. Сілавікі дзейнічаюць жорстка, паведамляюць карэспандэнты Vot Tak TV.

Фота: Аляксандр Жураўлёў / Vot Tak TV

Таксама паліцыя павяла падлетка 11-13 гадоў. Ён здымаў тое, што адбываецца.

13:00. «ОВД-Инфо»: паліцыя затрымала больш за 200 расейцаў на мітынгах у падтрымку Навальнага

За час пратэстаў за вызваленне апазіцыянера Аляксея Навальнага паліцыя затрымала больш за 200 чалавек. Больш за ўсё – у Хабараўску (28 чалавек). Аб гэтым паведамляе «ОВД-Инфо».

Тым часам, пратэсты пераходзяць у Маскву. Паліцыя працягвае затрымліваць людзей. У тым ліку і тых, хто нічога не выкрыкваў і не трымаў ніякіх плакатаў.

Мітынг у Іванаве.
Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

ШТО ПРЫВЯЛО ДА МІТЫНГАЎ

Палітыка Аляксея Навальнага затрымалі ў аэрапорце Шарамецьева 17 студзеня. У той дзень ён вяртаўся ў Расею пасля лячэння ў берлінскай клініцы Charité, куды трапіў у жніўні 2020 года пасля замаху з выкарыстаннем баявога яду з групы «Навічок». Як высветлілі следчыя, Навальнага спрабавалі забіць супрацоўнікі НДІ-2 ФСБ.

Яшчэ перад вяртаннем Навальнага ФСВП заявіла, што абвясціла палітыка ў вышук. На думку турэмнай службы, Навальны парушыў умовы выпрабавальнага тэрміну па справе «Іў Рашэ». Нібыта інспекцыя не ведала аб яго лячэнні і адрас у Нямеччыне. Аднак адвакаты палітыка гэта абверглі. ФСВП патрабуе змяніць тэрмін Навальнага з умоўнага на рэальны. І, на думку ведамства, да таго як гэтае пытанне вырашыць суд, палітык павінен заставацца пад вартай.

Hавiны
Крымінальная справа, пагрозы і затрыманні. Расея рыхтуецца да суботніх пратэстаў
2021.01.22 20:11

18 студзеня суддзя Хімкінскага гарсуда Алена Марозава адправіла Навальнага ў СІЗА «Матроская цішыня» на 30 сутак. Пасяджэнне «выязнога суду» прайшло ў аддзеле паліцыі № 2 УМУС па Хімках. Адвакаты падалі апеляцыю.

Прыхільнікі Навальнага пасля арышту абвясцілі аб Усерасейскім мітынгу 23 студзеня. Ініцыятарамі акцый сталі мясцовыя штабы палітыка. Цягам некалькіх дзён перад акцыяй сілавікі затрымалі дзясяткі актывістаў, у тым ліку супрацоўнікаў ФБК і «Навальный LIVE». Іншым выдалі папярэджанне аб недапушчальнасці пратэстных мерапрыемстваў.

Ужо пасля затрымання на Youtube-канале Навальнага выйшла відэарасследаванне аб таемным палацы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Палац размешчаны на беразе Чорнага мора ў вёсцы Праскавееўка Краснадарскага краю. Заяўляецца, што ў рэзідэнцыі Пуціна ёсць падземны лядовы палац, уласнае казіно, тэатр, вялікія вінаграднікі, некалькі верталётных пляцовак і многае іншае.

Відэа паглядзелі ўжо больш за 60 млн разоў.

Іван Маслаў/АА / Vot Tak TV

Стужка навінаў