Дзяржфармнагляду быць: у Беларусі створаць новую структуру для кантролю лекаў


Аляксандр Лукашэнка 12 жніўня абмеркаваў з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам закупкі медычнага абсталявання і цэнаўтварэнне. Пра гэта паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

У прыватнасці Лукашэнка назваў справядлівае цэнаўтварэнне на лекі і працу без пасярэднікаў пры закупцы абсталявання аднымі з найважнейшых. Паводле яго, пасярэднікі «да 30%, а часам і больш», павялічваюць кошты на абсталяванне, лекі і субстанцыі да іх.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Каранік. Фота: president.gov.by

Імпартазамяшчэння стане больш

Таксама кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне вытворчасці лекаў у Беларусі і імпартазамяшчэння. Паводле яго, краіна траціць на пакупку лекаў за мяжой «недапушчальна шмат» – да $ 500 млн.

Лукашэнка адзначыў, што ўжо выкананае яго даручэнне наладзіць у краіне вытворчасць паловы аб’ёму лекаў, якія закупаюцца. Цяпер жа трэба звярнуць увагу на субстанцыі гэтых лекаў, каб «глыбей займацца распрацоўкай, вытворчасцю лекавых сродкаў».

Набыць лекі ў Беларусі стане прасцей. Але не антыбіётыкі

Па выніках сустрэчы міністр распавёў пра планы стварыць структуру для кантролю якасцю прадаваных лекаў – Дзяржфармнагляду. Каранік адзначыў, што ўсе прэпараты – як беларускія, гэтак і замежныя – будуць выбарачна адбіраць для кантролю іх складу і якасці, піша БелТА.

Паводле яго, ведамства створаць у межах ужо з дзейных структураў за кошт пераразмеркавання паўнамоцтваў, што не запатрабуе павелічэння штату работнікаў. Таксама Дзяржфармнагляд мусіць «прыбраць небяспеку карупцыйных праяў».

Рэгістрацыю замежных лекаў спросцяць

Больш жорсткімі стануць патрабаванні і да складоў, у якіх пастаўшчыкі захоўваюць лекі.

Што датычыць лекаў, якія не выпускаюць у Беларусі, то плануецца спрасціць іх рэгістрацыю. Для гэтага яны мусяць быць зарэгістраваныя і прадавацца ў Еўрапейскім Звязе і ЗША. Як заявіў Каранік, рэгістрацыя такіх лекаў у Беларусі будзе займаць да 35 дзён і каштаваць да 120 базавых велічынь.

Урад вызначыў, хто можа атрымліваць бясплатныя лекі

Акрамя таго, ведамства прааналізуе тэрміны рэгістрацыі лекаў, каб загадзя паведаміць пастаўшчыкам пра неабходнасць іх падаўжэння.

Таксама міністэрства працягне аналізаваць цэны на лекі, каб зменшыць іх кошт. Ужо прааналізаваныя больш за 100 пазіцыяў прэпаратаў, якія найбольш часта сустракаюцца, і рыхтуюцца дапаўненні ў нарматыўную базу рэгістрацыі гранічных цэнаў на лекі. Гэтая інфармацыя паступае ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю для вывучэння сітуацыі ў суседніх краінах.

«Будзе зарэгістраваная гранічная цана, якая зʼяўляецца эканамічна абгрунтаванай, рынкавай, але не завышанай», – адзначыў міністр.

Паводле яго, аптэчная сетка «Белфармацыя» стала актыўна заключаць наўпроставыя кантракты з вытворцамі лекаў. За апошнія некалькі месяцаў іх колькасць павялічылася на 55 %.

Міліцыя выкрыла карупцыйную схему, праз якую выраслі цэны на лекі

Усе праекты нарматыўных актаў ужо падрыхтаваныя і праходзяць узгадненне з іншымі структурамі. Іх плануецца прыняць да кастрычніка.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары