Самы лепшы момант «скіпнуць» ад Расеі? Што хаваецца за прапановай Саудаўскай Аравіі

Нафтавая вайна паміж Саудаўскай Аравіяй і Расеяй, якая пачалася роўна тыдзень таму, ужо істотна абваліла сусветныя кошты на чорнае золата. Але супрацьстаянне паміж краінамі не спыняецца. Ці можа гэтым канфліктам скарыстацца Беларусь? Або яна проста зробіцца ахвяраю нафтавага супрацьстаяння? Разбіраемся разам з экспертамі.

Нафтавая вайна набірае абароты

Праз успышку каронавіруса на сусветным рынку ўтварыўся лішак нафты. Саудаўская Аравія прапанавала скараціць яе здабычу, каб захаваць узровень коштаў. Але 6 сакавіка расейская дэлегацыя пакінула адпаведныя перамовы. Расея таксама выйшла з папярэдняга пагаднення, якое дазваляе кіраваць сусветнымі коштамі на нафту з 2016 года. Такім чынам з 1 красавіка ўсе абмежаванні вытворчасці нафты адмяняюцца.

Дынаміка цэнаў на нафту ў 2019-2020 гадах

«Для Расеі здзелка з OPEC+ была пазбаўленая сэнсу», – заявіў прэс-сакратар кампаніі «Роснефть» Міхаіл Лявонцьеў. На яго думку, саступаючы ўласныя рынкі, Масква толькі «расчышчала месца» для амерыканскай сланцавай нафты, здабыча якой выгадная пры высокіх цэнах.

«Чорны панядзелак» на нафтавым рынку. Што адбылося і што будзе далей – распавядаюць эксперты

Пасля выхаду Расеі з пагаднення, Саудаўская Аравія заявіла, што плануе павялічыць здабычу нафты да канца года да 12 млн барэляў у содні і паабяцала кліентам зніжкі ў 20 %. На гэтую заяву адрэагаваў рынак: барэль нафты маркі «Brent» абваліўся да $ 31. У канцы лютага кошт «Brent» складаў каля $ 50 за барэль. Падзенне стала рэкордным за амаль 30 гадоў.

Больш за тое, саудаўская дзяржаўная нафтаздабываючая кампанія «Saudi Aramco» заявіла пра планы пастаўляць на еўрапейскі рынак каля 4,2 млн барэляў нафты штодня (па $ 25 за барэль) – «бярыце танна і шмат». Сярод краінаў, да якіх звярнуліся саўдыты, апынулася і Беларусь.

Але Расея здавацца не збіраецца. Гэтак, «Роснефть» плануе павялічыць здабычу нафты з 1 красавіка. Чакаецца, што яна пачне нарошчваць здабычу нафты на 300 000 барэляў у дзень цягам тыдня-двух.

Саудаўская Аравія і Расея ляцяць насустрач адна адной

Прычыны таго, што Саудаўская Аравія вырашыла пачаць нафтавую вайну з Расеяй, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін бачыць у асобе фактычнага кіраўніка краіны, спадчыннага прынца Мухамэда бін Сальмана, які вядомы сваім аўтарытарызмам.

«Гэта быў шок для ўсіх. Хто чакаў ад шараговай сустрэчы ў Вене, дзе збіралася OPEC+, што будзе такое? Але бін Сальман сеў у свой аўтамабіль з моцным рухавіком, націснуў на педаль газу і панёсся наперад. А наперадзе ў яго практычна такі ж чалавек – Уладзімір Пуцін, які ў сваю чаргу сеў у свой аўтамабіль, націснуў на педаль і паімчаўся», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

«Bloomberg»: Расея плануе павялічыць здабычу нафты

Паводле суразмоўцы, пакуль прыкметаў таго, што нехта плануе спыніцца, няма. Эксперт мяркуе, што Эр-Рыяд хоча выціснуць Маскву з міжнародных рынкаў, але пытанне ў тым, «у каго больш моцныя нервы». Таксама невядома, як доўга працягнецца бягучы крызіс, які складаецца з каронавіруса і звязаных з ім падзеяў: запавольвання вытворчасці і забаронаў на падарожжы, што перадусім б’е па ўглевадародных рынках.

Яўген Красулін мяркуе, што супрацьстаянне з Саудаўскай Аравіяй прывядзе да скарачэння выдаткаў на сацыяльныя праграмы ў Расеі – на адукацыю, ахову здароўя і іншае. Пры гэтым суразмоўца не чакае рэзкага росту попыту на нафту нават пасля сканчэння пандэміі каронавіруса. Прычыну гэтага ён бачыць у актыўнасці трэйдараў, у якіх зараз «залатая эпоха» праз танную нафту.

Мухамэда бін Сальмана звязваюць з забойствам журналіста і задушэннем апазіцыі. Фота: SAUDI ROYAL COURT / Reuters / Forum

«Зараз танкеры ліхаманкава напаўняюцца нафтай. І я маўчу ўжо пра сухапутныя сховішчы. Трэйдары папоўняць свае запасы. І калі будзе скачок попыту на нафту, яны прапануюць па спекулятыўных цэнах тое, што ўжо было напампавана. А для вытворцаў будзе працягвацца праблема, куды збыць сваю нафту і па якіх цэнах. І зноў ва ўмовах канкурэнцыі са сховішчамі яны будуць вымушаныя зніжаць цану, каб захаваць рынак. Такім чынам, вайна, на мой погляд, можа зацягнуцца, што прывядзе да цяжкіх наступстваў для Расеі», – сказаў спецыяліст.

Але, на яго думку, накіраванасць палітыкі Расеі перадусім на вырашэнне вонкавых праблемаў – «што там ва ўкраінцаў, ці што там на Блізкім Усходзе» – можа дапамагчы ёй перажыць скарачэнне сацыяльных праграмаў і падзенне ўзроўню жыцця.

«І калі ў кіраўніцтва Расеі рэсурс будзе дастатковы, у тым ліку нервовы, каб вытрымаць нейкія сацыяльныя незадаволенасці, тады яна можа выйсці тэарэтычна пераможцам. А вось з якімі пазіцыямі, казаць вельмі цяжка. У любым выпадку можна казаць, што даволі моцна пацерпяць саюзнікі Расеі. Напрыклад, Іран. І тут ёй будзе вельмі цяжка канкураваць з Турцыяй на Блізкім Усходзе. І зусім кепска будзе ў Венесуэле», – адзначыў Яўген Красулін.

Уплыў на эканоміку Беларусі расцягнецца ў часе

Што датычыць уплыву нафтавага супрацьстаяння на сусветную эканоміку, то, як лічыць старшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб, ён залежыць ад таго, краіна – імпарцёр нафты ці экспарцёр. Бо «зніжэнне коштаў на нафту кепскае для прадаўцоў, але добрае для пакупнікоў». У выпадку ж Беларусі, паводле яго, шмат сваіх тонкасцяў.

Курс долара ЗША і еўра, 9 сакавіка 2020 года, Масква. Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum

З прычыны таго, што Беларусь моцна завязаная эканамічна на Расею, любыя моцныя ваганні ў суседзяў адбіваюцца і на нашай краіне.

«Расейскі рынак – гэта палова нашага экспарту, а калі не лічыць экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў – гэта амаль 90 %. Таму, калі кепска ў Расеі, у расейскіх прадпрыемстваў менш грошай і яны зніжаюць попыт на беларускую прадукцыю. Калі расейскі рубель падае да беларускага, як гэта было на гэтым тыдні, для расейцаў беларускія тавары робяцца даражэйшымі. Гэта таксама змяншае попыт з Расеі на беларускую прадукцыю, і такім чынам гэта негатыўна адбіваецца на Беларусі», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Расейскі рубель пацягнуў за сабой беларускі

Але, паводле аналітыка, гэты ўплыў не імгненны, а расцягнуты ў часе. У прыватнасці, спатрэбіцца час, каб танная нафта ўдарыла па расейскай эканоміцы, і яшчэ больш часу, каб такі ўдар прывёў да зніжэння попыту і адчуўся на беларускай эканоміцы. Апроч таго, кошты на нафту ўплываюць на Беларусь непасрэдна.

«Традыцыйна мы куплялі дастаткова танную нафту ў Расеі, а прадавалі прадукты на еўрапейскія рынкі. У тыя цудоўныя часы для Беларусі былі выгодныя высокія цэны на нафту. Прынамсі НПЗ, валютны рынак і бюджэт выйгравалі ад іх», – заявіў Вадзім Іосуб.

Ён нагадаў, што ў Беларусі зараз ідзе свая нафтавая вайна з Расеяй, у выніку чаго беларускія НПЗ працуюць на палову сваіх звычайных магутнасцяў і фактычна вырабляюць паліва выключна для ўнутранага рынку. У выніку экспарт беларускіх нафтапрадуктаў значна знізіўся.

«Мы на гэтым рынку практычна не зарабляем з прычыны адсутнасці аб’ёмаў незалежна ад цаны. Тут атрымліваецца такі паварот, што калі мы практычна не экспартуем, а працуем на ўнутраны рынак, атрымліваюцца цікавей нізкія цэны, бо тэарэтычна можна атрымаць больш нізкія кошты ўнутры краіны. Калі будзе перспектыва нарошчвання паставак нафты і экспарту нафтапрадуктаў, пры больш нізкай цане на нафту Беларусь заробіць на гэтым менш», – заявіў аналітык.

Беларусь можа не спяшацца

На думку Яўгена Красуліна, зараз Беларусь мае «самы лепшы момант, каб скіпнуць ад Расеі». Эканамічны аглядальнік парталу «Белрынок» Таццяна Манёнак таксама прызнае, што цана саудаўскай нафты для Беларусі можа быць ніжэй, чым расейскай. Але яна нагадала, што расейскія кампаніі таксама рыхтуюць адказ і збіраюцца не зніжаць, а толькі падвышаць здабычу.

«Бярыце танна і шмат»: Саудаўская Аравія прапанавала Беларусі сваю нафту

На думку Манёнак, у сітуацыі, калі канкурэнцыя на рынку абвастраецца, попыт істотна змяншаецца, а прапанова павялічваецца, кампаніі з РФ будуць імкнуцца займець гарантаваныя аб’ёмы збыту сваёй нафты. І Беларусь, якая гатовая перапрацоўваць 18-24 млн тонаў нафты за год, можа стаць для іх больш прывабнай, чым яшчэ некалькі дзён назад.

Таццяна Манёнак нагадала, што прэм’ер Беларусі Сяргей Румас ужо перадаў расейскім кампаніям прапановы, больш спрыяльныя для Беларусі. Але пакуль невядомы іх адказ. На думку эксперткі, расейскія кампаніі могуць знайсці нейкія кампрамісныя падыходы, каб не даць магчымасць канкурэнту прыйсці на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з вялікімі аб’ёмамі.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц у сваю чаргу адзначыў, што адносна паставак нафты ў Беларусь з Саудаўскай Аравіі ёсць шэраг важных пытанняў. Па-першае, форма аплаты: наперад ці адразу. Другое пытанне – гэта перапрацоўка, бо «тэхналагічна два НПЗ заточаныя пад расейскую нафту».

У Саудаўскай Аравіі знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце тэрмінал для танкераў. Фота Hans-Juergen Burkard / Laif / Forum

А вось «самае важнае, самае прынцыповае» пытанне – гэта лагістыка. Георгій Грыц падкрэсліў, што самы танны транспарт для пастаўкі нафты – гэта трубаправодны транспарт, тады як пастаўкі танкерамі ці цыстэрнамі даражэйшыя. І хоць у выпадку Саудаўскай Аравіі пастаўкі танкерамі ў Беларусь рэальныя, «але самая танная нафта ў Расейскай Федэрацыі, незалежна ад таго, па якім кошце купляеш», падкрэсліў эксперт.

Таццяна Манёнак нагадала, што Беларусь ужо здолела перапрацаваць нарвежскую нафту і ўвогуле, паводле заяваў чыноўнікаў, беларускія НПЗ могуць працаваць на розных сартах нафты. Але, прызнае яна, стандартныя ўмовы больш прывабныя. Тым не менш, невялікія аб’ёмы альтэрнатыўнай нафты можна змешваць з традыцыйнымі сартамі.

На думку эксперткі, калі б была адпрацаваная лагістыка паставак саудаўскай нафты па трубаправодах (ці то праз Украіну, ці то праз Польшчу), можна было б параўноўваць і меркаваць, ці будзе гэта больш канкурэнтаздольным варыянтам пастаўкі. Але нават тады расейская прапанова можа апынуцца больш прывабнай.

«Сітуацыя на сусветных рынках змянілася вельмі прынцыпова, што спрыяе Беларусі выбіраць пастаўшчыкоў нафты. Але трэба яшчэ адпрацаваць лагістыку, каб гэта былі сістэмныя пастаўкі», – сказала Манёнак.

У любым разе, паводле эксперткі, заявы Румаса пра тое, што Беларусь будзе пастаўляць толькі па некалькі танкераў на кожны НПЗ, сведчаць пра «спадзяванні, што з расейскімі кампаніямі ўдасца дамовіцца». Увогуле, дадала Таццяна Манёнак, сітуацыя дазваляе беларускаму баку не спяшацца з выбарам.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны