Даследнікі BEROC: «Самаізалявацца ад крызісу ў беларусаў не атрымаецца»


На хвалі эпідэміі беларусы марылі ўзяць выгадныя крэдыты. Ілюстратыўны здымак pixabay.com

Пандэмія COVID-19, прэзідэнцкія выбары ў аўтарытарнай краіне і глабальныя змены клімату… З пандэміі Беларусь выйдзе, выбары правядзе, збярэ ўраджай. Для чытачоў Belsat.eu працаўнікі цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC прагназавалі, якім будзе гэты год.

Каронавірус уплывае на прагнозы

Як адзначыў старэйшы навуковы працаўнік цэнтру Зміцер Крук, амаль усе прагнозы зараз «у пэўным сэнсе недарэчныя, бо павінны базавацца на шырокім полі здагадак аб тым, што будзе з пандэміяй». Надзейнасць любых прагнозаў, паводле яго, вельмі істотна знізілася ў новай сітуацыі.

Аб’ектыў
У Беларусі прагназуецца істотны эканамічны спад
2020.05.13 21:53

BEROC распрацаваў дзесяць сцэнароў таго, што можа адбывацца з беларускай эканомікай у 2020-2021 гадах.

«І на сённяшні момант імавернасць кожнага з гэтых сцэнароў падобная. Незразумела, у які бок павернецца сітуацыя ў сусветнай эканоміцы. І гэта залежыць не столькі ад самой эканомікі, колькі ад пандэміі. Адпаведна і дыяпазон лічбаў, якія характарызуюць гэтыя сцэнары, празмерна вялікі: ад самага прывабнага зніжэння ВУП дзесьці на 3,5 % па выніках гэтага года і аднаўлення ў наступным годзе, да дастаткова глыбокага падзення на больш за 10 % у гэтым годзе без аднаўлення ў наступным», – заявіў эканаміст.

І пакуль нейкая вызначанасць з пандэміяй не настане, казаць пра нешта больш дакладнае надзвычай цяжка, дадаў ён.

Залежнасць ад пандэміі

Гуманітарная дапамога з Польшчы падчас разгрузкі ў інфекцыйнай лякарні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Міжнародны валютны фонд, Сусветны Банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуюць падзенне ВУП Беларусі сёлета ў межах 4 – 6 %. Старэйшы навуковы працаўнік BEROC Леў Львоўскі ў цэлым давярае гэтаму прагнозу, але просіць улічваць, што гэта «мэйнстрымны сцэнар», даверны інтэрвал вакол лічбаў якога надзвычай шырокі.

«Мы даўно не сутыкаліся з крызісам, які выклікала пандэмія, а не фінансавы крызіс ці пухір на рынку. Таксама мы ўсё яшчэ кепска разумеем уласцівасці гэтай пандэміі. Адная справа будзе, калі раптам нейкім чароўным чынам усе вылекуюцца праз паўмесяца, а другая – калі праз паўгода. І трэцяя справа, калі па ўсёй Еўропе будуць новыя хвалі эпідэміі і давядзецца час ад часу то ўводзіць каранцін, то здымаць яго», – падкрэсліў эксперт.

У сваю чаргу навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль, сыходзячы з бягучага развіцця сітуацыі ды досведу Беларусі ў крызісе 2008-2009 гадоў, не чакае моцнага падзення беларускай эканомікі.

Hавiны
ЕБРР прадказвае моцнае падзенне ВУП Беларусі
2020.05.13 10:23
Помпавая станцыя ў Мазыры.
Фота: belchemoil.by

На ягоную думку, дзяржава паспрабуе нарасціць унутраны попыт, стымулюючы яго праз павышэнне заробкаў і дапамогу буйным прадпрыемствам «для таго, каб яны трымалі вытворчасць, а магчыма нават і нарошчвалі».

Станоўчым для Беларусі, паводле суразмоўцы, будзе і тое, што ў Расеі спыненая вытворчасць, не працуюць шмат якія прадпрыемствы, звязаныя з вытворчасцю прадуктаў харчавання. Маўляў, гэта загрузіць беларускую сельскую гаспадарку.

Таксама, паводле яго, за кошт пэўнага вырашэння пытання з нафтаперапрацоўкай «пачне дадаваць і нафтавы сектар». Дапаможа і тое, што ў Беларусі праз каронавірус не было цэнтралізаванага спынення эканомікі.

«Гэтыя чатыры фактары згуляюць ролю ў тым, што ў нас не будзе такога падзення, як прагназуюць. Безумоўна, у другой палове года могуць узнікнуць іншыя, новыя шокі. Але, сыходзячы з таго, што маем зараз, можа быць падзенне ў межах -1 %, а можа быць нават невялікі рост», – заявіў эксперт.

Леў Львоўскі не падзяляе аптымізму Алега Мазоля. Мяркуе:

«Што мы не сыходзім у каранцін, а толькі часткова ў самаізаляцыю, не значыць, што гэткім жа цудоўным чынам здолеем самаізалявацца ад эканамічнага крызісу. Беларусь – гэта малая адкрытая экспартаарыентаваная краіна. Нам важна тое, што адбываецца ў нашых партнёраў у іншых краінах. Там адбываецца зніжэнне попыту. Цяпер яно звязанае з каранцінам, але потым яго заменіць зніжэнне попыту, звязанае з эканамічным крызісам».

На ягоную думку, на Беларусі гэта адаб’ецца яшчэ больш, бо «галоўны пакупнік нашых харчоў і тавараў [Расея. – Рэд. Belsat.eu] стаў бяднейшым». Пры гэтым РФ знаходзіцца «пад двайным ударам»: яна на другім месцы ў свеце паводле захворвання на каронавірус з адпаведнымі абмежавальнымі захадамі, і пры гэтым адбываецца істотнае зніжэнне коштаў на нафту – ад якой залежыць расейская эканоміка.

«І нас гэта ўсё будзе закранаць яшчэ больш», – падкрэсліў Леў Львоўскі.

Што будзе з курсамі і цэнамі?

Дэвальвацыя-2020 будзе паступоваю і не моцнаю.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падзенне ВУП адаб’ецца на даходах беларусаў, мяркуе Леў Львоўскі: пакуль яны падаюць не моцна, але мы толькі ў пачатку эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй.

Алег Мазоль таксама чакае працягу паступовай дэвальвацыі беларускага рубля, курс якога прывязаны да расейскага, які ў сваю чаргу моцна залежыць ад кошту на нафту. Як будзе рухацца кошт на нафту, гэтак будзе дэвальвавацца расейскі рубель, а за ім і беларускі, – падкрэсліў ён.

Hавiны
Самы лепшы момант «скіпнуць» ад Расеі? Што хаваецца за прапановай Саудаўскай Аравіі
2020.03.13 19:34

На яго думку, у другой палове 2020 года курс расейскага рубля да долара будзе зніжацца, каб пакрыць недахоп даходаў бюджэту РФ. Адпаведна і беларускі рубель будзе рухацца ў гэтых межах у другой палове года.

«Ёсць вялікая верагоднасць таго, што беларускі рубель працягне дынаміку паступовай дэвальвацыі, але істотнага абвалу не будзе. Я думаю, што вышэй за Br 2,50 – 2,53 курс долара не вырасце», – заявіў ён.

Не чакаюць у Беларусі і моцнай інфляцыі.

«Наш цэнтральны банк паказаў сваю эфектыўнасць у барацьбе з інфляцыяй. І нават калі ў нас долар вырас на 25 % з пачатку года, мы бачым, што спажывецкая інфляцыя склала толькі 5,4 % [красавік 2020 года ў параўнанні з сакавіком 2019-га. – Рэд. Belsat.eu]. Гэта больш за мэтавы паказнік Нацбанку – 5 %, але не моцна больш».

Леў Львоўскі таксама дадаў, што стрымліваць інфляцыю будзе падзенне попыту ва ўмовах крызісу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў