Пракаментаваць новую версію следчых у справе смерці Яўгена Патаповіча «Белсат» папрасіў былога следчага пракуратуры і падпалкоўніка міліцыі ў запасе.
Былы следчы пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску Алег Волчак звяртае ўвагу на блытаніну ў афіцыйнай версіі следства.
«Спачатку яны кажуць, што ён пры выкананні службовых абавязкаў выехаў на ДТЗ, потым усё мяняецца: на нейкай спадарожнай машыне ён едзе рабіць суіцыд. Адзеў кайданкі, зняў штаны – і сышоў з жыцця. Калі меркаваць па каментарах у сацыяльных сетках, у афіцыйную версію не вераць нават 1 %», – кажа Волчак.
Паводле адмыслоўцы, самагубства міліцыянта выглядае вельмі складана:
«З маёй следчай практыкі ў пракуратуры магу сказаць, што суіцыды – простыя: застрэліўся, скінуўся з гаўбца і гэтак далей. Мне даводзілася расследаваць такія справы. Звычайна самазабойцы доўга рыхтуюцца, яны хвалююцца і таму не могуць рабіць складаных камбінацыяў».
Эксперт заўважае, што суіцыды ў Беларусі часта становяцца дэманстратыўнымі, калі людзі сыходзяць з пэўным рытуалам – і прыгадвае справу Коржыча.
Паводле былога следчага, адным з найважнейшых доказаў аб самагубстве былі б парахавыя газы на руках і вопратцы загінулага. Але пра гэта нічога не гавораць, дадае ён.
«Мяркую, яны зразумелі, што справа будзе нераскрытаю, – кажа Волчак. – Упэўнены, у нас ёсць добрыя судовыя эксперты, спецыялісты і навуковыя супрацоўнікі, якія ведаюць, як збіраць рэчавыя доказы, але за тры дні яны нічога не знайшлі. Месца здарэння добра пачышчанае, то бок працавалі прафесіяналы».
Чарговаю праблемаю Волчак называе пытанне кампенсацыі сваякам загінулага.
«Пахаванне адбылося гэтак, быццам ён быў пры выкананні службовых абавязкаў. І адматаць гэта цяжка. Сваякі могуць зараз падаць пазоў, і, лічу, яны павінныя абараніць імя свайго сына. Ім трэба наняць смелых адвакатаў, якія будуць адпрацоўваць версію забойства пры выкананні службовых паўнамоцтваў. Калі яны дакажуць гэта нават пры ўмове, што забойства не раскрыюць, сваякі не толькі абароняць імя сына, але і атрымаюць сурʼёзную кампенсацыю», – працягвае наш суразмоўца.
Апошняе пытанне, якое чакае адказу, – аблавы на цыганоў па ўсёй краіне.
«Хто прынясе прабачэнні цыганам за незаконнае затрыманне? Хто з дзяржслужбоўцаў панясе адказнасць за гэтую справу?» – пытаецца Волчак.
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы і старшыня АГП Мікалай Казлоў лічыць, што людзі не вераць у афіцыйную версію следства, бо міліцыя не заваявала давер у грамадства.
«Нешта канкрэтнае з нагоды гібелі маладога лейтэнанта я сказаць не магу, але ведаю, што сумневы ў людзей з нагоды кідання следчых з адной версіі да другой – гэта дзякуючы рэпутацыі міліцыі, якую яна зарабіла за апошнія гады. Гэта ўсё выклікае недавер, падазрэнні, канспіралагічныя версіі. Што б ні казаў афіцыйна Следчы камітэт, МУС ці Шуневіч, усё падвяргаецца сумневу. Таму што яны столькі разоў падманвалі, што паверыць з паўслова мы ўжо не можам», – кажа Мікалай Казлоў.
Цела 22-гадовага лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыя ўвяла план «Сірэна», але падазраваных не знайшла.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу 362 Крымінальнага кодэксу («Забойства працаўніка органаў унутраных справаў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў у ахове грамадскага парадку»).
20 траўня на сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі СК і МУС паведамілі журналістам, што галоўная версія следства – суіцыд.
Размаўляў Дзяніс Дзюба