Чаму некаторыя лекі «знікаюць» з беларускіх аптэкаў?


Жыхары Беларусі скардзяцца: у аптэках стала складана, а часам проста немагчыма набыць пэўныя лекі. Напрыклад, гелі для загойвання ран нібыта цалкам зніклі з продажу ў адным з раёнаў Менску. А папулярныя парашкі ад прастуды (кшталту «Колдрэксу» і «Тэрафлю») замянілі на мясцовыя аналагі. Belsat.eu высветляў, з чым звязаная адсутнасць некаторых прэпаратаў у аптэках.

«Салкасерыл» – у адной аптэцы на ўвесь раён

Два самыя вядомыя сродкі для лекавання траўмаў скуры, «Салкасерыл» і «Актавегін», стала няпроста здабыць. Яны выкарыстоўваюцца пры розных відах апёкаў, абмаражэннях, запаленні слізістых абалонак, ранах і трафічных язвах. Арыгінальныя прэпараты выпускаюць Швейцарыя і Аўстрыя адпаведна.

ЧТО ПРОИСХОДИТ С ЛЕКАРСТВАМИ В МИНСКЕ?Только сегодня понял, почему все мои друзья просят привезти лекарства из Москвы….

Opublikowany przez Yurego Voskresenskego Niedziela, 24 listopada 2019

Пра складанасці з набыццём гелю «Салкасерыл» у апошнія месяцы людзі масава паведамляюць на сайце tabletka.by – беларускім сэрвісе па пошуку лекаў. Прычым яшчэ ў чэрвені сайт пісаў, што «Салкасерыл» ва ўсіх формах выпуску (гель, мазь, паста, ампулыі) мусіць неўзабаве з’явіцца ў аптэках. Пазней аператар tabletka.by у адказ на пытанні грамадзян казаў, што чакаецца пацвярджэнне паставак ад вытворцы, швейцарскага заводу «MEDA Pharmaceuticals». Чым скончылася чаканне – невядома, але сёння недахоп прэпарату ў шэрагу аптэк відавочны.

У сетцы аптэкаў «Добрыя лекі» нам сказалі, што «Салкасерыл» ёсць толькі ў філіі на станцыі метро Кунцаўшчына. У інфалініі гэта патлумачылі адсутнасцю паставак прэпарату ў іхную сетку, прычына не называецца. Гэтак жа выглядае сітуацыя з «Актавегінам».

Hавiны
Дзяржфармнагляду быць: у Беларусі створаць новую структуру для кантролю лекаў
2019.08.12 16:16

Яшчэ ў адной камерцыйнай сетцы, «ADEL», «Салкасерыл» таксама прадаецца не ў кожнай аптэцы. Што датычыць Першамайскага раёну, купіць гель можна толькі ў гандлёвым цэнтры «Спектр» ва Уруччы. Мазі «Актавегін» няма: у «ADEL» кажуць, што «наагул няма яе паставак у рэспубліку».

«Імаверна, на мазь скончылася ліцэнзія і яе не аднавілі, засталася ліцэнзія толькі на ўколы, але яны адпускаюцца па рэцепце лекара», – сказалі ў інфалініі.

У «Клапатлівай аптэцы» пацвярджаюць: «Актавегіну» у форме мазі (безрэцэптурнай) насамрэч няма, бо ў лекавга сродку скончылася рэгістрацыя Мінаховы здароўя. Калі яна будзе адноўленая і ці будзе наагул – невядома. На сёння ў іх застаўся «Актавегін» з папярэдніх партыяў у выглядзе раствору для ін’екцый, які можна набыць толькі па рэцэпце лекара.

Лепш выглядае сітуацыя ў дзяржаўнай сетцы «Белфармацыя», дзе «Салкасерыл» у выглядзе гелю прадаецца адразу ў 3 аптэках у Першамайскім раёне. Напрыклад, у аптэцы №32 на праспекце Незалежнасці, ён каштуе трохі болей за 8 рублёў.

Аб’ектыў
Аксацылін, лідакаін, супрацьзачаткавыя – цяпер толькі з рэцэптам
2019.06.24 21:48

«Зніклыя» лекі?

Акрамя таго, людзі, якія нядаўна перанеслі аперацыі, не могуць набыць у Беларусі нямецкія пасляаперацыйныя павязкі «Браналінд». У «Белфармацыі» нам сказалі, што нават не чулі пра такія, а на сайце 103.by пазначана: гэтых павязак няма ў продажы. А замест нямецкіх шэраг аптэкаў цяпер прапануе беларускія.

Таксама праз скончаную рэгістрацыю ў беларускія аптэкі не паступае вядомы прэпарат «Фестал», які звычайна прызначаюць пры захворваннях падстраўнікавай залозы і печані. У якасці аналагу фармацэўты прапануюць «Мезім», які «нічым не горшы».

Hавiны
Набыць лекі ў Беларусі стане прасцей. Але не антыбіётыкі
2019.05.23 09:41

Яшчэ летась зніклі з вітрын аптэк і такія папулярныя парашкі ад прастуды як «Колдрэкс», «Фервэкс» і «Тэрафлю». Замест іх пацыентам даводзіцца набываць аналагі, дзе доза парацэтамолу, які паніжае тэмпературу, ніжэй. Напрыклад «Ангрымакс неа» заводу «Менскінтэркапс» утрымлівае 325 мг гэтага рэчыва, а зняты з продажу «Колдрэкс» – 750 мг у адным пакеціку.

Тады Міністэрства аховы здароўя адзначала, што «незамяняльных» супрацьпрастудных лекаў няма. Знікненне ж папулярных парашкоў ведамства тлумачыла завяршэннем рэгістрацыі і «унясеннем зменаў у нарматыўна-тэхнічную дакументацыю» (у выпадку «Тэрафлю»), інфармацыю пра якія мае толькі сам замежны вытворца – GlaxoSmithKline.

Аб’ектыў
У аптэках больш не будзе «Колдрэксу», «Фервексу» і «Тэрафлю»
2018.11.01 20:53

«Перарэгістрацыя можа цягнуцца да паўгода»

Летам 2018 году беларусы, якія пакутуюць на эндакрыналічныя захворванні, не маглі знайсці ў аптэках нямецкі «Тыразол», але ўжо ў жніўні рэгістрацыя была падоўжаная і пастаўкі ў краіну аднавіліся.

Лекар-эндакрынолаг, кандыдат медычных навук Алена Шпакоўская кажа, што часцей за ўсё адзіная прычына часова «знікнення» тых ці іншых лекаў – перарэгістрацыя.

«Гэтая працэдура перарэгістрацыі ў Мінаховы здароўя можа цягнуцца да паўгода. Даведваемся мы пра адсутнасць канкрэтных лекаў звычайна ад пацыентаў, якія кажуць, што не могуць знайсці іх у аптэках. Тады на гэты перыяд мы думаем, што прызначыць», – тлумачыць яна.

Медык у сваёй практыцы не ставіцца адмоўна да прызначэння джэнэрыкаў (тых самых аналагаў вядомых прэпаратаў).

«Складана сказаць, горш яны ці лепш, бо па сваім біялагічным складзе гэта ідэнтычныя рэчывы. Да таго ж, рэакцыя кожнага пацыента індывідуальная, як і алергія, напрыклад. Калі б у большасці людзей была неадэкватная рэакцыя арганізму на беларускі аналаг, іх бы не прадавалі», – гаворыць Алена Шпакоўская.

Паводле лекаркі, цяпер прэпараты як мінімум па ейнай спецыялізацыі, свабодна прадаюцца ў беларускіх аптэках і пра перабоі з імі яна даволі даўно не чула.

КА belsat.eu

Стужка навінаў