Міністр замежных справаў Арменіі: Ад беларускай зброі гінуць нашыя суайчыннікі

ВІДЭА

З шасці краінаў-удзельніц «Усходняга партнёрства» толькі на тэрыторыі Беларусі няма канфлікту. Ва Украіне ідзе вайна на ўсходзе дзяржавы, справакаваная Расеяй. У Малдове да гэтага часу не ўрэгуляваны прыднястроўскі канфлікт, які пачаўся яшчэ ў савецкі час. Арменія і Азербайджан працягваюць супрацьстаянне вакол Нагорнага Карабаху. У той жа час афіцыйны Менск не стаіць убаку і пастаўляе зброю Азербайджану. Што пра гэта думаюць у Ерэване? Брусельскае інтэрв’ю рэдактара «ПраСвету» Сяргея Пелясы з міністрам замежных справаў Арменіі Заграбам Мнацаканьянам.

Спадару міністр, усе ўдзельнікі «Усходняга партнёрства» і сябры Еўразвязу прыехалі на гэтыя ўрачыстасці з нейкімі прапановамі. Польшча, напрыклад, прапаноўвала больш пайсці ў бок інстытутаў: стварыць сакратарыят, ці каб краіны «Усходняга партнёрства» паміж сабою стварылі нейкую структуру без Еўразвязу. З чым Арменія прыехала на гэты саміт, з якімі прапановамі?

У Польшчы былі дастаткова цікавыя прапановы, якія ў пэўнай ступені мусяць быць ацэненыя, і мы мусім лепш зразумець ды ацаніць, наколькі яны будуць спрыяць эфектыўнаму развіццю гэтага працэсу. Што датычыць Арменіі, для нас самае галоўнае ў тым, што панятак «Еўропа» і панятак «супраца ў межах Еўропы» маюць вельмі шмат слаёў ды выяўляюцца па-рознаму. Для нас самае важнае ў тым, наколькі мы можам выкарыстоўваць гэтую супрацу, каб умацоўваць беспасярэдне нашыя нацыянальныя інтарэсы і ўмацоўваць тое, што датычыць архітэктуры нашай бяспекі ды ўмоваў для развіцця краіны.

Мы сёння кажам пра Еўропу цяперашняга часу, але Еўропа ведала розныя этапы свайго развіцця, яна мела досыць цяжкія часы ў гісторыі. Мы мелі да гэтага беспасярэдняе дачыненне. Літаральна некалькі дзён таму мы адзначалі чарговую гадавіну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перамогу ў Другой сусветнай вайне, і, вядома ж, мы, усе народы, і цывілізацыйна, і з гледзішча каштоўнасцяў, і з гледзішча бяспекі, маем агульныя мэты, агульныя заданні. Выкарыстанне назапашанага досведу ці назапашанага зместу супрацы спрыяла пэўнаму поспеху, дастаткова відавочнаму поспеху ў кантэксце стабільнасці, бяспекі і дабрабыту ў Еўропе. Гэты досвед сапраўды мае важнае значэнне. Канфрантацыйнасць у Еўропе для нас застаецца празмерна адчувальным і цяжкім пытаннем. Вельмі часта кажуць пра геапалітыку ўва ўсім гэтым.

Што датычыць Арменіі ды таго, што адбываецца ў Арменіі. Тое, што было ў Арменіі ў мінулым годзе ў красавіку-траўні, аксамітная рэвалюцыя – гэта выбар народу, гэта нашая ўнутраная справа. Тое, што мы робім у Арменіі, – гэта датычыць нас, яно не мае нейкага геапалітычнага падтэксту і кантэксту. Геапалітыкі тут абсалютна няма. З іншага боку, мы перыядычна чуем каментары адносна пэўнай геапалітычнай рызыкі. У нас ёсць свая геапалітычная рызыка – пытанні, якія маюць для нас найважнейшае экзістэнцыйнае значэнне. Тое, што адбываецца ў дачыненнях з Турцыяй, ці адсутнасць гэтых дачыненняў – гэта для нас геапалітычная рызыка. Пабудова нашай сістэмы бяспекі, архітэктуры нашай бяспекі, яе скансалідаванасць дыктуе тое, як мы будуем наш вонкавапалітычны курс.

Арменія. Рэвалюцыя – гэта не страшна

Спадару міністр, уражвае, што сярод шасці краінаў «Усходняга партнёрства» ёсць дзве дзяржавы, гэта Арменія і Беларусь, якія ў рознай ступені ўдзельнічаюць у еўраазіяцкіх інтэграцыйных праектах з Расеяй. І сёння, напрыклад, міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей казаў, што трэба інтэграваць інтэграцыі, то бок аб’ядноўваць Еўразвяз з тымі структурамі, якія там ёсць, у якіх удзельнічае Арменія і Беларусь разам з Расеяй. Як у Арменіі гэта бачаць?

Мы з Беларуссю працуем у межах нашых інтэграцыйных працэсаў: гэта і АДКБ, гэта і Еўразійскі саюз. Гэта выбар Арменіі – працаваць такім чынам, каб трымаць кансалідаванымі нашыя нацыянальныя інтарэсы. Еўропа – гэта для нас дастаткова шырокі панятак. Тут і Беларусь, і Арменія маюць беспасярэдняе дачыненне. Нашыя інтэграцыйныя працэсы не адарваныя ад агульнаеўрапейскага парадку, наколькі мы можам узаемна дапаўняць гэты парадак, каб умацоўваць агульную сістэму бяспекі і агульны парадак развіцця ў агульнаеўрапейскім кірунку. Пытанне, наколькі мы можам супастаўляць такія працэсы, каб змяншаць рызыку канфрантацыі ды карыстацца тым станоўчым парадкам, які зыходзіць з інтэграцыйных працэсаў, працэсаў кааперацыі і супрацы. Гэта адкрытае пытанне, не вельмі лёгкае пытанне, асабліва ва ўмовах цяперашняга парадку. Мы разумеем гэта. Але гэта не азначае, што мы адмаўляемся бачыць перавагі кааперацыі. Я сёння казаў падчас панэлі: не трэба забываць, што 75 гадоў таму на гэтым кантыненце, нашым кантыненце, была зусім іншая сітуацыя. Мы ўсе бачылі і ведаем перавагі супрацы. Не забыць таго, што было, і нагадваць сабе, якія альтэрнатывы можа несці ў сабе канфрантацыя, асабліва ў сённяшнія дні, больш як дарэчы.

Пытанне, якое датычыць продажу зброі Беларуссю Азербайджану. Я сустракаў такія каментары з азербайджанскага боку і нават з боку беларускіх каментатараў, што, маўляў, Беларусь прадае ракетныя сістэмы для таго, каб на Паўднёвым Каўказе стварыць баланс. Вы верыце ў гэта?

Не, мы гэтага не прымаем, гэта непрымальна. Мы хаўруснікі ў межах АДКБ і маем абавязкі ў межах АДКБ. Тое, што датычыць беларускай зброі ў Азербайджане, прашу ўлічыць, што ад гэтай зброі гінуць нашыя суайчыннікі. Для вас гэта бізнес, для нас гэта зброя, якая забівае нашых людзей. Таму гэтая адчувальнасць у нас была і застаецца вельмі высокаю. То бок не адчувальнасць, а проста непрымальнасць.

Ці ёсць нейкія аргументы, каб пераканаць Беларусь абмежаваць такога роду бізнес?

Аргументы такія: адсутнасць бяспекі ў Паўднёва-Каўказскім рэгіёне будзе мець вельмі моцныя наступствы. Гэта датычыць інтарэсаў значна шырэй за наш рэгіён. Гонка ўзбраенняў у нашым рэгіёне не спрыяе стабільнасці. Мы застаемся прыхільнымі вельмі строга мірнага ўрэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту, і ў нас ёсць вельмі ясныя пазіцыі ў гэтым сэнсе. Самае галоўнае – гэта не проста нейкае аморфнае пытанне, а пытанне, што датычыць экзістэнцыйнай бяспекі нашых людзей. Мы маем дастаткова цяжкую гісторыю, звязаную з гэтым канфліктам: калі ў 1990-ыя гады былі сітуацыі, што Нагорнага Карабаху магло проста не быць, калі ў пачатку 1990-х 40 % Нагорнага Карабаху было акупавана Азербайджанам і 40 % нашага насельніцтва закранулі этнічныя чысткі. Арменія была і застаецца гарантам бяспекі Нагорнага Карабаху. Карабах змог абараніць сябе. Сёння склалася сістэма бяспекі, якая ажыццяўляецца выключна сіламі Нагорнага Карабаху. Я яшчэ раз паўтару: Арменія была і застаецца гарантам бяспекі Нагорнага Карабаху.

Для нас гэта экзістэнцыйнае пытанне, калі мы маем сітуацыю, у якой забойца чалавека армянскай нацыянальнасці робіцца героем Азербайджану, калі ставяцца ўльтыматумы і потым робяцца спробы агрэсіі, як гэта было ў красавіку 2016 года. Для нас усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што гэтае пытанне датычыць строга экзістэнцыйнай бяспекі канкрэтных людзей. Гэта канкрэтныя людзі, яны маюць імёны і прозвішчы. Гэта не нейкая абстракцыя для нас. Патэнцыял абароны кажа пра тое, што так, будуць наступствы, і яны будуць датычыць усіх. У гэтым сэнсе няма альтэрнатывы мірнага ўрэгулявання гэтага канфлікту. І ўсялякае спрыянне эскалацыі сітуацыі не ў інтарэсах свету. Гэта пытанне адказнасці.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 17.05.2019

Фота: Alexander Shcherbak/TASS

Глядзі таксама
Каментары