Рост беспрацоўя і падзенне заробкаў – Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе нашай краіне істотную рэцэсію. Па кім «каронакрызіс» ударыць наймацней і што рабіць звычайнаму беларусу?
Замест сціплага росту – пяціадсоткавае падзенне валавога ўнутранага прадукту. Пандэмія COVID-19 прымусіла Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця перагледзець эканамічны прагноз для Беларусі. Што нясе нам рэцэсія?
«Зніжэнне афіцыйнай занятасці і замену больш аплатных вакансіяў на менш аплатныя», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.
Налета нас чакае эканамічны рост – прагназуе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Аднак гэты рост не скампенсуе ўсіх стратаў ад каронавіруса.
Нацыянальны банк аб’явіў, што праз тыдзень знізіць стаўку рэфінансавання да гістарычнага мінімуму – да 8 %. Ці таннейшыя крэдыты ажывяць гаспадарку?
«У звычайны крызіс банк мог бы паглядзець на рахункі кампаніі і зразумець, што гэтая кампанія знаходзіцца ва ўстойлівым становішчы, яна эфектыўная, яе прадукцыя карыстаецца попытам і ёй варта даць крэдыт. Цяпер нават самая паспяховая кампанія з добрым, канкурэнтаздольным прадуктам можа застацца без рынку збыту», – каментуе эксперт даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі.
Якія эканамічныя прадчуванні маюць звычайныя беларусы? Жыхары Гомля:
«Усё закрываецца, працоўных месцаў няма. Адкуль яно будзе лепш?»
«Да лепшага мы не ідзем. Толькі да горшага».
«Нашая эканоміка лягла і ляжыць – што, не бачна?! Турысты не працуюць, транспартнікі не працуюць, прадпрыемствам няма куды збываць тавар. Хто ў нас працуе?»
На думку эканамістаў, каронакрызіс у нашай краіне ўдарыць як па металургіі ды машынабудаванні, так і па дробным гандлі, рэстаранах, гатэлях і нават ІТ. Якую стратэгію разумней прыняць у такой сітуацыі?
«Трымаць грошы ў цвёрдай валюце, а не інвеставаць у нешта. Працяг крызісу непрадказальны. Вартасць можа згубіць усё што заўгодна», – раіць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.
Паводле ЕБРР, уразлівай эканоміку Беларусі робіць празмерная залежнасць ад расейскага рынку. Эканоміка краіны, у якую ідзе 41 % нашага экспарту, у выніку патаннення нафты ўпадзе на 4,5 %.
Аляксандр Папко belsat.eu