Аб'ектыў 01.11.2018 У аптэках больш не будзе «Колдрэксу», «Фервексу» і «Тэрафлю»


Імпартныя лекі супраць прастуды, да якіх мы прызвычаіліся і якія сапраўды дапамагаюць, зніклі з аптэк. Беларусам прапануюць набываць замяняльнікі айчыннай вытворчасці. Яны таннейшыя, але ці эфектыўныя?

Поруч з восеньскаю вільгаццю ідзе прастуда… А яе носьбіты накіроўваюцца ў аптэкі па знаёмыя лекі. Працаўніца аптэкі Галіна Дюсекава расказвае:

«Фервексу няма ў горадзе. Колдрэксу даўно не атрымлівалі. Мы заходзім на старонку www.tabletka.by і глядзім – Фервексу няма».

Гэтых лекаў няма на складах і адпаведна на ўзгаданай даведкавай старонцы. У шкляной шафе на пацыентаў чакаюць пара іншых імпартных лекаў і густы шэраг айчынных… Жыхары Менску дзеляцца меркаваннем:

«І беларускія лекі дапамагаюць часам, але не заўжды. Канешне дрэнна. Мусіць быць выбар».

«Залежыць, якія лекі. Ёсць неблагія замяняльнікі, а ёсць агідныя».

«Я вучуся ў медычным, дзе нам кажуць, што лепш імпартныя набываць, чым замяняльнікі».

Пра гэта непублічна кажуць студэнтам, але не пішуць у дзяржаўных медыях. Якія лекі больш эфектыўныя і маюць менш пабочных эфектаў – спажыўцы тэстуюць самастойна.

«Даследаванняў не было, якія б далі кампетэнтны і абгрунтаваны адказ, якія параўноўвалі б беларускія аналагі і вось гэтыя сусветна вядомыя брэндавыя прэпараты», – каментуе Андрэй Вітушка, кандыдат медычных навук.

Інфармацыі няма, але ёсць дзяржаўны загад, які не пакідае насельніцтву выбару – замяшчаць імпарт на айчыннае. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе:

«Мы яшчэ па імпарце столькі завозім, што ў вачах часам робіцца цёмна».

Пасвятлець у вачах можа за кошт адразу дзвюх замежных фармацэўтычных кампаніяў – «Новартыс» і «Дэльта Мэдыкал», у якіх скончылася рэгістрацыя на беларускім рынку. Сітуацыю скаментавала прэс-сакратарка міністэрства здароўя Юлія Барадун.

«Мы выдаем рэгістрацыю ўсім ахвочым. У нас заяўны тып рэгістрацыі. Калі яны самі хочуць рэгістравацца, то зарэгіструюцца».

Аднаго жадання не заўсёды стае – яшчэ і ўмовы патрэбныя. Кошты айчынных супрацьпрастудных сродкаў дзяржава замацавала ў разы ніжэйшыя. Склад застаецца практычна такім жа – гэта парацэтамол, вітамін С і рэчывы для стрымання насмарку.

«На самой справе няма нейкіх пераканаўчых доказаў, што гэтая камбінацыя з’яўляецца нечым вельмі-вельмі карысным пры рэспіраторных вірусных інфекцыях», – дадае кандыдат медычных навук Андрэй Вітушка.

Нямала ў грамадстве людзей, якія трымаюцца воддаль ад аптэк. Але калі моцна прыцісне, то і айчынны «Грыпамікс» прымеш.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары