Тыгран Хзмальян: Арменія ў сваёй краіне – нахлебніца

ВІДЭА

Праект «СССР-2» пачаўся ў Ерэване 20 гадоў таму расстрэлам армянскага парламенту. Тады тэрарысты забілі васьмярых асобаў, у тым ліку кіраўніка ўраду Арменіі. 30 асобаў былі параненыя. Тэрарысты здаліся пасля перамоваў з прэзідэнтам Робэртам Качар’янам, і частка з іх да сёння сядзіць у турме. Ці былі акрамя выканальнікаў тыя, хто замовіў смерць? Як крывавая атака на дэмакратыю ў Ерэване звязаная з падзеямі ў Беларусі і прыходам да ўлады Уладзіміра Пуціна? Пра гэта – у інтэрв’ю з Тыгранам Хзмальянам, старшынём Еўрапейскай партыі Арменіі.

Што тады адбылося ў Ерэване роўна 20 гадоў таму?

Гэта простае пытанне – былі знішчаныя выканаўчая і заканадаўчая ўлада. Быў зроблены дзяржаўны пераварот. У той жа час гэта вельмі складанае пытанне, таму што мы не адразу зразумелі, што насамрэч здарылася. Прайшло 20 гадоў, стала ясна, што ўсё гэта адбылося ў кантэксце не армянскай, а больш глабальнай сітуацыі. Мы цяпер разумеем, што расстрэл у армянскім парламенце, калі былі забітыя прэмʼер-міністр, спікер парламенту, міністры, практычна палітычная эліта, да ўлады прыйшоў і аднаасобна стаў Робэрт Качарʼян, адгукнулася нам літаральна праз два месяцы. Хоць тады мы не звязалі гэтых дзвюх падзеяў. Праз два месяцы, у канцы снежня 1999 г., праўда, без страляніны адбыўся яшчэ адзін ціхі пераварот. Ельцын сказаў, што ён стаміўся, сышоў у адстаўку, замест яго прыйшоў Уладзімір Пуцін. Цяпер пасля столькіх гадоў мы разумеем, што і ў Арменіі, і ў Расеі адбылося адно і тое ж. Хутчэй за ўсё, у Арменіі была проста рэпетыцыя. Да ўлады прыйшоў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Пуцін – у Маскве; ягоныя агенты КДБ, якія праводзілі дзяржаўны пераварот, – у Арменіі. Гэта павінна было працягвацца. Збольшага ў нейкіх месцах гэта ўдалося, у іншых – не. Але цяпер мы проста разумеем, што пачатак праекту «СССР-2» быў пакладзены менавіта 20 гадоў таму ў Ерэване.

Погляд з Арменіі: Пашыньян хутчэй за ўсё гуляў на баку Масквы супраць Менску

Тады ў 1999 г. Лукашэнка меў надзею заняць пазіцыю прэзідэнта Саюзнай дзяржавы. Літаральна праз паўтара месяца пасля трагічных падзеяў у Ерэване падпісалі Саюзную дамову паміж Расеяй і Беларуссю. Тады яшчэ быў Ельцын. Праз некалькі тыдняў прэзідэнтам стаў Пуцін. Усё гэта адбывалася на фоне пачатку чарговай вайны супраць Чачэніі, у Беларусі зніклі апаненты Лукашэнкі. Гэта ўсё звёны аднаго ланцуга або проста разрозненыя падзеі ў розных краінах, якія суседнічаюць і маюць агульнае мінулае?

У гэтым уся справа. Калі мы набяром розуму і здолеем узняцца над сваймі дробнымі рэспубліканскімі драмамі, мы ўбачым, што ўсё гэта сапраўды звёны аднаго ланцуга. Гэта звёны аднаго гіганцкага перавароту для аднаўлення СССР, Расейскай імперыі. Калі мы зразумеем, што гэта адбывалася менавіта так, зусім іншай павінна стаць нашая рэакцыя, рэакцыя дэмакратычных сілаў у гэтых краінах. Мы перш за ўсё павінны абʼяднацца, стварыўшы дэмакратычны альянс, дэмакратычную вось супрацьстаяння, таму што нас забівалі, саджалі ў турмы, атручвалі. Усё гэта працягваецца па адзіночцы, па частках. Калі маса пазнае, што гэтыя часткі ёсць адным цэлым, то мы выпрацуем агульную тактыку супрацьстаяння.

Выканальнікаў тэракту асудзілі, і яны працяглы тэрмін праводзяць у турме. Але заказчыкі афіцыйна невядомыя. Гэта нашае меркаванне, мы абʼядноўваем розныя факты, робім выснову, што хтосьці, імаверна, ёсць заказчыкам. На якой падставе можна сцвярджаць, што хтосьці быў заказчыкам гэтага злачынства?

Гэта вельмі вялікая размова для кароткага тэлевізійнага інтэрвʼю. Я толькі скажу, што выканаўцаў было шэсць чалавек. Іх арыштавалі таксама на месцы. Яны нікуды і не беглі, памылкова мяркуючы, таму што яны марыянеткі, што цяпер да іх на дапамогу прыйдуць тыя самыя заказчыкі. Яны называлі гэтыя імёны. Цяпер з шасці чалавек засталіся толькі двое. Яны і іхныя самыя блізкія сваякі памерлі пры загадкавых абставінах. Нехта ў турме, хтосьці на волі, хтосьці трапіў пад аўта, хтосьці патануў. То бок мы бачым, што ўсё гэта працягвалася. Галоўны выканальнік, Наіры Гунаньян, нядаўна падаў прашэнне аб памілаванні. З ім сустракаўся адзін з апазіцыйных дэпутатаў. Ён заявіў, што ў параўнанні з заявамі забойцы, маючы на ўвазе, што той назваў нейкія новыя імёны і факты, цяперашняе расследаванне зусім іншага злачынства, якое адбылося ў апошні дзень прэзідэнцтва Робэрта Качар’яна, 1 сакавіка 2008 г. (яго цяпер судзяць), – усё гэта былі толькі кветачкі. Таму расследаванне як бы закрытае, але яно зусім не скончанае.

Робэрт Качарʼян – гэта першы былы кіраўнік постсавецкай дзяржавы, які рэальна трапіў за краты. Да яго яшчэ пакуль нікога не было. З гэтай справай цікава звязаная заява Сашыка Саргсьяна, брата Сэржа Саргсьяна, былога кіраўніка Арменіі, які таксама рэспубліканец, як і Качар’ян. Заяву апублікавала адно з армянскіх выданняў у 2007 г. У ёй гаворыцца: «Мы столькі людзей у парламенце не для таго паклалі, каб сёння вось так проста аддаць уладу іншым». Хто гэтыя «мы», якія забілі людзей у парламенце?

Гэта тыя людзі, якія прыйшлі да ўлады. Агентура Крамля. Людзі, якія літаральна праз некалькі месяцаў, я маю на ўвазе прэзідэнцтва Робэрта Качар’яна, сталі аддаваць у канцэсію Расеі нейкія міфічныя даўгі, незразумела якія, мізэрныя. $ 100–200 млн было аддадзена Расеі і расейскім дзяржаўным карпарацыям. Уся эканоміка Арменіі, чыгунка, транспарт, газавыя магістралі, уся нафтаперапрацоўка, мабільная сувязь, найлепшыя эканамічныя вытворчасці, руднікі. Гэта значыць, Арменія цяпер у сябе ў краіне ёсць нейкай нахлебніцаю. Тут кіруе «Газпром», «Росснефть», «Билайн» ды іншыя расейскія карпарацыі на чале з банкам ВТБ. Менавіта гэтыя карпарацыі, а таксама расейская база, на штыках якой усё гэта трымаецца, яна размешчаная ў Гюмры. Туды два дні таму прыязджаў з візітам Шайгу. Яны і былі крыніцай улады 20 гадоў для тых дыктатараў, Робэрта Качар’яна і Сэржа Саргсьяна, якія цяпер кажуць, што «мы не для таго паклалі столькі людзей». Яны паклалі дзеля сваёй улады. Гэтую ўладу яны аддалі Расеі, Маскве, Крамлю, Лубянцы. Яны з гэтага мелі нейкія працэнты, як наглядчыкі ў лагеры.

Я толькі хачу падсумаваць, што рэвалюцыя, якая адбылася ў Арменіі паўтара года таму, памяняла ўладу, але не паменшыла ці амаль не паменшыла ўплыву Расеі на Арменію.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 01.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Глядзі таксама
Каментары