Версія Следчага камітэту: зашпіліў кайданкі, спаліў штаны і стрэліў сабе ў галаву


Спачатку – шакавальныя фота загінулага, застрэленага, з рукамі ў кайданках, без сподняў, з кроўю ў вобласці пахвіны. Затым – масавыя затрыманні і правяранні ромаў па ўсёй краіне, часцяком з катаваннямі. А зараз – суіцыд. Такую нечаканую заяву агучыў сёння Следчы камітэт у справе гібелі 22-гадовага аўтаінспектара Яўгена Патаповіча.

Цяпер ужо ў афіцыйнай версіі зніклі і раненні ў вобласці пахвіны, і іншыя прыкметы гвалтоўнай смерці, а сподні загінулы перад смерцю спаліў сам. Як паведамленне пра забойства міліцыянта, гэтак і агучаная цяпер версія пра суіцыд выклікалі шквал рэакцыяў. Большасць не мае аніякага даверу да афіцыйнага паведамлення.

Рэдактарка сайту BELSAT.EU Вольга Ярохіна на ўласным профілі ў Фэйсбуку рэагуе на гэткія рэакцыі:

«Каментары толькі ў маёй стужцы ў ФБ паказваюць, наколькі сілавым структурам не давяраюць. І недавер у галовах пасялілі не журналісты ці блогеры. Гэта не паляванне на вядзьмарак, як некаторыя думаюць. Гэта звычайныя пытанні. На якія хочацца атрымаць адказы. Не бывае такога, што сказалі – і ўсе паверылі».

Сустаршыня БХД Павал Севярынец заўважае, што не ўпершыню смерць пры не высветленых абставінах у Беларусі спісваецца на суіцыд:

«Коржыч – «суіцыд», магілёўскі ДАІшнік – «суіцыд»… Можа, выбух у метро і Ганчара з Захаранкам таксама на «суіцыд» спішаце?»

Тут трэба згадаць яшчэ адну смерць – смерць Алега Бябеніна, галоўнага рэдактара парталу «Хартыя’97», якога ў 2010 годзе знайшлі ў пятлі ў яго вясковым доме. Паводле следства – таксама суіцыд.

І яшчэ адно пытанне – ад блогера NEXTA, які першы паведаміў пра здарэнне, а зараз пракаментаваў афіцыйную версію следства ў сваім Тэлеграм-канале:

«Перад сотнямі затрыманых і збітых ні за што цыган папрасіў прабачэння хоць хто-небудзь? Зрэшты, адказ вы і самі ведаеце».

Давайце выйдзем на вуліцы Магілёва і спытаем мінакоў, ці чулі яны пра смерць аўтаінспектара і што думаюць пра версію аб суіцыдзе.

Стаўленне да справы выказаў Алег Волчак, Прававая дапамога насельніцтву.

belsat.eu

Калаж з фота: афіцыйная старонка Следчага камітэту РБ