Два экс-прэзідэнты Арменіі на лаве падсудных. Пашыньян дабівае ворагаў?


Упершыню ў гісторыі на лаве падсудных апынуліся два экс-прэзідэнты. Гаворка пра Арменію, дзе два гады таму адбылася аксамітная рэвалюцыя. Да Робэрта Качар’яна, які быў арыштаваны летам 2018-га, дадаўся працэс супраць Сэржа Саргсьяна. Што ім інкрымінуюць і навошта прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян ініцыяваў рэферэндум?

Незразумела, каго тут больш: прыхільнікаў, праціўнікаў або паліцыі. У мінулы аўторак у Ерэване адбылося першае паседжанне ў справе трэцяга прэзідэнта Арменіі Сэржа Саргсьяна. Яго, а таксама экс-міністра сельскай гаспадаркі ды іншых топ-чыноўнікаў вінавацяць у растраце з рэзервовага фонду ўраду Арменіі каля мільёна долараў. Саргсьян сваю віну адмаўляе.

Каментуе Тыгран Хзмальян, сустаршыня Еўрапейскай партыі Арменіі:

«Інкрымінуюць яму не вельмі вялікую, паводле мерак ягонага багацця, суму – каля мільёна долараў, якія, як сцвярджае абвінавачанне, скрадзеныя пры размеркаванні дызельнага паліва гадоў 10 таму. Гэта выглядае не вельмі сур’ёзна, бо афіцыйныя звесткі кажуць, што да траціны бюджэту Арменіі ўсе гэтыя гады папросту знікалі ў кішэнях алігархаў».

Першае паседжанне мела тэхнічны характар: па сутнасці, справу Саргсьяна пачнуць разглядаць бліжэйшымі тыднямі ці месяцамі. Тады трэці прэзідэнт Арменіі далучыцца да кампаніі другога прэзідэнта – Робэрта Качар’яна, абвінавачанні супраць якога нашмат больш сурʼёзныя: яго вінавацяць у звяржэнні канстытуцыйнага ладу ў 2008 годзе, калі ў выніку пратэстаў у Ерэване загінулі 10 чалавек.

Гаворыць палітычны аглядальнік з Ерэвану Айк Галат’ян:

«Адно з абвінавачанняў у адрас дзейнай улады было ў тым, што справа Качар’яна мае занадта асабісты характар для прэмʼер-міністра Пашыньяна. І людзі задаваліся пытаннем: калі ты крытыкуеш старую ўладу, то чаму на лаве падсудных толькі другі прэзідэнт, а не трэці ці нават першы».

ВІДЭА
Міністр замежных справаў Арменіі: Ад беларускай зброі гінуць нашыя суайчыннікі
2019.05.19 10:12

І другі, і трэці прэзідэнты свае справы называюць палітычна матываванымі. Дадатковы кантэкст у тым, што крымінальную справу супраць Саргсьяна сталі разглядаць напярэдадні канстытуцыйнага рэферэндуму. Калі папраўкі ў асноўны закон пройдуць, сямёра з дзевяцярых суддзяў Канстытуцыйнага суда адправяцца ў адстаўку. Улічваючы, што мінулаю восенню Канстытуцыйны суд прыпыняў справу супраць Качар’яна, зразумела, чаму дзейны прэмʼер Нікол Пашыньян так дамагаецца змены складу Канстытуцыйнага суда.

«Гэта своеасаблівая спроба дамагчыся вотуму даверу ў народу і перабіць хвалю, якую ўздымае апазіцыя пры падтрыманні сваіх маскоўскіх гаспадароў», – працягвае Тыгран Хзмальян.

На хвалі рэвалюцыі 2018 года рэйтынг Пашыньяна ў Арменіі дасягнуў фантастычных 92 %, паводле Інстытуту Гэлапа. Праз амаль два гады дзейнасць старой улады станоўча ацэньваюць прыблізна 25 % армянаў. Новы суд – гэта збольшага і апеляцыя да каштоўнасцяў рэвалюцыі 2018 года, кажуць у Ерэване.

Каментуе палітолаг Эдгар Варданьян:

«Трэба працягнуць у існасці рэвалюцыйны працэс. Мы разумеем, што судовыя ўлады яшчэ не сфармаваліся і старая сістэма дзеіць па інерцыі. Некаторыя суддзі зразумелі, што змяніліся правілы гульні, але шмат хто жыве яшчэ ў старым рэжыме».

ВІДЭА
Тыгран Хзмальян: Арменія ў сваёй краіне – нахлебніца
2019.11.03 08:45

На фоне судовых працэсаў гучаць і пытанні да новай улады, у прыватнасці пра адсутнасць новых працоўных месцаў, нізкія тэмпы росту сярэдняга заробку.

Тыгран Хзмальян:

«Усе гэтыя працэсы хутчэй датычаць сферы відовішчаў, а што датычыць таго, што народ лічыць хлебам, з гэтым не так добра, хоць эканамічныя вынікі Арменіі – асабліва ў справаздачах міжнародных арганізацыяў – вельмі ўражваюць. Рост 7 %, часам нават больш, барацьба з ценявой эканомікаю, карупцыяй – гэта ўсё так».

Аднак крытыкі дзейнага кабінету звяртаюць увагу, што рост ВУП выкліканы не столькі інвестыцыямі, колькі вывядзеннем бізнесу з ценю. Раней прыблізна мільярд долараў падаткаў сыходзіў міма бюджэту, а гэта амаль чвэрць ВУП краіны.

«Бачных вынікаў, асабліва ў сацыяльна-эканамічнай сферы, ва ўладаў няма. Невыпадкова, калі мы глядзім агітацыю вакол канстытуцыйнага рэферэндуму, рэгулярна чырвонаю ніткай праходзіць, што інвестыцыі пойдуць у краіну пасля рэферэндуму», – падсумоўвае Айк Галат’ян.

Яшчэ адзін выклік, які стаіць перад Пашыньянам і які таксама звязаны з ягонаю барацьбою са старымі элітамі, – сітуацыя ў Нагорным Карабаху, дзе ў канцы сакавіка пройдуць выбары прэзідэнта. І другі, і трэці прэзідэнты Арменіі звязаныя з элітамі непрызнанай рэспублікі Арцах, і ўжо праз іх свой уплыў можа ўзмацняць Масква. А гэта ў сваю чаргу можа прынесці афіцыйнаму Ерэвану праблему куды больш сурʼёзную, чым барацьба з карупцыяй.

Аркадзь Несцярэнка belsat.eu

Калаж з фота на прэв’ю: Aleksiej Witwicki/Reuters/Forum; David Mdzinarishvili/Reuters/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 28.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў